28 красавiка 2024, Нядзеля, 21:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пакупнікі трапляюць на рынак «Ждановічы» праз паркан

19

Пешаходы ідуць напрасткі, некалькі чалавек ужо пацярпела.

Жыхары Масюкоўшчыны даўно чакалі, каб улады разабраліся з блышыным рынкам у іх пад бокам. Скардзіліся на тлум, крадзяжы ў гародах, п'янкі і смецце. Звароты ў мясцовую адміністрацыю і рэйды ОМОНа не давалі рады.

Праблему чыноўнікі развязалі радыкальна - замкнулі праход металічнымі кратамі. І патлумачылі, што, па-першае, тунэль быў для перагону жывёлы. Па-другое, гэта адзіны спосаб зліквідаваць блышыны рынак.

Але тут пачаліся новыя праблемы.

- На рынак праз тунэль хадзілі жыхары Малінаўкі, Сухарава і Каменнай Горкі. Цяпер трэба зрабіць ладны крук. Канцавы прыпынак перанеслі, - распавяла сведка. - Некаторыя не ведаюць, выходзяць на старым прыпынку, упіраюцца ў агароджу ды ідуць у абыход.

Карэспандэнты «Комсомольской правды в Беларуси» адправіліся на Ждановічы. Не паспелі пад'ехаць да замкнёнай брамы, мужчына пералазіць праз паркан, перабягае чыгуначнае палатно... Тут жа па чыгунцы праносіцца цягнік.

- Як тунэль замкнулі - людзі палезлі праз агароджу, - распавядае ахоўнік рынку. - Раніцай на працу ідуць - каб не рабіць крук, лезуць праз паркан, а некаторыя і пад ніз... Па выходных наогул жах. І мужчыны, і дзеці, і нават маладыя жанчыны - усе лезуць.

- А што з блышыным рынкам, з'ехаў?

- Як працаваў, так і працуе! Крыху далей стаяць. Горш толькі пешаходам.

- Тут ужо і няшчасныя выпадкі былі, - падыходзіць мясцовы прадавец. - Адзін мужчына нагу зламаў, калі пералазіў. Іншага на мінулых выходных «хуткая дапамога» забрала. Пералазіў цераз агароджу, адна нага сарвалася, ён упаў на вострыя прэнты проста прычынным месцам. Зашывалі. Быў выпадак: п'яны пералез праз паркан, а калі пераходзіў чыгунку, упаў паміж дзвюма каляінамі. Гэта яго і выратавала - насустрач адзін аднаму ехалі два электрацягнікі. Калі б ягамосць стаяў, не выжыў бы.

Прадаўцы ждановіцкага сэканд-хэнду, убачыўшы журналістаў, збегліся расказаць пра свае праблемы.

- Людзей наогул няма, - кажуць у адзін голас. - Даход упаў напалову! У кавярнях, рэстарацыях такія ж праблемы, у «Свеце моды». Да нас і мамы з вазкамі раней прыходзілі, і паджылыя людзі. А цяпер нязручна. Няўжо іншых спосабаў змагацца з несанкцыянаваным базарам няма?

Падыходзім бліжэй да металічнага паркану, які аддзяляе мінакоў ад замкнутага тунэлю. На яго ўжо відавочна замахваліся: прэнты перацятыя абцугамі, сагнутыя. Відаць, што нехта хацеў пракласці ранейшую дарогу жывасілам.

На адваротным баку тунэлю працуе экскаватар. Як растлумачылі ў адміністрацыі Фрунзенскага раёна, пляцоўку з несанкцыянаваным базарам маюцца перадаць прадпрыемству «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі».

Так што найбліжэйшым часам прадбачыцца яшчэ і вялікая будоўля. Але мясцовыя жыхары, мінакі і прадаўцы са Ждановіч спадзяюцца, што чыноўнікі пойдуць ім насустрач і адамкнуць браму.

Фота: Павел Марцінчык, kp.by

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках