5 траўня 2024, Нядзеля, 13:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На прадпрыемстве Чыжа людзі адмовіліся працаваць за 3 мільёны

11

На іх месца прывезлі ўкраінцаў.

7 кастрычніка ў Менску прайшла першая за апошнія шэсць гадоў акцыя незалежных прафзвязаў. Мітынг быў прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы за годную працу, піша «Салiдарнасць».

Пачынаючы з 2008 года, Міжнародная канфедэрацыя прафзвязаў (МКП) 7 кастрычніка праводзіць дзень сусветнай мабілізацыі - дзень, калі прафзвязы ўсяго свету патрабуюць годнай працы.

Сёлета акцыя праходзіла пад усеагульным дэвізам: «Скончым са сквапнасцю карпарацый!».

Асаблівасцю акцыі ў Беларусі стала тое, што Беларускі кангрэс дэмакратычных прафзвязаў упершыню за шэсць гадоў атрымаў дазвол гарадскіх уладаў на правядзенне мітынгу.

На Цэнтральнай сцэнічнай пляцоўцы сталічнага парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор у прызначаны час сабралася блізу ста ўдзельнікаў мітынгу.

Мітынгоўцы трымалі ў руках прафзвязную сімволіку, хтосьці з удзельнікаў прынёс на мітынг украінскі сцяг.

Надпісы на плакатах абвяшчалі: «Не жабрацтву народа!», «Еўрапейскім цэнам - еўрапейскія заробкі», «Кантракт - пятля для працаўнікоў», «Хто спыніць рост коштаў?».

За тым, што адбываецца сачыла некалькі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вялася аператыўная здымка. Агулам, супрацоўнікаў міліцыі было на парадак менш, чым на апошніх акцыях апазіцыі ў цэнтры Менска.

Як патлумачылі арганізатары акцыі - у беларускіх рэаліях ролю глабальнай карпарацыі выконвае сама дзяржава.

- Галоўная праблема сёння - гэта беспрацоўе, нізкія заробкі, недахоп новых працоўных месцаў, недасканалае заканадаўства, якое не абараняе сёння работнікаў, - гучала са сцэны.

Галоўнай мэтай мітынгу яго арганізатары назвалі данясенне інфармацыі аб актуальных праблемах работнікаў.

- Мы правялі апытанне людзей і 80% з іх адзначылі, што больш за ўсё іх турбуе нізкі заробак. Людзі працуюць шмат, а зарабляюць 4-5 мільёнаў, нават у сталіцы. І калі раней людзі баяліся ўлады, то цяпер баяцца таго, што ім няма чым будзе аддаваць крэдыты, - распавёў старшыня Беларускага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.

- Маладыя настаўнікі атрымліваюць па тры мільёны, прадаўцы - 2,8 мільёна. Як на такія грошы можна пражыць? - гучалі пытанні са сцэны.

Потым мікрафон аддалі ўдзельнікам мітынгу, якія стаялі ля сцэны. Некаторыя з іх распавялі пра свае праблемы.

Госць з Маларыты распавёў, пра тое, што мясцовыя жыхары адмовіліся працаваць на прадпрыемстве Юрыя Чыжа праз нізкі заробак (блізу 3 мільёнаў). Са слоў мужчыны, прадпрыемства знайшло выйсце з сітуацыі, запрасіўшы на гэтыя месцы ўкраінцаў.

Школьны настаўнік, распавёў пра тое, што яго калег прымушаюць ісці ў ініцыятыўныя групы, пагражаючы не заплаціць прэмію ў выпадку адмовы.

На заканчэнне мітынгу Генадзь Фядыніч адзначыў:

- Калі ўлада не можа забяспечыць заробкам, тых што працуюць, то ці мае яна права кіраваць краінай?

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках