6 траўня 2024, панядзелак, 8:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы прэм'ер Украіны распавёў, як расейскія спецслужбы захопліваюць уладу ў іншых краінах

15

Самыя драматычныя падзеі для ўкраінскага войска і СБУ пачаліся з 2010 года, калі міністрамі абароны сталі людзі з Расеі.

Так мяркуе генерал украінскага войска, першы кіраўнік Службы бяспекі Украіны і былы прэм'ер-міністр Украіны Яўген Марчук. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

Кажучы пра тое, з чаго пачаўся развал украінскага войска, Марчук адзначае, што: «Я думаю, што ў 2014 годзе сітуацыя не была б такой драматычнай, калі б у 2010 годзе да ўлады не прыйшла каманда Януковіча. Вядома, Служба бяспекі Украіны, Міністэрства абароны яшчэ і да Януковіча амаль напоўніцу перажылі негатыўную трансфармацыю, асабліва калі пачалася свайго роду камерцыялізацыя дзейнасці Службы бяспекі ў 1999-2000 гады.

Але самыя драматычныя падзеі пачаліся з 2010 года, калі міністрамі абароны сталі людзі з Расеі, у тым ліку і міністр абароны Саламацін. Дарэчы, цяпер журналісты раскапалі, дзе яго дом, па суседстве з якім генералам ФСБ і гэтак далей. Тое ж самае адбывалася і са Службай бяспекі.

Але самае галоўнае, што за гэты час (прыблізна за тры з паловай гады пры Януковічы) акрамя таго, што на кіруючыя пасады былі прызначаныя людзі не толькі стоадсоткава прарасейскія, але падкантрольныя расейскім структурам, практычна адбылося ўварванне ў кіруючы сектар, у кіруючую сферу - гэта тое, што я ведаю дасканала: гэта Служба бяспекі і Міністэрства абароны.

Праўда, і Рада нацыянальнай бяспекі ператварылася ў своеасаблівы інструмент падрыхтоўкі разгону Майдана, і практычна адтуль ішло кіраванне, акрамя таго, што Служба бяспекі ўдзельнічала ў крывавых падзеях на Майдане».

Таксама Марчук расказаў, што пад кантролем спецслужбаў РФ апынуліся многія кадры СБУ і Мінабароны: «Такім чынам, уварванне, якое адбылося праз кадры, праз так званае супрацоўніцтва, у выніку скончылася тым, што расейскія спецслужбы практычна ўзялі пад кантроль і Міністэрства абароны, і Службу бяспекі. З гэтай нагоды ёсць дастаткова шмат сведчанняў, яны ўжо легалізаваныя, - пачынаючы з дакументаў Міністэрства абароны.

У кожнай краіне ёсць абсалютна сакрэтныя дакументы, якія рэгламентуюць дзейнасць узброеных сілаў у крытычнай сітуацыі, у тым ліку - у выніку агрэсіі. Усе гэтыя дакументы, на жаль, сталі здабыткам расейскіх спецслужбаў, не кажучы пра тое, што ва Украіне да пачатку Майдана знаходзілася вялікая група супрацоўнікаў ФСБ, якая практычна асвойвала Службу бяспекі Украіны ў сваіх інтарэсах.

Вось такі, здавалася б, просты элемент, як перавод узброеных сіл на кантрактную, а не прызыўную аснову - быццам бы, справа станоўчая, але Украіна не была гатовая да гэтага ні заканадаўча, ні фінансава. Калі абвясцілі пераход на кантрактны тып службы, практычна быў спынены звычайны, рэгулярны прызыў у адпаведнасці з заканадаўствам Украіны. А потым, калі ўзніклі крытычныя абставіны ў сувязі з агрэсіяй на Данбасе, з анэксіяй Крыму, выявілася, што ваенкаматы былі практычна нейтралізаваныя. Для таго, каб пачаць хоць бы нейкі прызыў, трэба было пачаць прызыў для фармавання ваенкаматаў».

«З іншага боку, вельмі часта задаюць пытанне: а што адбылося з мяжой? Чаму так лёгка праходзіла інфільтрацыя баевікоў з Расеі, наймітаў, рэгулярных узброеных сілаў? Тое, што называецца надзейнай мяжой, было размытае да 2014 года. Памежнікі - гэта не абарона, памежнікі - гэта рэгуляванне і ахова. Абарона, згодна з законам Украіны аб абароне, ляжыць на Міністэрстве абароны.

Абарона дзяржаўнай мяжы ляжыць на Міністэрстве абароны і на памежніках. Гэта значыць, рэальная мяжа, адрэгуляваная для людзей - гэта памежнікі, далей - рэгулярныя тэрытарыяльныя органы СБУ, гэта значыць, не воінскія, а міліцэйскія падраздзяленні, міграцыйная служба, а ўжо ў апошнім эшалоне - узброеныя сілы. Так практычна ва ўсіх нармальных дзяржавах будуецца мяжа, то бок, вайскоўцы не стаяць на мяжы, яны стаяць у трэцім эшалоне», адзначае Марчук.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках