26 красавiка 2024, Пятніца, 11:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанідас Донскіс: Скасаванне санкцый - пернік, але будзе і пуга

11
Леанідас Донскіс: Скасаванне санкцый - пернік, але будзе і пуга

У ЕЗ няма выразна выяўленай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Цяперашнія дзеянні - гэта толькі манеўраванне і імправізацыя.

Пра гэта заявіў charter97.org заявіў літоўскі філосаф, былы чалец Еўрапарламента ад Літвы Леанідас Донскіс. З ягоных слоў, Лукашэнка хітры і падступны маніпулятар, аднак калі скасаванне санкцый - гэта пернік, то калі, да прыкладу, у Беларусі з'явіцца расейская вайсковая база, будзе і пуга.

- ЕЗ скасаваў санкцыі ў дачыненні да Беларусі, роўна як і ЗША знялі санкцыі з шэрагу прадпрыемстваў. Як бы вы ацанілі такога кшталту дзеянні заходняй супольнасці ў дачыненні да беларускага рэжыму?

- У заходняй супольнасці няма адзінай і выразнай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Я думаю, што гэта нейкая імправізацыя і, хутчэй за ўсё, яшчэ адзін манеўр. Манеўруючы, Захад дае зразумець спадару Лукашэнку, што калі ён будзе неяк прытрымлівацца мінімальных стандартаў прыстойнасці і выконваць мінімальна правы чалавека, то ён можа спадзявацца на супрацоўніцтва і нейкія формы дыялогу. Інакш гэта вельмі цяжка зразумець.

Беларусь паводле ўсёй статыстыкі ў правах чалавека часам нават саступае Расеі, што тычыцца, напрыклад, смяротнага пакарання, якое не ўжываюць у Расеі. Наконт Беларусі я гэта ведаю, я сам вывучаў гэтыя выпадкі, калі працаваў у Еўрапарламенце. Так што ўсе разумеюць, што трэба неяк манеўраваць.

З аднаго боку, гэта еўрапейская краіна з часткай грамадства і эліты, якая з'яўляецца праеўрапейскай. І таму, вядома, дзеля будучыні і Беларусі, і ўсіх навакольных суседзяў, уключаючы Літву, вельмі важна падаваць знакі для дыялогу. І нават не для Лукашэнкі. Ён - хітры і падступны маніпулятар і заўсёды зможа згуляць сваю складаную гульню паміж Крамлём і ЕЗ. Але, хутчэй за ўсё, гэта знакі для беларускай грамадзянскай супольнасці, для апазіцыі.

Тое, што ён узяў удзел у менскіх дамоўленасцях, дазволіла яму дыпламатычна моцна перамагчы ад гэтага дыялогу. Ён стаў фасілітатарам сітуацыі і ўсё, што ён рабіў было прымальна для Нямеччыны і Францыі. Так што гэта (зняцце санкцый - charter97.org) - гэта пернік з рук Нямеччыны і Францыі за тое, што ён добра сябе паводзіў падчас Менскіх перамоваў.

- Стала агульнай тэмай казаць пра тое, што Лукашэнка цяпер ужо не апошні дыктатар Еўропы, што ёсць ужо іншы апошні дыктатар. Але апошні ён ці перадапошні - слова дыктатар нікуды ад гэтага не знікае...

- Вы абсалютна мае рацыю, бо ён, вядома, дыктатар. Могуць існаваць нейкія параўнальныя псеўдааналізы, можна вывучаць нейкія адрозненні паміж спадаром Пуціным і спадаром Лукашэнкам, але Расея, нягледзячы на тое, што моцна саступае эканамічна і тэхналагічна, у вайсковай моцы, напрыклад, ЗША, падабаецца нам гэта ці не, гэта важная краіна. Яна даволі брутальным чынам гэта даводзіць, і нават на Блізкім Усходзе вельмі важна сесці за стол з Расеяй і пра нешта з ёй дамаўляцца. Беларусь, вядома, не мае і не можа разлічваць на такое месца ў міжнародным плане. Таму Лукашэнка - дыктатар лакальны, мясцовы.

Ад гэтага ён не становіцца лепшым, але справа ў тым, што ён падступны і хітры. Ён, дарэчы, вельмі ўдала заігрывае з беларускай ідэяй. Тое, што Беларусь не стала губерняй Расеі, а ўсё-ткі захоўвае статус суверэннай, беларускай дзяржавы, што ён нават адважваецца гаварыць на беларускай мове, сведчыць аб тым, што Лукашэнка паказвае знакі: слухайце, не такі ўжо я і дрэнны і вы падумайце, хто лепш у гэтай сітуацыі - я ці раздробленая апазіцыя. Так што Лукашэнка гуляе не тое, што ўдала, а проста па-майстэрску.

Я ведаю ад расейскіх аналітыкаў і палітолагаў, што ён не падабаецца Пуціну, Уладзімір Уладзіміравіч моцна недалюблівае Аляксандра Рыгоравіча. Але як бы альтэрнатывы, уласна, і няма. І тое ж самае Лукашэнка прапаноўвае і свайму грамадству: а дзе альтэрнатыва? Так што спецыфіка Лукашэнкі ў тым, што ён гуляе на вакууме, гэты штучна створаны вакуум ідзе на карысць Лукашэнкі.

Я не збіраюся ні ў якім разе параўноўваць Лукашэнку з іншымі дыктатарамі. Ёсць абсалютна памяшаныя тыпы ў Паўночнай Карэі, у асяроддзі Пуціна ёсць жудасныя людзі, якім проста патрэбна вайна, як захавання статус-кво. Так што ні ў якое параўнанне з гэтымі людзьмі Лукашэнка не ідзе. Але калі мы пераводзім усё ў рэчышча еўрастандартаў, то нам становіцца сумна, што ён трапляе ў катэгорыю дыктатараў - не прытрымліваецца правоў чалавека, еўрапейскіх нормаў, палітычнай прыстойнасці.

- ЕЗ ідзе на рызыку. Такія дзеянні з ягонага боку мы назіралі ды бачылі, чым усё скончылася. Ніхто не можа гарантаваць, што Лукашэнка не сарвецца чарговым разам і зноў не з’явяцца палітычныя зняволеныя...

- Я з вамі абсалютна згодны. Я шмат меў стасункі з беларускімі ды расейскімі праваабаронцамі, і ведаю, што яны заўсёды расчароўваюцца, калі ў ЕЗ з'яўляюцца нейкія дакументы, у якіх гаворыцца пра нейкі прагрэс у Беларусі. Божа, ну які там прагрэс? Мне было няёмка, калі адзін з нашых літоўскіх еўрадэпутатаў агучыў сенсацыю пры абмеркаванні сітуацыі ў Беларусі, што, маўляў, справы ўжо ідуць лепш. Збянтэжаныя пачутым беларускія праваабаронцы пачалі пратэставаць у зале. Ён сказаў, спасылаючыся на нямецкую ост-палітык Вілі Брандта: «усё-такі з ім трэба працаваць». Але свет змяніўся, тады была халодная вайна і СССР быў настолькі жудасны, што трэба было з ім неяк дамаўляцца. Але цяпер сітуацыя абсалютна іншая. Калі мы ведаем тое, што адбываецца напраўду і пасылаем знакі аб тым, што нас нешта задавальняе, то ў нас, вядома, праваабаронцы і апазіцыя ў Беларусі расчароўваюцца. Так што гэта вельмі дваякі і амбівалентны сігнал.

- Вы кажаце пра тое, што Лукашэнка змог захаваць незалежнасць, але Беларусь фактычна цалкам павязаная расейскімі інтэграцыйнымі праектамі, грашыма, ільготамі і ўсім іншым. На што ў такой сітуацыі ЕЗ можа спадзявацца?

- Гэта пуга і пернік. Зноў такі - атрымаў пернік, будзе і пуга. Калі з'явіцца ў Беларусі вайсковая база Расеі, будзе і пуга. Тады будуць і санкцыі, і НАТА пачне рабіць нейкія крокі, каб узмацніць пазіцыі ў балтыйскіх краінах, Польшчы. Пакуль жа мы маем проста пернік.

Назавем рэчы сваімі імёнамі - у ЕЗ няма яскрава абазначанай, дакладнай і выразнай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Ідзе імправізацыя. Мы папракаем або кпім над Уладзімірам Уладзіміравічам, называючы яго апартуністам, які робіць усё што толькі магчыма, і глядзіць на тое, што атрымалася. Але, прабачце, тое ж самае робіць і ЕЗ у дачыненні да Беларусі. Спярша нешта робіць, а потым пачынае аналізаваць: а што, уласна, мы зрабілі. Калі няма стратэгіі, з'яўляецца аголеная тактыка апартунізму. За гэтым мы і назіраем.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках