2 траўня 2024, Чацвер, 15:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сірыйскі паўстанец: Пуцін бамбуе цывільных жыхароў праз паразу ва Украіне

2
Сірыйскі паўстанец: Пуцін бамбуе цывільных жыхароў праз паразу ва Украіне

Прадстаўнік Вольнай Арміі Сірыі (ВАС) распавёў пра мэты расейскай вайскрвай групоўкі ў Сірыі.

Пра мэту ўмяшання Уладзіміра Пуціна ў сірыйскую вайну, расстаноўку сіл у рэгіёне і тое, як авіяцыя РФ забівае цывільных жыхароў у інтэрв'ю «Апострафу» распавёў Асама Абу Саід - вяшчальнік Вольнай Арміі Сірыі (ВАС), адной з найбольшых груповак паўстанцаў, якая вядзе барацьбу супраць Башара Асада.

- Раскажыце пра наступствы ўмяшання Расеі ў вайну ў Сірыі. Як гэта паўплывала на ІДЗІЛ, паўстанцаў і войска прэзідэнта краіны Башара Асада?

- ІДзІЛ упершыню прасунуўся ў паўночнай частцы правінцыі Алепа, а вайскова-паветраныя сілы Башара Асада доўгі час абстрэльвалі тыя раёны, якія былі падкантрольныя паўстанцам, што змагаюцца з ІДзІЛ. Выходзіць, што гэтыя паветраныя атакі служылі ІДзІЛ свайго кшталту заслонай. Цяпер праз расейскія паветраныя налёты і удары па сілах паўстанцаў ІДзІЛ атрымала магчымасць напасці на Вольную Армію Сірыі (ВАС); зрэшты, як заявіла брытанская The Guardian, ісламісты скарысталіся б сваёй перавагай у паўночнай частцы правінцыі і без расейскіх нападаў.

Паветраныя налёты расейскіх знішчальнікаў цяпер таксама засланяюць сілы Асада і іранскіх, ірацкіх ды лібанскіх наймітаў, якія спрабуюць прасунуцца наперад у правінцыях Хама і Латакія, якія мяжуюць з тэрыторыямі, дзе пазіцыі прэзідэнта заўсёды былі вельмі моцныя. Аднак дагэтуль усе спробы войскаў Асада ўзяць пад кантроль новыя абшары прычыняліся да істотных страт - прэзідэнцкае войска пазбавілася больш чым 40 танкаў і страціла тры гелікаптэры. І толькі 15 кастрычніка сілы Асада здолелі адваяваць тэрыторыі ў Хомсе. Усё гэта наўпрост паказвае на тое, што расейскае ўмяшанне накіраванае на падтрымку прэзідэнта ў ягонай барацьбе з паўстанцамі, дапамогу ў вяртанні тых рэгіёнаў, якія ён страціў. І нічога агульнага з вайной супраць ІДзІЛ усё гэта не мае.

Расейцы кажуць, што атрымалі права на дырэктыўнае ўмяшанне ў Сірыі пасля запыту ад сірыйскага ўрада, а значыць, яно з'яўляецца законным, бо адпавядае ўсім нормам міжнароднага права. Напраўду гэта не так, бо ўрад Асада цяпер не прызнаецца Лігай арабскіх дзяржаў, такім чынам, гэта пазбаўляе легітымнасці пастановы сірыйскага Кабінета міністраў. Такім чынам, зварот Асада да расейцаў, у якім ён патрабуе вайсковага ўмяшання, не можа быць апраўданы міжнародным правам, і калі ўрад Расеі сапраўды ўстурбаваны наяўнасцю такіх нормаў і легітымнасцю сваіх дзеянняў, то яму на першае месца варта было б вынесці пытанне з законнасцю дзеянняў РФ ва Украіне. Гэта значыць, Расеі варта было б найперш даць дазвол на правядзенне незалежнага расследавання краху самалёта «Малайзійскіх авіяліній», які быў збіты сэпаратыстамі, апекаванымі менавіта Расеяй.

- Як, па-вашаму, ці паўплываюць поспех або крах Пуціна ў Сірыі на ўкраінскі крызіс?

- Расея спрабуе дамагчыся ў Сірыі поспеху, каб атрымаць козыр для абароны сваіх інтарэсаў перад ЕЗ, ЗША і міжнароднай супольнасцю ў пытаннях ўкраінскага крызісу, бо ёй давялося зазнаць на ўсходзе гэтай краіны такі канфуз. У Сірыі ВАС і паўстанцы прынялі пастанову сустрэць расейскую агрэсію твар у твар і змагацца да канца.

- Што сёння адбываецца з цывільным насельніцтвам, якія асноўныя праблемы зазнаюць людзі і ў якіх раёнах, ці падтрымліваюць яны ВАС або абвінавачваюць у тым, што цяпер іхняе жыццё знаходзяцца пад пагрозай у тых рэгіёнах, якія кантралююць паўстанцы, і якія трапляюць пад рэгулярныя абстрэлы?

- Дзясяткі тысяч цывільных грамадзян загінулі ў выніку паветраных нападаў Асада і скінутых на іх галовы бомбаў, а цяпер шмат хто быў забіты пасля налётаў расейскіх самалётаў у правінцыях Хомс ды Ідліб. Цывільныя асобы найперш хочуць апынуцца ў бяспечным месцы або ў такой зоне, дзе закрыта паветраная прастора. Сёння вялікая колькасць цывільных асоб пакідае свае дамы ў правінцыі Хама, спрабуючы ўцякаць ад не надта пераборлівых бамбаванняў расейскага агрэсара.

Цывільнае насельніцтва не абвінавачвае ВАС або паўстанцаў у тым, што яны сталі аб'ектам нападаў Асада і расейцаў, бо ў іхніх шэрагах ваююць сыны тых самых цывільных асоб, якія абараняюць свае дамы. Наадварот, людзі ўсяляк падтрымліваюць тых, хто хоча скінуць рэжым Асада, і кожны раз, калі ім даводзіцца пакутаваць ад абстрэлаў, яны выходзяць і заяўляюць: «Мы працягнем змаганне супраць Асада, ніводзін з нас не пакіне нашы шэрагі». Перадусім яны вінавацяць ва ўсім злачынны рэжым, які накіроўвае бомбы на цывільных жыхароў, абвінавачваюць расейцаў у бязладных бамбаваннях, а таксама - міжнародную супольнасць, якая адмаўляецца дапамагчы ва ўстанаўленні спецыяльных зон, дзе былі б забароненыя палёты.

- Як Вы думаеце, якую ролю ў Сірыі павінны сыграць ЕЗ і ЗША?

- Нам патрэбны міжнародны закон, які прымусіць Асада і расейцаў спыніць абстрэлы цывільных грамадзян у Сірыі і створыць зоны, закрытыя для самалётаў, каб спыніць забойствы цывільных грамадзян, якія адбываюцца штодзень. Сёння кожны цывільны аб'ект можа апынуцца пад пагрозай - няхай гэта будзе шпіталь, паліўная станцыя або пякарня. Мы таксама просім міжнародную супольнасць спыніць плынь ваеўнікоў ІДзІЛа, якія пранікаюць з розных краін у Сірыю, мы просім прызнаць, што ў Сірыі мае месца рэвалюцыя супраць злачынца і супраць ІДзІЛ. Не толькі Турцыю варта вінаваціць у тым, што яна не кантралюе свае межы, але і ЕЗ ды іншыя краіны, якія павінны зрабіць захады і спыніць перасоўванне псіхапатаў і экстрэмістаў, якія імкнуцца ў Сірыю, каб змагацца за ІДзІЛ, прыносяць з сабой свае хворыя мроі і хочуць задаволіць на нашай зямлі сваю прагу крыві.

- Якія шанцы ВАС у гэтым супрацьстаянні, як доўга паўстанцы змогуць адбіваць атакі супраціўніка?

- ВАС і паўстанцы ўпершыню сабраліся разам, аб'ядналіся і пачалі супольна каардынаваць свае намаганні, змагацца супраць дырэктыўнага ўварвання Расеі, і мы працягваем нашу барацьбу і наш супраціў, мы проста не маем іншага выбару. Мы, у прынцыпе, маем сябраў, якія ахвочыя дапамагаць, падтрымліваць і прасоўваць рэвалюцыю, забяспечваць нас патрэбным для гэтага інструментарыем, пакуль мы не пераможам у гэтай вайне і не даможамся для будучыні Сірыі свабоды і справядлівасці.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках