Для чыноўнікаў у «Драздах» пабудуюць новыя катэджы
4- 26.11.2015, 14:32
- 9,521
Прадаўжаецца грамадскае абмеркаванне забудовы наваколляў былой вёскі Вяснінкі.
За апошнія гады ў ёй выдзелілі некалькі дзясяткаў дзялянак пад будаўніцтва прыватных дамоў чыноўнікам з найбліжэйшага акружэння дыктатара. Гэты раён атрымаў неафіцыйную назву «Дразды-2», піша «Наша нiва».
Асноўную ўвагу распрацоўшчыкі праекта дэталёвага планавання надаюць сацыяльна-забаўляльным аб'ектам - гасцініцы, тэніснаму цэнтру, Цэнтру мастацкай гімнастыкі.
Аднак насельніцтва цікавіцца не гэтым. У «Драздах-2» адводзяць новыя пляцы пад будаўніцтва. Таму гараджане, чые дамы ідуць пад знос, просяць аддаць гэтую зямлю ім - у якасці кампенсацыі.
Журналісты прааналізавалі план існай забудовы і праект, які, хутчэй за ўсё, будзе прыняты ў выніку грамадскага абмеркавання, нягледзячы на абурэнне грамадзян.
Паводле праекту, прадугледжанае выдзяленне пяці новых дзялянак пад катэджы, адна з іх будзе на беразе вадасховішча.
Хто атрымае магчымасць пабудаваць катэджы?
«Яны ўжо размеркаваныя і аформленыя», - патлумачыла прадстаўніца «Мінскграда» Вольга Філатава, адказваючы на пытанне аб яшчэ толькі праектаваных надзелах у «Драздах-2».
Такім чынам, менчукі, чые прыватныя дамы ідуць пад знос, не змогуць прэтэндаваць на месца ў Веснінцы. А каму ж яны дастануцца?
Без элітнай нерухомасці ў Драздах пакуль застаюцца старшыня Менгарвыканкама Андрэй Шорац, старшыня Менаблвыканкама Сямён Шапіра, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч, міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, міністр інфармацыі Лілія Ананіч ды некаторыя іншыя высокія чыноўнікі.