3 траўня 2024, Пятніца, 10:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менск едзе праваабарончы фестываль «WATCH DOGS»

У Менск едзе праваабарончы фестываль «WATCH DOGS»

У Беларусі 10 снежня ўпершыню адбудзецца еўрапейскі фестываль дакументальнага кіно «WATCH DOCS», прысвечаны абароне правоў чалавека.

Гэта адзін з найбуйнейшых у Еўропе фестываляў дакументальнага кіно ў справе абароны правоў чалавека. Заснаваны ён быў у Польшчы ў 2001 годзе. Гэта так званы «рухомы» фэст: штогод ён пачынаецца ў Варшаве, а пазней падарожнічае па іншых гарадах і краінах Еўропы. Так дакументальныя стужкі фестывалю штогод праглядаюць па шэсцьдзесят тысяч чалавек.

У Беларусі «WATCH DOCS» адбудзецца ўпершыню. Пачнецца ён у Міжнародны дзень абароны правоў чалавека 10 снежня. Цягам чатырох дзён на дзвюх менскіх пляцоўках пакажуць 17 конкурсных фільмаў, знятых дакументалістамі Францыі, ЗША, Ізраіля, Італіі і іншых краін.

Адна з арганізатарак мерапрыемства ў Беларусі, кіраўніца грамадскай арганізацыі «звяно» Таццяна Гацура-Яворская распавяла «Радыё Свабода»::

«Тэматыка кіно самая розная. Ёсць цяжкая тэма канфлікту ў Сірыі, якому прысвечаныя два фільмы. Адзін называецца «Алепа - нататкі з цемры», другі - «Наш страшны край». Рэжысёр аднаго з гэтых фільмаў Міхал Пшэдляцкі сустрэнецца з гледачамі 12 снежня. Гэта вельмі цікавы аўтар, шмат здымае ў краінах, дзе ідуць узброеныя канфлікты.

Цягам двух дзён будуць праходзіць так званыя сямейныя прагляды, прысвечаныя ўзаемаадносінам бацькоў і дзяцей. Гэта аргентынскі фільм «Каралева», польскі - «Дзеці тэлефануюць», фільм з М'янмы аб дзецях-аўтыстах, пасля якога адбудзецца сустрэча з беларускімі бацькамі дзяцей-аўтыстаў. Будзе кітайскі фільм пра інтэрнэт-залежнасць, і пасля прагляду таксама сустрэча з лекарам-псіхолагам.

Тэме Украіны прысвечаны асобны блок фестывальных фільмаў. Яны распавядаюць аб найноўшай гісторыі Украіны, гісторыі Майдана і валанцёрскім руху, які цяпер існуе ва Украіне ў падтрымку абаронцаў яе цэласнасці.

Вельмі важна адзначыць, што мы праводзім фэст без якой-небудзь фінансавай падтрымкі. Таму вельмі разлічваем на неабыякавасць нашых людзей, на іх зацікаўленасць у тым, каб гэты фестываль змог прайсці ў Менску. Было б вельмі добра, каб мы ўзялі за прыклад нашых суседзяў-украінцаў, якія аб'ядноўваюцца і ўласнымі сіламі робяць вялікія справы ў сваёй краіне. Фестываль у Менску цалкам ляжыць на плячах валанцёраў, таму будзем удзячныя нават за самыя маленькія ахвяраванні. Нас можна знайсці праз інтэрнэт-сайт фестывалю».

Як дадала Таццяна Гацура-Яворская, кінапрагляды будуць бясплатнымі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках