30 красавiка 2024, aўторак, 10:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Францыі: Мясцовыя выбары на ўсходзе Украіны пераносяцца

2
Прэзідэнт Францыі: Мясцовыя выбары на ўсходзе Украіны пераносяцца
Франсуа Аланд

Перамовы «нармандскай чацвёркі» ў Парыжы доўжыліся блізу пяці гадзін.

Увечары ў пятніцу, 2 кастрычніка, у Парыжы закончылася сустрэча «нармандскай чацвёркі» аб Украіне. Перамовы доўжыліся амаль пяць гадзін. Пасля іх заканчэння картэжы прэзідэнтаў Расеі ды Украіны пакінулі Елісейскі палац, а канцлерка Нямеччыны і прэзідэнт Францыі засталіся для размовы з журналістамі, паведамляе Deutsche Welle.

Франсуа Аланд заявіў, што кіраўнікі МЗС Францыі, Расеі, Украіны ды Нямеччыны сустрэнуцца для ацэнкі прагрэсу, дасягнутага пры выкананні менскіх дамоўленасцяў, у пачатку лістапада. Пры гэтым Аланд адзначыў, што рэжым спынення агню на ўсходзе Украіны агулам выконваецца. Ён паказаў, што менскія пагадненні павінны быць рэалізаваныя, як і прадугледжвалася пры іх укладанні, да канца 2015 года. Разам з тым ён паказаў, што іх выкананне будзе падоўжанае і пасля 31 снежня.

Аланд заявіў, што мясцовыя выбары на ўсходзе Украіны, прызначаныя на 18 кастрычніка, будуць перанесеныя. На ягоную думку, іх можна будзе правесці толькі тады, калі яны будуць адпавядаць украінскаму заканадаўству, паведамляе агенцтва dpa.

Ангела Мэркель (Angela Merkel) перакананая, што не трэба звязваць урэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны з развязаннем сірыйскага крызісу. Канцлерка ФРГ таксама адзначыла прагрэс, дасягнуты ў працэсе імплементацыі менскіх дамоўленасцяў, перадае dpa. «Абедзве стараны напоўніцу пайшлі насустрач адна адной», - падкрэсліла Мэркель.

Не толькі ўкраінская праблематыка

Перад сустрэчай лідараў краін «нармандскай чацвёркі» Ангела Мэркель і Франсуа Аланд правялі двухбаковыя перамовы з Пуціным. Паведамляецца, Пуцін і Аланд абмяркоўвалі тры ўмовы, выстаўленыя Францыяй, якія зробяць магчымым супрацоўніцтва з РФ у сірыйскім пытанні. Парыж патрабуе ад Масквы наносіць удары па пазіцыях «Ісламскай дзяржавы» і «Аль-Каіды» і ні па якіх іншых групоўках, забяспечыць бяспеку цывільнага насельніцтва і пачаць пераходны працэс з тым, каб адхіліць Башара Асада ад улады.

Раней, 29 верасня, на сустрэчы кантактнай групы аб урэгуляванні канфлікту на Данбасе быў прыняты дадатак да менскіх пагадненняў у частцы, якая тычыцца адводу танкаў, а таксама артылерыйскіх гармат калібрам да 100 мм і мінамётаў калібрам да 120 мм. Адпаведны дакумент 30 верасня падпісалі верхаводы самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» Аляксандр Захарчанка ды Ігар Платніцкі, пасля чаго прадстаўнік ДНР Дзяніс Пушылін абвясціў аб заканчэнні вайны. 1 кастрычніка Захарчанка заявіў аб прыпыненні адводу ўзбраенняў сепаратыстамі, абвінаваціўшы ўкраінскі бок у абстрэле Данецка.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках