27 красавiка 2024, Субота, 19:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы можам

16
Мы можам
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

І Нобэля атрымаць, і жыццё змяніць, і ўладу памяняць.

У дзень абвяшчэння Святланы Алексіевіч лаўрэатам прэміі Нобэля ў літаратуры, мне, як беларусцы, пісалі і тэлефанавалі з віншаваннямі, здаецца, з усяго свету. Але больш за ўсё запомніліся словы польскага дыпламата, які сказаў, што Нобэлева прэмія Алексіевіч для сённяшняй Беларусі - тое ж, чым стала для Польшчы ўручэнне гэтай узнагароды паэту Чэславу Мілашу ў 1980 годзе.

«У нас у Польшчы тады таксама было настолькі цяжка, што здавалася, безнадзейна. Але прэмія Нобэля паляку дала людзям надзею на тое, што яны могуць, здольныя, абавязаны ўсё змяніць, калі іхны зямляк ушанаваны самай прэстыжнай сусветнай узнагародай», - сказаў мой сябар.

І, сапраўды, увосень 1980 года ў Польшчы быў створаны прафзвяз «Салідарнасць» - масавы працоўны рух супраць камуністычнай дыктатуры, які аб'яднаў усіх - ад каталіцкіх кансэрватараў і правых лібералаў да ультралевых сацыялістаў і анархістаў. Сябрамі бунтарскага прафзвязу сталі 10 мільёнаў палякаў, якія паверылі, што яны - народ, здольны сам выбіраць, як жыць у сваёй краіне.

Так, акрамя Нобэля ў палякаў яшчэ быў Касцёл і Папа Ян Павел II. Але і ў гісторыі беларусаў ёсць свае героі - як у мінулым, так і сучаснасці.

Атрымальніца Нобэля Святлана Алексіевіч - акурат адна з тых нармальных і сумленных, якія сёння не патрэбныя беларускаму рэжыму. Ейных твораў няма ў школьнай праграме, ейныя кнігі не публікуюцца ў дзяржаўных выдавецтвах, у яе не бяруць інтэрв'ю афіцыйныя СМІ, ёй не далі ніводнай беларускай дзяржаўнай літаратурнай прэміі.

Таму Нобэль Алексіевіч - узнагарода ўсім беларусам, якія адмаўляюцца быць шрубкамі жорсткай, тупой машыны, запушчанай 20 гадоў таму Лукашэнкам. Узнагарода тым, хто знайшоў мужнасць застацца чалавекам і самім сабой.

Але дыктатарская машына старэе і парахнее. Упершыню яна не можа зацягнуць беларусаў нават на датэрміновае галасаванне на так званых «прэзідэнцкіх выбарах». У гэтыя дні на выбары гоняць работнікаў бюджэтнай сфэры: настаўнікаў, рабочых, вайскоўцаў, «хімікаў» ды іншых залежных людзей - так прасцей, без назіральнікаў, фальсіфікаваць галасы. Але гэтым разам ашуканцам давялося падтасоўваць нават датэрміновы прыход - народ адмаўляецца ўдзельнічаць у дурным спектаклі.

Сёння шмат хто паведамляе, што атрымаў на мабільнік ад лукашэнкаўскай ЦВК SMS з настойлівым запрашэннем з'явіцца на «выбары». Нават замежныя амбасадары. «Беларусаў ім ужо не стае», - заўважыў знаёмы нямецкі палітык, калі я яму распавяла пра кур'ёзны выпадак з паслом Вялікабрытаніі Брусам Бакнэлам.

А сапраўды ж, беларусаў ім ужо не стае. Людзі сталі сябе паважаць, а з павагі да сябе - пачынаецца шлях да свабоды.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка charter97.org

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках