26 красавiка 2024, Пятніца, 19:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускага шпіёна ў Польшчы асудзілі на шэсць гадоў турмы

Беларускага шпіёна ў Польшчы асудзілі на шэсць гадоў турмы

Афіцэр польскай контрвыведкі Агенцтва ўнутранай бяспекі асуджаны за шпіёнскую дзейнасць супраць Польшчы.

Суд устанавіў, што афіцэр раскрываў сакрэтныя звесткі беларускай агентцы. Пра гэта паведамляе «Беларускі партызан» са спасылкай на выданне Rzeczpospolita.

Роберт Р. працаваў у Беластоку і валодаў звестамі аб інфарматарах і асобах, якія знаходзяцца ў распрацоўцы спецслужбаў Польшчы, у тым ліку беларусаў, меў доступ да дакументаў аператыўных працаўнікоў.

Асуджаны быў затрыманы АУБ у лютым 2008 года. «Ён падтрымліваў кантакты з Вольгай Саламенік, грамадзянкай Беларусі, якую польскія спецслужбы падазраюць у працы на беларускую выведку. Пракуратура абвясціла ў вышук Саламенік. Справа заведзеная паводле артыкула «шпіёнская дзейнасць супраць Польшчы», - гаворыцца ў рапарце АУБ.

Як паведамляе польскае выданне, суд высветліў, што Роберт Р. працаваў на замежную выведку, а таксама меў «пазаслужбовыя таемныя кантакты з грамадзянкай Беларусі». Афіцэр ведаў, што Вольга Саламенік можа мець дачыненне да КДБ ці знаходзіцца ў аператыўнай распрацоўцы, нягледзячы на гэта, ён падтрымліваў з ёй кантакт праз вызначанага судом сувязнога.

Асуджаны перадаваў Вользе сакрэтныя і звышсакрэтныя матэрыялы, раскрыў метады працы АУБ у дачыненні да асоб, якія прэтэндуюць на від на жыхарства ў Польшчы, таксама паведаміў ёй пра тое, што польскія спецслужбы ў дачыненні да яе пачалі распрацоўку. Роберта Р. асудзілі на шэсць гадоў зняволення.

Яго судзілі ўжо другі раз, пасля апеляцыі ў 2013 годзе з боку пракуратуры, услед за прызначэннем яму тэрміну ў 2 гады за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якія маглі стаць прычынай уцечкі інфармацыі дзяржаўнай важнасці. Праз два гады найвышэйшая інстанцыя ўсё ж прызнала абвінавачанне ў шпіёнскай дзейнасці.

Аб Вользе Саламенік вядома, што яна займалася бізнэсам у Беластоку, але своечасова выехала ў Беларусь. Сама яна заяўляла ў інтэрв'ю польскаму выданню Reporter у мінулым годзе: «Роберт не вінаваты. Мы з ім пазнаёміліся падчас майго звароту ў службы, што выдаюць від на жыхарства ў Польшчы. Пасля гэтага мы некаторы час сустракаліся».

Адвакаты Роберта Р. маюць намер абскардзіць прысуд, вынесены Акруговым судом Беластока.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках