28 красавiка 2024, Нядзеля, 19:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Начальнік Цэнтральнага РУУС не знайшоў парушэнняў у сваіх дзеяннях

5
Начальнік Цэнтральнага РУУС не знайшоў парушэнняў у сваіх дзеяннях

11 лютага прыйшоў адказ на заўвагу, занесеную актывістам Леанідам Кулаковым у кнігу заўваг і прапаноў РУУС Цэнтральнага раёна Менска.

23 студзеня, падчас выязных судоў у Цэнтральным РУУС над удзельнікамі ўшанавання памяці ўкраінскай «Нябеснай сотні», прысутных не пускалі ні ў будынак РУУС, ні на самі пасяджэнні. Заклапочаныя лёсам аднадумцаў, людзі прыйшлі падтрымаць іх у судзе, але патрапіць туды так і не змаглі. Спачатку іх выганяў дзяжурны супрацоўнік дзяржаўнай установы, а потым і сам начальнік - Артур Шахлай, піша ПЦ «Вясна».

Актывіст Леанід Кулакоў дамогся таго, каб напісаць заўвагу ў кнігу заўваг і прапаноў на дзеянні супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС. Больш нікому з прысутных такой магчымасці не далі. Прапаршчык міліцыі за каўнер паліто выставіў вонкі юрыста Праваабарончага цэнтра «Вясна» Насту Лойку, калі тая ў сваю чаргу прасіла кнігу заўваг і прапаноў. Каля дваццаці чалавек стаялі на марозе некалькі гадзін, чакаючы вынікаў разгляду спраў.

Праз 15 дзён быў дадзены адказ на заўвагу Леаніда Кулакова за подпісам самога Шахлая. У сваім адказе ён адзначае, што «падчас праверкі было высветлена, што 2015/01/23 года ў памяшканні УУС адміністрацыі Цэнтральнага раёна Менска праводзіўся разгляд спраў паводле адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных арт.23.34 КаАП, якія праходзілі ў выязным судовым пасяджэнні, з удзелам асоб, у дачыненні да якіх вёўся адміністрацыйны працэс, і іх адвакатаў. Перашкод да доступу ў залу, дзе праходзілі судовыя паседжанні, не выяўлена».

Такім чынам, Шахлай, які сам выганяў людзей з будынка РУУС, не прызнае сваіх супрацьпраўных дзеянняў і не бачыць парушэнняў правоў прысутных каля РУУС грамадзян.

Леанід Кулакоў не задаволены такім адказам і збіраецца звярнуцца са скаргай у Службу ўнутранай бяспекі МУС.

«Калі супрацоўнікі РУУС мяркуюць, што ў кнізе заўваг і прапаноў мной напісаны паклёп, то хай мяне прыцягваюць да адказнасці», - адзначыў ён.

Нагадаем, 9 чалавек было затрымана пасля акцыі ў памяць украінскай «Нябеснай сотні». Чатырох з іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і прысудзілі да 10 і 15 дзён арышту.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках