26 красавiка 2024, Пятніца, 11:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Бухвостаў: Крызіс з'явіўся таму, што ў нас бяздумная прамысловая палітыка

4

Беларускія ўлады зрабілі ўсё, каб голас працоўнага чалавека ў краіне не быў чутны.

Пра гэта заявіў лідар Свабоднага прафзвязу металістаў (СПМ), старшыня аргкамітэта для стварэння Беларускай партыі працоўных Аляксандр Бухвостаў, выступаючы на мітынгу за годную працу 7 кастрычніка ў сталічным парку Дружбы Народаў, піша БелаПАН.

«Улады зрабілі так, што ён (рабочы чалавек. - Рэд.) не можа нічога сказаць, - адзначыў прафсаюзны лідар. - Варункі, створаныя на прадпрыемствах, у краіне ў цэлым, не даюць нам магчымасці выказваць сваё меркаванне. Гадоў пяць нам не дазвалялі збірацца ў гэты значны дзень - дзень барацьбы за годную працу».

ФОТА: BELSAT.EU

Са слоў Бухвостава, нягледзячы на заявы чыноўнікаў аб тым, што ў краіне створаныя ўсе варункі для годнай працы, Беларусь у гэтым плане не адпавядае міжнародным нормам, што вызначаюць гэты панятак.

«Сёння мы стаім перад сур'ёзным крызісам у эканоміцы і прамысловасці, - адзначыў кіраўнік СПМ. - Гэты крызіс з'явіўся не таму, што ён звязаны з міжнароднай сітуацыяй, як спрабуюць нас пераканаць. Крызіс з'явіўся таму, што ў нас бяздумная прамысловая палітыка. Да чаго яна давяла машынабудаўнічыя прадпрыемствы, калі тыя практычна гінуць? Толькі за два гады з штата машынабудаўнічых заводаў выведзена больш за 30 тысяч чалавек, і гэты працэс будзе працягвацца».

«Цэнтры занятасці сёння ўжо не бяруць на ўлік работнікаў, якія жадаюць стаць на ўлік і атрымаць новыя прафесіі. У рэгіёнах, невялікіх гарадах людзі не могуць знайсці працу - заводы зачыняюцца. Пра гэта ўсе маўчаць», - сказаў Бухвостаў.

Ён заклікаў сябраў незалежных прафзвязаў больш актыўна працаваць з працоўнымі на сваіх прадпрыемствах, тлумачачы ім рэальныя прычыны сітуацыі ў эканоміцы. Толькі такім чынам, на думку Бухвостава, у Беларусь «вернецца працоўная салідарнасць».

Мітынг за годную працу, прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы за годную працу, які традыцыйна адзначаецца 7 кастрычніка, арганізаваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафзвязаў (БКДП). У ім узялі ўдзел блізу 70 менскіх і рэгіянальных актывістаў прафзвязаў - сябраў БКДП, сярод якіх Беларускі незалежны прафзвяз, Свабодны прафзвяз Беларускі, Свабодны прафзвяз металістаў і Прафзвяз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках