7 траўня 2024, aўторак, 18:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лічбы прыходу выбарцаў у незалежных назіральнікаў і камісіі разышліся ўдвая

29

Фальсіфікацыя прыходу выбарцаў ідзе поўным ходам.

У менскай 29-й гімназіі на вуліцы Мельнікайтэ знаходзяцца 15 і 16 выбарчыя ўчасткі. За датэрміновым галасаваннем на абодвух участках, якое праходзіць у адным пакоі, назірае Арцём Цеплякоў з АГП. Са слоў назіральніка, яго лічбы прыходу і афіцыйныя лічбы камісіі пачалі разыходзіцца з першага дня, але на другі і трэці дзень розніца стала двухразовай, паведамляе «Радыё Свабода».

Арцём Цеплякоў

«Глядзіце: калі ў першы дзень галасавання на 15-м участку паводле маіх звестак прагаласавала 53, то камісія дала лічбу 65. Розніца ўсяго 12 чалавек, хоць у адсотках гэта блізу 20%. Але ўчора розніца была ўжо ўдвая: мае звесткі - 56, іх звесткі - 118. Сёння тэмп «прыпісак» крыху знізіўся, але ўсё роўна большы, чым на пачатку. Мае звесткі - 80, камісія дае 116. Прыкладна тое ж і па 16-м участку. Сёння я ўбачыў, як галасаваў 61 чалавек, камісія дае звесткі пра 100. Сядзеў на ўчастку невылазна, - можа, сыходзіў на якіх 5 хвілін за ўвесь дзень, - адкуль яны ўзялі такія лічбы - незразумела. Дакладней, зразумела: рыхтуюць звесткі для таго, каб набраць патрэбны адсотак прагаласаваўшых датэрмінова», - кажа назіральнік.

Журналісты папрасілі пракаментаваць разыходжанні ў лічбах старшыню камісіі на 15-м участку Вольгу Філімонаву.

«Усяго на маім участку зарэгістравана 1932 выбаршчыкі. Галасаванне ідзе нармальна. З лічбамі можаце азнаёміцца ў пратаколе, ён вывешаны. Чаму ў назіральніка іншыя лічбы - не ведаю, як ён там глядзіць. У нас усё дакладна», - заявіла яна.

Назіральнік Арцём Цеплякоў паскардзіўся таксама на тое, што яму не дазваляюць рабіць фатаграфіі пратаколаў штодзённага галасавання.

«Дзіўна, бо на суседнім 16-м участку, у тым жа пакоі, здымаць ужо можна», - разводзіць рукамі назіральнік.

Старшыня камісіі не стала забараняць карэспандэнту рабіць фота ў пакоі для галасавання, у тым ліку тое, як выбарчую скрыню яна хавала ў сейф на час абеду.

«Гэта яны пры вас такія абыходлівыя. А на мяне, ведаю, пішуць скаргі і ў любы момант могуць пазбавіць акрэдытацыі назіральніка», - сказаў у перапынку Арцём Цеплякоў.

Назіральніца ад прафсаюза настаўнікаў Наталля Галяновіч прэтэнзій да таго, як праходзіць папярэдняе галасаванне, не мае.

А вось назіральніца ад незалежнага прафзвязу РЭП Ірына Ганчарык паскардзілася журналісту, што пакой для галасавання на ноч і абедзенны перапынак не апячатваюць. «Там застаецца міліцыянт», - сказала Ірына Ганчарык.

ІРЫНА ГАНЧАРЫК
Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках