16 красавiка 2024, aўторак, 8:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: Перамены магчымыя толькі з пашырэннем прасторы свабоды

6
Анатоль Лябедзька: Перамены магчымыя толькі з пашырэннем прасторы свабоды
Анатоль Лябедзька

Без гэтага рэформы нерэальныя, а перамены да лепшага немагчымыя.

29 кастрычніка 2015 Еўрапейскі Звяз прыняў пастанову замарозіць на чатыры месяцы кропкавыя візавыя і фінансавыя абмежаванні, якія дзейнічалі ў дачыненні да некалькіх соцень прадстаўнікоў беларускай ўладнай вертыкалі. У гэты ж дзень пяць беларускіх палітыкаў накіравалі кіраўнікам Еўразвязу і Еўрапейскага парламента дарожную карту перамен у Беларусі, піша ў блогу на сайце «Беларускія навіны» старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Пасланне Брусэлю крыху нечакана апынулася ў цэнтры грамадскай увагі ў Беларусі. Шэраг экспэртаў арганізавалі конкурс укладанняў на тэму «чтотонетак». Свой абярэмак прапагандысцкага галля ў полымя дыскусіі ўкінуў нават прыдворны ідэолаг Давыдзька.

З аднаго боку, можна канстатаваць, што на тэму ёсць падвышаны попыт. А з іншага, трэба прызнаць, што глыбіня дыскусіі - па шчыкалатку. Каментатараў ажно занадта, а аналітыкі - як соку з бярозы ў лістападзе. Шмат фікцыі, фантазій, канстатаванняў агульнавядомага ўперамешку з замовамі. Што, зрэшты, і нядзіўна - бо сам дакумент ніхто з каментатараў не чытаў! Але для беларускай аналітычнай думкі гэта даўно не самае галоўнае.

А тым часам заехалі ў Менск міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус на сустрэчы з Уладзімірам Макеем агучыў крокі той самай дарожнай карты. Асноўныя пункты дакумента прагучалі і з вуснаў амбасадара ФРГ у Беларусі Петэра Дэтмара падчас ягонага выступу на пляцоўцы «Мінскага дыялогу». Шэраг замежных выданняў на сваіх палосах прэзентавалі дарожную карту як план дзеянняў прыхільнікаў перамен у Беларусі і міжнароднай супольнасці. І гэта добры, пазітыўны знак, незалежна ад таго, ці стане пакрокавая стратэгія планам да дзеяння для афіцыйнага Менска.

На сустрэчы ў Менску кіраўнік замежнапалітычнага міністэрства Літвы адзначыў, што санкцыі знікнуць, як толькі будуць ліквідаваны прычыны, якія прывялі да іх ўвядзенні. Гэта вельмі важная заўвага.

Візавыя і фінансавыя абмежаванні ў дачыненні да асабліва славутых беларускіх сілавікоў, суддзяў, чыноўнікаў не з'явіліся проста так, бо ў кагосьці ў Брусэлі быў дрэнны настрой. Гэта - следства невыканання міжнародных абавязанняў і Канстытуцыі Беларусі лукашэнкаўскай вертыкаллю, гэта - вынік парушэнняў правоў і свабод без перабольшання мільёнаў грамадзян Беларусі (чаго толькі каштуюць фальсіфікацыі вынікаў выбарчых кампаній!). А гэта значыць, што сам прадмет дыскусіі знікне тады, калі будуць ліквідаваныя прычыны, якія прывялі да прыняцця пастановы ЕЗ аб фінансавых і візавых абмежаваннях.

У сваім звароце мы адзначаем, што час для замаразкі санкцый выбраны няўдала. У пратаколах яшчэ чарнілы на намаляваных лічбах не высахлі. Яшчэ выбарчыя бюлетэні спаліць не паспелі, а тут - наце вам, АГ, моркаўку! Смачна есці! І шмат хто ў Беларусі нічога, акрамя храбусцення гэтай самай морквы на зубах дыктатара, і не чуе.

А бо, пагадзіцеся, лагічна было б пачуць, што за гэтыя чатыры месяцы павінна адбыцца ў Беларусі, каб закрыць пытанне пра спіс дрэнных хлопцаў. Без хатняга задання гэтая пастанова ходзіць на падтанцоўцы ў правадыра, расцягнуўшыся гармонікам. Дарожная карта менавіта такім хатнім заданнем, фактычна, і з'яўляецца. Гэта нашае бачанне, як трэба развязавць не толькі праблему так званых «санкцый», але і наогул - як развярнуць краіну ў бок перамен і рэформаў.

Мы гаворым пра пакрокавую стратэгію. Спачатку першы, потым другі, нарэшце, трэці. Менавіта ў такой паслядоўнасці! Няма першага - адпаведна, няма і наступных. І ўсё гэта ў жорсткай прывязцы да часу.

Такім чынам, першы крок. Вярнуць людзям права выбару! Вярнуць тое, чаго выбарцы пазбаўленыя апошнія 20 гадоў. Як гэта зрабіць? Унесці змены ў выбарчае заканадаўства і прававыкарыстальную практыку.

У палітычных партый і ўдзельнікаў выбарчых кампаній павінна быць гарантаванае права на прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях.

Па-другое, празрыстая, адкрытая працэдура падліку галасоў. Кожны бюлетэнь павінен быць даступны для вачэй назіральнікаў і чальцоў камісій.

Па-трэцяе, скасаванне альбо жорсткая рэгламентацыя датэрміновага галасавання.

Ці магчыма гэта?

Пры наяўнасці палітычнай волі гэтыя змены Палата ў стане прыняць ужо ў лістападзе за 15 хвілін. Для параўнання - бюджэт краіны адужвалі за паўгадзіны.

Нам кажуць агульнавядомае: няма волі! Ну, няма волі - значыць, няма і крэдытаў, няма грантаў, няма інвестыцый, няма чырвонай дарожкі да Елісейскага палаца. Не трэба баяцца прымушаць аўтарытарных кіраўнікоў да добрых, карысным спраў. А вяртанне права выбару мільёнам грамадзян Беларусі такім і з'яўляецца.

Важна адзначыць, што адзначаныя прапановы - не чыйсьці капрыз, не жаданне вытаргаваць сабе нейкія асаблівыя прывілеі. Яны цалкам супадаюць з прапановамі БДІПЧ АБСЕ, арганізацыяй, якая з'яўляецца прызнанай міжнародным экспэртам у гэтым пытанні.

Крок другі - пашырэнне прасторы свабоды. Цяперашняя сітуацыя - гэта вуліца з аднабаковым рухам для ўлады, а для грамадзян - куды ні ткні - цагліна, суцэльныя табу і абмежаванні. Як зрабіць гэты крок практычна? Асабіста я не бачу нічога больш эфектыўнага, як зрабіць спробу вярнуцца на перамоўную пляцоўку, замарожаную ў 1999 годзе.

Той фармат «дыялогу», які адбываецца цяпер, стварае ілюзію працэсу, а напраўду кансэрвуе сітуацыю. Магчыма, кагосьці і задавальняе «дыялог за зачыненымі дзвярыма» - без позвы, без прадстаўнікоў прыхільнікаў перамен. Але гэта не наш выбар.

Некаторыя экспэрты і палітыкі, не паспеўшы распакаваць валізкі пасля паездкі ў Брусэль, сам факт звароту да міжнароднай супольнасці здраджваюць анафеме. Маўляў, трэба апеляваць да ўласнага народу. Дык хто ж супраць? Але праўда такая, што без адказнага міжнароднага пасярэдніка ў нашай сітуацыі не абысціся. У адваротным выпадку ўсё скончыцца гульнёй у напарсткі.

У дыскусіі пра ўзаемадачыненні з уладамі не абысціся без радыкальных пазіцый і меркаванняў. Кагосьці ванітуе ад адной думкі, што з прадстаўнікамі рэжыму трэба сядзець за адным сталом. Калі б такі падыход дамінаваў у дачыненні да тэрарыстаў, якія захапілі закладнікаў, то колькасць смерцяў узрасла б стакроць. Ніхто не кліча абдымацца, але думаць пра краіну і інтарэсы дзевяці з паловай мільёнаў грамадзян можна і трэба. Можна размаўляць і не падаючы рукі. (Параўнальны аналіз сітуацыі 1999 і 2015 гг. - Гэта тэма асобнага артыкула).

Крок трэці - правесці свабодныя, сумленныя (ці хаця б адносна, як у 1995 годзе) выбары ў парламент.

Ну, вось і ўсё... Тры крокі. Мне здаецца, гэта і своечасова, і актуальна. А калі яшчэ падымаць гэтыя пытанні, як не ва ўмовах жорсткага эканамічнага крызісу і вострай патрэбы ў новых крэдытах для развязання старых праблем, як не ў перыяд, калі сітуацыя цягам чатырох месяцаў будзе вагацца на шалях вагаў.

Аўтары дарожнай карты - не марсіяне. Гэта нашая палітычная пазіцыя. Гэта тое, за што мы гатовыя і маем намер змагацца. Без вяртання права выбару і пашырэння прасторы свабоды - рэформы нерэальныя, і перамены да лепшага немагчымыя.

Свежы прыклад далёкай кіламетражом, але блізкай у сітуацыі М'янмы сведчыць, што мэты трэба ставіць вялікія, нават калі дарога да іх доўгая і цяжкая.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках