29 красавiка 2024, панядзелак, 8:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзеля гіпермаркета ў Бабруйску высякаюць парк

8
Дзеля гіпермаркета ў Бабруйску высякаюць парк

Нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, пачалося знішчэнне зялёнай зоны на скрыжаванні вуліц 50 гадоў ВЛКСМ і Лынькова.

Чыноўнікі аддалі гэтую тэрыторыю кампаніі "Inproma Group" пад будоўлю гіпермаркета "Ома", піша сайт ПЦ "Вясна".

Зялёная зона стваралася на гэтым месцы спецыяльна, каб абараніць жыхароў ад выкідаў прадпрыемстваў, якія размясціліся праз дарогу - завода гуматэхнічных вырабаў, гарбарнага камбіната, завода буйнапанэльнага домабудавання, шыннага камбіната. Але цяпер, на думку мясцовых чыноўнікаў, санітарная зона стала неабавязковай. Нават з улікам таго, што са з'яўленнем тут будаўнічага гіпермаркета значна павялічыцца плынь аўтамабіляў, і паветра будзе забруджвацца яшчэ больш.

Высечка ідзе хутка, пад пілу трапляюць прыгожыя бярозкі і таполі. Усяго тут будзе знішчана блізу 650 дрэў.

У кастрычніку мінулага года мясцовыя ўлады правялі "грамадскія слуханні". Пераважная колькасць апытаных бабруйцаў, 563 чалавекі, выказаліся супраць высечкі санітарнай зоны і будаўніцтва гіпермаркета. Але іх меркаванне, у выніку, ніяк не паўплывала на пастанову чыноўнікаў. Было агучана, што будоўля пачнецца хуткім часам, і павінна скончыцца ў 2016 годзе.

Жыхары прылеглых да зялёнай зоны дамоў далей дасылалі звароты ў гарвыканкам, даводзілі сваю пазіцыю на сустрэчах з забудоўшчыкам і прадстаўнікамі ўлады, спадзяваліся на цуд. Але паспешная высечка санітарнай зоны, якая пачалася некалькі дзён таму, стала красамоўным адказам чыноўнікаў на просьбы бабруйцаў.

Характэрна, што ў "Пратаколе грамадскага абмеркавання праекта" ёсць наступная інфармацыя: "У гэтай сітуацыі мэтазгодна абавязаць забудоўшчыка зрушыць аб'ект на поўдзень, дзе значна менш зялёных насаджэнняў, а падчас распрацоўкі добраўпарадкавання і арганізацыі парковак прадугледзець выспачкі зеляніны ў месцах найбольшай канцэнтрацыі зялёных насаджэнняў". Сапраўды, з правага боку санітарная зона менш засаджаная дрэвамі, ёсць нават даволі вялікія пусткі. Але нават гэтыя рэкамендацыі забудоўшчык праігнараваў і пачаў ладзіць зручную для сябе пляцоўку, найбольш шчыльна засаджаную дрэвамі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках