3 траўня 2024, Пятніца, 6:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: Прыход на «выбары» - ахілесава пята Лукашэнкі

21
Анатоль Лябедзька: Прыход на «выбары» - ахілесава пята Лукашэнкі
Анатоль Лябедзька

11 кастрычніка павінна стаць для дыктатуры гадзінай «і» - ігнаравання выбарчага фарсу.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў інтэрв'ю сайту charter97.org ацаніў праходзячую ў Беларусі «выбарчую кампанію» і магчымасці дэмакратычных сіл па прадухіленні легітымацыі рэжыму.

- На прэс-канферэнцыі лідараў апазіцыі, у якой вы бралі ўдзел, Мікалай Статкевіч заявіў аб тым, што «выбары ўжо сфальсіфікаваныя». Вы падзяляеце гэтую ацэнку?

- Я ніколі не ўжываю ў дачыненні да гэтай падзеі слова «выбары», а выключна - палітычная кампанія. Гэта правільна і карэктна. Выбары павінны адпавядаць пэўным стандартам, а калі іх няма - то мы не можам нават ужываць гэта слова.

Што тычыцца гэтых стандартаў, то Беларусь у іх не ўпісваецца. Ужо па той частцы кампаніі, якую мы прайшлі, ёсць усе падставы сцвярджаць, што гэта несвабодныя і несумленныя «выбары».

Мы прапанавалі людзей у камісіі, а ўключылі толькі 2%. Усяго сярод тых, хто будзе лічыць галасы, 99,45% прадстаўляюць інтарэсы аднаго ўдзельніка выбарчай кампаніі - Аляксандра Лукашэнкі. Гэта азначае толькі адно: фальсіфікацыі, маніпуляцыі і падман.

Няма ніякіх роўных магчымасцяў у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Гэта азначае толькі адно: несвабодныя і несумленныя «выбары».

Для ацэнкі выбарчай кампаніі трэба браць не толькі час самой кампаніі. Калі 20 гадоў прастора свабоды звужалася, калі ў дачыненні да людзей былі рэпрэсіі - ня варта чакаць «цудаў» цягам некалькіх тыдняў ці паўтара месяца.

Так што падстаў, каб сёння казаць, што гэта не стандарты АБСЕ для сумленных і свабодных выбараў - больш чым дастаткова. Таму задачай можа быць толькі барацьба за тое, каб не адбылася легітымацыя вынікаў прэзідэнцкай кампаніі.

- Супольная канферэнцыя лідараў апазіцыі ўсяліла надзею, што дэмакратычныя сілы выступяць у гэтай кампаніі адзіным фронтам. Якой, на вашу думку, павінна быць адзіная стратэгія?

-Толькі што ў мяне скончылася сустрэча з кіраўніком місіі БДІПЧ АБСЕ ў Беларусі Жакам Форам. Я гэтую стратэгію намаляваў на лістку паперы - гэта беларуская літара «і». Гэта павінна быць ігнараванне выбарчага фарсу. Ігнараванне з боку выбаршчыка.

Прыход - гэта сёння ахілесава пята Аляксандра Лукашэнкі і ўсёй гэтай выбарчай мадэлі. Улада як раз будзе канцэнтравацца на развязанні гэтай праблемы як самай балючай.

Калі людзі павінны ігнараваць, то актыўныя людзі павінны змагацца за тое, каб давесці да ўсіх інфармацыю, чаму нельга прыходзіць на выбарчыя ўчасткі. І тут я досыць аптымістычна гляджу, што можа быць створаная шырокая кааліцыя, якая ставіць задачай не дапусціць легітымацыі вынікаў прэзідэнцкай кампаніі, бо яна не адпавядае стандартам сумленных і свабодных выбараў. І рабіць усё, каб выбаршчыкі аддалі перавагу хаджэнню на выбарчыя ўчасткі рыбалцы, паездцы да цешчы, падарожжу па Беларусі ці нечаму іншаму такога кшталту.

- Што б вы маглі параіць міжнародным назіральнікам, якія ў выніку будуць даваць ацэнку легітымнасці гэтай кампаніі і яе вынікаў?

- Першае: АБСЕ былі выпрацаваныя прапановы ў змене выбарчага заканадаўства ў Беларусі. Яны былі адпрэчаныя беларускімі ўладамі. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл таксама сфармулявалі свае прапановы, як змяніць выбарчую мадэль. Яны былі перададзеныя беларускім уладам у красавіку гэтага года і таксама былі адхіленыя.

Гэта азначае толькі адно: кампанія, якая праходзіць, не адпавядае стандартам АБСЕ. І калі быць прынцыповым і паслядоўным, нельга прызнаваць яе легітымнай і законнай. Гэта было першым і галоўным пасланнем на сённяшняй сустрэчы з кіраўніком місіі БДІПЧ АБСЕ.

Па-другое, мы павінны зыходзіць з таго, што Лукашэнка на сённяшні дзень не з'яўляецца гарантам суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. І легітымацыя яго ў гэтай кампаніі стварае пагрозу суверэнітэту нашай краіны. Пра гэта таксама павінны памятаць тыя, хто прыязджае ў Беларусь і выносіць свой вердыкт паводле гэтай выбарчай кампаніі.

Ну і сама фактура: як фармаваліся камісіі, як рабіўся допуск да дзяржаўных СМІ, наколькі шырокая прастора свабоды - усё гэта падмацоўваецца лічбамі, якія сёння былі выкладзеныя і даведзеныя да прадстаўніка місіі АБСЕ.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках