5 траўня 2024, Нядзеля, 13:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Археолагі знайшлі ў Егіпце ўнікальныя наскальныя малюнкі

Швэдскія археолагі выявілі наскальныя малюнкі ў закінутай егіпецкай каменяломні ўзростам блізу двух з паловай тысяч гадоў.

Аб гэтым паведамляецца на сайце Discovery, піша «Карэспандэнт».

Раскопкі вядуцца ў мясцовасці пад назвай Гебель эс-Сільсіла, ля горада Асуан, што на поўдзень ад Каіра.

Малюнкі захаваліся даволі дрэнна, аднак адзін з малюнкаў паказвае невядомага фараона, якога даследчыкі пакуль не могуць ідэнтыфікаваць. Пра гэта кажа надпіс «Уладальнік двух земляў».

Іншы малюнак выяўляе старажытнаегіпецкага бога мудрасці Тота і галоўнага бога - Амон-Ра. У Амон-Ра можна назіраць характэрнае падвойнае пяро, а ў Тота - месяцовы дыск, што пацвярджае культ месяца ў егіпцянаў.

«Вельмі рэдкі выпадак, калі два гэтых бажаства намаляваныя разам», - кажа кіраўніца экспедыцыі доктарка навук у галіне класічнай археалогіі Марыя Нільсан.

Гэта адзіны швэдскі археалагічны праект у Егіпце, з 2012 года група выявіла амаль шэсцьдзесят наскальных малюнкаў.

Нагадаем, надоечы археолагі ў Егіпце выявілі пахаванне раней невядомай царыцы. Магілу знайшлі ля паселішча Абусір, размешчанага на паўднёвы захад ад сталіцы Каіра. Дапускаюць, што ў ёй пахаваная жонка або маці фараона Неферэфрэ, які ўладарыў амаль 4,5 тысячы гадоў таму назад.

Фота: Gebel el Silsila Survey Project

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках