Уладзімір Вайновіч: Вайна ў Сірыі можа стаць для Расеі другім Афганістанам
6- 2.10.2015, 17:32
- 12,216
Удзел расейскіх вайскоўцаў у ваенным канфлікце ў Сірыі не абяцае Расеі нічога добрага.
Пра гэта расейскі пісьменнік Уладзімір Вайновіч заявіў у каментары выданню gordonua.com.
"Нічога, акрамя здагадак, што Пуцін хоча адцягнуць увагу ад Украіны, мне ў галаву не прыходзіць. З Украінай, нарэшце, нейкі няўстойлівы мір з’явіўся, і лезці наўпрост адразу ў Сірыю - глупства. Але, напэўна, ён хоча клін клінам выбіць, аднавіць нейкія стасункі з цывілізаваным светам - з Амерыкай, з Еўропай. Але і тут не састыкоўка - па тэлевізіі прадаўжаецца тая ж прапаганда ў дачыненні да Амерыкі і Еўропы", - сказаў Вайновіч.
На ягоную думку, Сірыя ў некаторай ступені адцягне Пуціна ад Украіны.
"Я не ведаю, як надоўга мір на Данбасе. Гэта паліятыўная (які дае толькі часовае палягчэнне, захад) пастанова і сітуацыя будзе падвешанай. Колькі яна будзе прадаўжацца ў гэтым выглядзе, столькі яна і будзе падвешанай. А каму надакучыць трымаць яе ў такім выглядзе, я не ведаю. І я думаю, што цяпер украінцы павінны быць задаволеныя, што Пуцін заняўся іншымі", - піша пісьменнік.
Ён выказаў здагадку, што ва ўкраінскіх палітыкаў таксама ўзнікла надзея, што Пуцін адцягне ўвагу на Сірыю, што дае магчымасць разабрацца з Данбасам.
"Можа, цяпер у яго не хопіць сіл і на тое, і на іншае. Вядома, гэта ІДІЛ - гэта страшная сіла, і калі б не тое, што папярэднічала ёй, што адбываецца, можна было б сказаць, што ёсць нейкі сэнс уключэння Расеі ў гэты канфлікт. Хоць ён і пагражае вялікімі непрыемнасцямі. Можа, гэта будзе другі Афганістан", - рэзюмаваў дысідэнт.
Нагадаем, 30 верасня Крэмль атрымаў дазвол ад Савета Федэрацыі весці ваенныя дзеянні на тэрыторыі іншых дзяржаў. У гэты ж дзень расейская авіяцыя нанесла першы пасля пастановы Савета Федэрацыі РФ авіяўдар па баевіках ІДІЛ у Сірыі.
У сусветных СМІ з'явілася інфармацыя, што Хомс, які бамбіла расейская авіяцыя, знаходзіцца пад кантролем апазіцыі, а не баевікоў ІДІЛ. Агенцтва Reuters паведаміла, што расейскія авіябомбы на паўночным захадзе Сірыі ўдарылі па групе сірыйскіх паўстанцаў, у выніку чаго былі параненыя восем чалавек. Белы дом заявіў, што Расея можа сутыкнуцца з негатыўнымі дыпламатычнымі наступствамі, калі будзе наносіць удары ў Сірыі не па экстрэмістах.
Афіцыйны прадстаўнік міністэрства абароны РФ Ігар Конашэнкаў заявіў, што расейская авіяцыя наносіць авіяўдары па пазіцыях тэрарыстаў і ўжо знішчыла некалькі аб'ектаў ІДІЛ.