26 красавiка 2024, Пятніца, 13:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У 2016 годзе ў Менску завараць тысячу смеццеправодаў

66
У 2016 годзе ў Менску завараць тысячу смеццеправодаў

Амаль 1 тысячу ствалоў смеццеправодаў плануецца заварыць у шматпавярховых дамах Менска ў 2016 годзе.

Пра гэта паведаміў 26 лістапада першы намеснік старшыні Менскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў на пасяджэнні ў пытаннях збору, сартавання цвёрдых камунальных адкідаў і выманні з іх другасных матэрыяльных рэсурсаў, паведамляе БелТА.

Уладзімір Кухараў інфармаваў, што ў гэтым годзе ў сталіцы было запланавана зачыніць ствалы смеццеправодаў у 113 жылых дамах (452 смеццеправоды).

"Згодна з заканадаўствам, каб заварыць смеццеправод, трэба атрымаць згоду жыхароў. У гэтым годзе праведзена 328 сходаў, атрымана згода жыхароў 104 дамоў. Фактычна работа праведзеная ў закрыцці. Да канца гэтага года трэба выканаць заданне, ліквідаваць пакінутыя смеццеправоды. На 2016 стаіць сур'ёзная задача: ліквідаваць 1 тысячу смеццеправодаў", - сказаў першы намеснік старшыні гарвыканкама.

Паводле пастановы ўрада, у 2017 годзе гэта работа павінна быць цалкам скончаная.

Для жыхароў дамоў, у якіх будуць ліквідаваныя смеццеправоды, прадугледжваюцца адпаведныя захады.

"Да канца гэтага года Менгарвыканкам супольна з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі плануе ўнесці прапановы для захадаў стымулявання насельніцтва. Гэта могуць быць дыферэнцыраваныя тарыфы", - адзначыў Уладзімір Кухараў.

Ён выказаўся катэгарычна супраць наяўнасці ў будучых жылых дамах смеццеправодаў.

"Пастанова ўрада ў гэтым пытанні ёсць. І нам трэба прыняць валявую пастанову: з 2016 года спыніць будаўніцтва дамоў са смеццеправодам. Гэта прапанова ўнесеная ў праект пастановвы гарвыканкама", - дадаў ён.

У Менску з 2013 года пачаўся паэтапны пераход на ацынкаваныя еўракантэйнеры для паасобнага збору ТКА. У першую чаргу такія кантэйнеры размяшчаюцца ў цэнтральнай частцы горада, уздоўж каркасных вуліц і далей - у дварах.

У 2015 годзе будзе набыта больш за 2,5 тысячы ацынкаваных еўракантэйнераў. Усяго для сталіцы неабходна блізу 15 тысяч такіх кантэйнераў.

Старшыня Менгарвыканкама Андрэй Шорац раскрытыкаваў адказныя службы горада за павольныя тэмпы гэтай працы, падкрэсліўшы, што для насельніцтва не створаныя ўмовы, якія стымулююць да прыняцця такой пастановы.

"Не ствараеце ўмовы для таго, каб насельніцтва пайшло на закрыццё смеццеправодаў", - мяркуе сталічны кіраўнік горада.

Паводле ягоных слоў, з жыхарамі варта праводзіць тлумачальную працу.

"Неабходна сказаць насельніцтву, колькі каштуе дэзінсекцыя і дэратызацыя, колькі каштуе ўборка смеццеправодаў. Вы павінны былі сказаць: мы заварым смеццеправоды, пасля гэтага вы атрымаеце паасобны тарыф, мы робім вам дзіцячую пляцоўку або іншыя даброты. Каб насельніцтва зразумела: за тое, што яно пазбаўляецца нейкага элемента камфорту, атрымлівае чысты пад'езд, эканамічны стымул і нешта ў двары", - сказаў Шорац, папярэдзіўшы ўсіх прысутных, што гэтую тэму возьме на асабісты кантроль.

Напісаць каментар 66

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках