28 красавiка 2024, Нядзеля, 0:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Горадні ў прадпрымальнікаў канфіскавалі $100 тысяч польскага капіталу

42
У Горадні ў прадпрымальнікаў канфіскавалі $100 тысяч польскага капіталу

Інвестар, што планаваў укласці больш грошай у Беларусь і прывесці сваіх сяброў-бізнэсоўцаў, вымушаны судзіцца праз дробныя парушэнні.

Пра гэта распавёў charter97.org адзін з гарадзенскіх прадпрымальнікаў, які пажадаў застацца неназваным. Ён распавёў гісторыю іх кампаніі, інвестар якой - грамадзянін Польшчы. Праз тое, што правяральнай установе не спадабалася тое, як запоўненая чарговая накладная, падатковая канфіскавала тавар на 1 мільярд 680 тысяч беларускіх рублёў. І гэта праз тыдзень пасля пачатку дзейнасці.

- Мы арганізавалі ў Горадні таварыства з абмежаванай адказнасцю з польскім капіталам. Наша дзейнасць выглядае наступным чынам: мы заказваем у Турцыі пашыў адзення, прывозім адзенне сюды ў Беларусь, праводзім мытную рэгістрацыю, праходзім усе неабходныя выпрабаванні, атрымліваем пацвярджэнне адпаведнасці - увогуле, атрымліваем поўны пакет неабходных дакументаў, які патрабуецца. І плануем прадаваць гэта ўсё оптам і раздробленым гандлем.

Мы пачалі нашу дзейнасць, папрацавалі даслоўна тыдзень - і тут прыходзіць да нас пазапланавая праверка. І пачалося: кантрольны закуп, касавы тэрмінал, увогуле, сталі капаць, да чаго б прычапіцца. І дакапаліся да таго, што ў нас няма нейкай там паперкі. Увогуле, тыповая высмактаная з пальца нагода. У выніку, у нас канфіскавалі тавар на 1 мільярд 600 мільёнаў рублёў проста так, - распавядае ён.

- Атрымліваецца, ім не хапіла аднаго-адзінага малаважнага дакумента?

- Так, ім не хапіла паперкі аб дастаўцы тавару ў пункт прызначэння, так званай ЦМР - гэта транспартны дакумент, які пацвярджае прыбыццё тавару з Турцыі ў Менск на мытню і далей у месца рэалізацыі і складавання. Нам заявілі, што такім чынам, наш тавар нібыта знаходзіцца ў краіне нелегальна. Хоць паперка ў нас у наяўнасці як раз была, але ім яна чамусьці не падышла. Гэтыя паперы выпісвае перавозчык, гэта міжнародная таварна-транспартная накладная.

- Вашага інвестара з Польшчы папярэджвалі аб цяжкім клімаце для бізнэсу ў Беларусі і аб магчымых непаразуменнях?

- Мы ж кансультаваліся са спецыялістамі пра тое, як нам усё правільна зрабіць. Наш інвестар настолькі сур'ёзна да ўсяго падышоў, каб уся дзейнасць была максімальна празрыстай і легальнай ў нас у Беларусі. У планах была арганізацыя вытворчасці ў Беларусі, стварэнне працоўных месцаў і гэтак далей. Гэта тычыцца не толькі адзення, у нашага інвестара былі тут і іншыя інтарэсы - напрыклад, уцяпленне будынкаў і гэтак далей. У сваю чаргу, у яго таксама шмат знаёмых, якія таксама чакаюць ягоных указанняў і расповядаў аб тым, ці можна на самой справе сюды ў Беларусь інвеставаць ці не. І атрымліваецца, што нашая падатковая працуе ў разрэз з інтарэсамі дзяржавы. Разумееце? Як гэта ні парадаксальна. Гэта значыць, людзі, якія павінны стаяць на варце эканамічных інтарэсаў краіны, проста гадзяць. З гэтай надуманай, з пальца высмактанай нагоды ў нас арыштавалі і канфіскавалі тавару на больш чым 100 тысяч даляраў. Я дапускаю, што з нашага боку гэта можа быць і парушэнне - але ж яно было зроблена не наўмысна, а праз нейкую дробную памылку і праз няведанне! Але сувымернасць правіны і пакарання проста ніяк не суадносяцца.

- Што думае ваш інвестар пра ўсё гэта? Ці спадзяецца на справядлівасць?

- Самае важнае тут тое, што наш замежны інвестар, які ўклаў у нашу краіну нейкую суму і збіраўся ўкласці больш грошай у беларускую эканоміку, а з ім так абышліся. Інвестар плануе чакаць пастановы суда і ад гэтага будзе залежаць далейшы ягоны лёс - ці будзе ён тут далей працаваць ці не, ці прыйдуць на наш рынак ягоныя знаёмыя з грашыма ці не.

Акрамя гэтага, іншы момант - усе мы ведаем, што індывідуальным прадпрымальнікам нельга працаваць з 1 сакавіка без дакументаў. Мы ім такую магчымасць даем! Гэта значыць, мы ўсё гэта задумалі дзеля таго, каб нашы людзі маглі спакойна прыехаць да нас, закупіць турэцкія джынсы, атрымаць увесь камплект правільных дакументаў - і спакойна працаваць. І цяпер атрымліваецца, што індывідуальным прадпрымальнікам не даюць спакойна працаваць ні з дакументамі, ні без дакументаў! Бо фірмаў, такіх як наша, у Беларусі ну, можа быць, адна-дзве. І калі нас пачынаюць «секчы» на самым старце нашай дзейнасці, то дзе будуць браць тавары гэтыя ІП-шнікі, ад якіх патрабуюць дакументы?

- 100 000 даляраў - вельмі вялікая сума. Вы збіраецеся надаць факт такога «рабавання» больш шырокай агалосцы?

- У панядзелак адбудзецца Форум прадпрымальнікаў. Мы з Анатолем Шумчанкам у гэтым плане працуем і хочам данесці нашу праблему да ўладаў і СМІ і задаць пытанне: ці не з'яўляюцца такія вось дзеянні нанясеннем шкоды іміджу Беларусі? За што ў нас, дарэчы, прадугледжана адказнасць. Я хачу яшчэ раз падкрэсліць: мы робім усё легальна, выконваем усе, што ад нас патрабуе заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Мы стараемся яшчэ і дзеля іншых людзей, якія могуць застацца без працы, я маю на ўвазе іншых прадпрымальнікаў. Акрамя гэтага, цяперашняя дзейнасць была выпрабавальным шарам, нас пакуль 4 чалавекі. А далей, на вытворчасці, павінна было б працаваць 30-40 чалавек - а гэта падаткі ў бюджэт, у ФФЗН. У той час, калі міністр замежных спраў не вылазіць з-за мяжы і шукае інвестараў для краіны, унутры краіны дзеецца такое бязмежжа.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках