29 красавiка 2024, панядзелак, 20:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як будуць расці кошты і абрынацца рубель?

24
Як будуць расці кошты і абрынацца рубель?

Ці ёсць ва ўладаў шанцы ўтаймаваць інфляцыю?

Праўленне Нацыянальнага банка мяркуе, што інфляцыя ў Беларусі паводле вынікаў 2015 года не перавысіць 20%. У прэс-рэлізе па выніках пасяджэння праўлення таксама адзначана, што «курсавая палітыка ў 2015 годзе будзе спрыяць згладжванню рэзкіх ваганняў абменнага курсу беларускага рубля, пры гэтым захаваюцца жорсткія падыходы да выкарыстання золатавалютных рэзерваў для правядзення валютных інтэрвенцый», піша «Заўтра тваёй краіны».

Ці спраўдзяцца гэтыя прагнозы?

Дырэктар у даследаваннях Ліберальнага клуба Яўген Прэйгерман мяркуе, што ў далейшым варта чакаць падзення курсу беларускага рубля.

- Канкурэнтаздольнасць айчыннай прадукцыі спрабуюць падтрымліваць за кошт падзення нацыянальнай валюты. Вось чаму ў далейшым варта чакаць зніжэння курсу беларускага рубля, - прагназуе ён.

З ягоных слоў, пакуль нішто не прадвесціць росту пакупніцкай здольнасці ў Расеі, павелічэння попыту на беларускія тавары.

- Акрамя таго, у нас вельмі нестабільная сітуацыя з золатавалютнымі рэзервамі. Так што ў якасці асноўнага інструмента, хутчэй за ўсё, будуць актыўна выкарыстоўваць паслабленне нацыянальнай валюты, - мяркуе эксперт.

Ён таксама адзначае, што ў такой сітуацыі ўладам не варта татальна ўтрымліваць кошты.

- Прынятыя раней меры ў замарожванні коштаў у нейкай ступені збілі паніку на рынку. Але далей так доўжыцца не можа. Жорсткі мараторый на рост коштаў прывядзе да згортвання гандлю, да спусташэння прадпрымальнікаў. У канчатковым выніку гэта будзе ўдар па эканоміцы і, як следства, па насельніцтву, - прагназуе Яўген Прэйгерман.

Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што падзенне беларускага рубля сёлета будзе доўжыцца больш хуткімі тэмпамі, чым у 2014-м.

- Тады было 100 рублёў у месяц, а цяпер будзе ад 300 да 500. Умовы замежнага гандлю не спрыяюць таму, каб беларуская эканоміка, як у 2011 годзе, хутка дасягнула дна і паступова адтуль выбіралася, - падкрэслівае эксперт.

На ягоную думку, да канца 2015 года курс даляра будзе складаць блізу 20 000 беларускіх рублёў.

Эксперт скептычна ставіцца да інфармацыі Нацыянальнага банка аб тым, што паводле вынікаў мінулага года інфляцыя ў Беларусі склала 16,2%.

- Беларускі рубель абясцэніўся летась на 50%. Так што казаць пра 16% інфляцыі цягам года проста смешна, - адзначае эканаміст.

Ён таксама не ўпэўнены, што сёлета ўладам атрымаецца ўтрымаць інфляцыю ў межах 20%.

- Якую б жорсткую манетарную палітыку не праводзіў Нацбанк, кошты ўсё роўна будуць расці. Калі за год дэвальвацыя дасягне 70%, то інфляцыя складзе не менш за 30-35%, - прагназуе Леў Марголін.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках