27 красавiка 2024, Субота, 2:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NATO: Расейская база ў Беларусі не мае значэння для альянсу

7
NATO: Расейская база ў Беларусі не мае значэння для альянсу

Расея мае вайсковыя часткі ў Калінінградскай вобласці, таму магчымае стварэнне базы РФ у Беларусі не змяніла б сітуацыю з бяспекай.

Пра гэта заявіў сталы прадстаўнік ЗША пры NATO Дуглас Льют, паведамляе РІА "Новости".

"Пытанне аб магчымай расейскай базе ў Беларусі - гэта пытанне Расеі і Беларусі. Улічваючы месцазнаходжанне Калінінграда, які з'яўляецца суверэннай расейскай тэрыторыяй і дзе размешчаная значная колькасць расейскіх вайсковых магутнасцяў, я не думаю, што (стварэнне) чагосьці ў Беларусі змяніла б сітуацыю", - сказаў Льют, адзначыўшы, што РФ і так мяжуе з краінамі Балтыі, якія ўваходзяць у альянс.

Сталы прадстаўнік дадаў, што "я не думаю, што з улікам геаграфіі гэтае пытанне мае значнасць для NATO".

Нагадаем, у канцы верасня Уладзімір Пуцін даручыў падпісаць пагадненне аб стварэнні авіябазы ў Беларусі. У адказ на гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў, што нічога пра гэта нібыта не ведае, а такое пытанне не абмяркоўвалася.

Пазней Лукашэнка назваў абмеркаванне гэтай тэмы ў СМІ «тлумам», які мае «спрэс палітычны характар». Апошні раз такую заяву Лукашэнка зрабіў 30 кастрычніка, адзначыўшы, што пры размяшчэнні расейскай вайсковай базы Масква і Менск будуць мець больш мінусаў, чым плюсаў.

22 кастрычніка супраць размяшчэння расейскай авіябазы выступіў кіраўнік Мінабароны Беларусі Андрэй Раўкоў, заявіўшы, што ў гэтым няма сэнсу, а лепш размясціць ракетныя расейскія комплексы супраць вайсковых баз NATO, а 27 кастрычніка з падобнай заявай выступіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Тым не менш 24 лістапада расейскі генерал Аляксандр Ляпкін заявіў, што на аэрадроме ў Бабруйску плануецца змяшчаць адну авіяцыйную эскадрыллю з 12 знішчальнікаў і 4 транспартна-баявых гелікаптэраў «Мі-8». Паводле ягоных слоў, склад расейскай авіябазы і яе арганізацыйна-штатная структура ўжо зацверджаныя.

«Хачу звярнуцца да беларускіх калег з просьбай паскорыць правядзенне ўсіх патрэбных працэдур для падрыхтоўкі названага пагаднення да падпісання», - заявіў Ляпкін, удакладніўшы, што дакумент узгоднены з беларускай стараной.

Заява Ляпкіна прагучала напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным, дзе планавалася абмеркаваць гэтае пытанне. Аднак візіт у Маскву быў скасаваны ў сувязі з «надзвычайнай занятасцю».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках