26 красавiка 2024, Пятніца, 16:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы ўдар па бізнэсу: аўтарынак Беларусі аддаюць расейскім дылерам

54
Новы ўдар па бізнэсу: аўтарынак Беларусі аддаюць расейскім дылерам

1 студзеня ўваходзіць у дзеянне тэхрэгламент МС «Аб бяспецы колавых транспартных сродкаў».

Гэта можа прынесці бізнэсу больш праблем, чым тэхрэгламент, які тычыцца прадукцыі лёгкай прамысловасці, які выклікаў незадаволенасць прадпрымальнікаў. Пра гэта заявіў намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Сяргей Варывода 2 снежня на пасяджэнні Савета развіцця прадпрымальніцтва, паведамляе БелаПАН.

Дакумент, між іншым, увёў сертыфікацыю аўтамабіляў, што ўвозяцца з-за межаў ЕАЭС. Са слоў Варывода, «нейкія ўмельцы» ўнеслі ў тэкст дакумента дыскрымінацыйную норму, у адпаведнасці з якой заяўнікамі на ацэнку адпаведнасці тыпу транспартнага сродку могуць выступаць толькі рэзідэнты Расейскай Федэрацыі. «Нацыянальны дылер не мае права прадаваць тавар без гэтай паперкі, але атрымаць яе можа толькі рэзідэнт суседняй краіны. Прашу савет звярнуцца ў Еўразійскую эканамічную камісію і прасіць прыбраць з тэхрэгламенту гэтую частку як супярэчную дамове аб ЕАЭС, бо яна выключае прынцып раўнапраўя суб'ектаў гаспадарання ў нашым саюзе», - сказаў намеснік старшыні БНПА.

Варывода ўдакладніў, што патрабаванні тэхрэгламенту датычацца не толькі аўтамабіляў, але і запчастак, на якія дылеры таксама з пачатку года павінны будуць мець сертыфікаты адпаведнасці. «Калі гэтага не будзе, то з 1 студзеня спыніцца ўся сфера тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў», - заявіў ён, удакладніўшы, што цяпер на нацыянальным узроўні падлягаюць сертыфікацыі 12 груп аўтакампанентаў, а з 1 студзеня іх колькасць павялічыцца да 118 пазіцый. Пры гэтым, са слоў Варывода, у Беларусі «няма або амаль няма» акрэдытаваных лабараторый, у якіх можна правесці неабходныя выпрабаванні.

Намеснік старшыні БНПА адзначыў, што ўвядзенне нормаў тэхрэгламенту згуляе на руку расейскім дылерам, наўпрост прадаўцам аўто ў Беларусі, але негатыўна адаб'ецца на айчынным бізнэсе. З яго звестак, за дзевяць месяцаў з пачатку 2015 45% продажаў на рынку новых аўтамабіляў у Беларусі ажыццявілі расейскія дылеры, тады як за аналагічны перыяд мінулага года гэты паказчык не дасягаў 10%. «Сёлета нацыянальны гандаль недаатрымаў прыкладна 4 трлн. рублёў тавараабароту па гэтай групе тавараў, з гэтай сумы толькі ПДВ склаў блізу 700 млрд., праўда, выплачаных, на жаль, у бюджэт іншай краіны», - сказаў Варывода.

Ён выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што тэхрэгламенты, што прымалі ў Мытным саюзе, не праходзяць «праз грамадскае сіта экспэртнай ацэнкі на нацыянальным узроўні» і, як правіла, бізнэс мала што пра іх ведае, пакуль яны не пачынаюць дзейнічаць.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках