Юрась Беленькі: «Слуцкі збройны чын» адзначым ў традыцыйным фармаце
1- 26.11.2015, 11:59
- 20,155
Мерапрыемства ўключае ў сябе аўтобусны тур па некалькіх вёсках і гарадах, а таксама мітынг каля краязнаўчага музея ў Слуцку.
Менскі аблвыканкам дазволіў Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ правесці мерапрыемствы, прысвечаныя «Слуцкаму збройнаму чыну», паведамляе «Радыё Рацыя».
Са слоў намесніка старшыні партыі і аднаго з заяўнікаў мерапрыемства Юрася Беленькага, традыцыйны фармат заяўкі не змяніўся. «Як мы прасілі, так нам і дазволена», - сказаў ён.
Мерапрыемства ў Слуцку, а таксама ў Слуцкім і Капыльскім раёне адбудзецца 29 лістапада.
- Гэта комплексныя мерапрыемствы, якія ўлічваюць наведванне тых месцаў, дзе адбываліся баі слуцкіх паўстанцаў з расейскімі акупацыйнымі ўзброенымі сіламі. Мы наведаем Грозаў, Семежава, Вызну, якая цяпер называецца Чырвоная Слабада. У кожных з гэтых месцаў будзе праведзены мітынг, - распавёў арганізатар.
Завершыцца гэты аўтобусны прабег у Слуцку, дзе таксама адбудзецца мітынг. Збор пачнецца а 14.30 каля мясцовага краязнаўчага музея.
«Менавіта ў гэтым гістарычным будынку а 1920 годзе быў штаб паўстанцаў», - удакладніў Юрась Беленькі.