29 красавiка 2024, панядзелак, 20:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Пуцін трымае Лукашэнку на кароткім павадку

9
Алесь Бяляцкі: Пуцін трымае Лукашэнку на кароткім павадку

Любыя стасункі Лукашэнкі з Захадам маюць на мэце ўтрымаць беларускую эканоміку і самому ўтрымацца ва ўладзе.

У Нямеччыне на фоне расейска-ўкраінскага канфлікту амаль забыліся пра Беларусь, а стасункі паміж Еўразвязам і Менскам сталі менш нацягнутымі. Аляксандра Лукашэнку перасталі называць "апошнім дыктатарам" Еўропы пасля таго, як раней за тэрмін - у чэрвені мінулага года - вызвалілі з папраўчай калоніі Алеся Бяляцкага - кіраўніка беларускага праваабарончага цэнтра "Вясна", віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).

У інтэрв'ю Deutsche Welle Алесь Бяляцкі распавёў пра магчымыя наступствы падзей на Украіне для Беларусі, становішча ў краіне і замежнапалітычны курс Менска.

- Беларусь практычна цалкам знікла з фокусу ўвагі нямецкай прэсы. Як вы мяркуеце, усё зацямніла тэма канфлікту на Украіне ці сітуацыя з правамі чалавека ў вас на радзіме стала менш вострай?

- Зразумела, што Украіна цяпер на першым месцы. Лёс Украіны зробіць вялікі ўплыў на ўвесь рэгіён - на Беларусь, на Расею, на Малдову, на ўсе суседнія постсавецкія краіны. Так што павышаная ўвага да Украіны - гэта нядрэнна. З іншага боку, нас турбуе, што становішча з правамі чалавека ў Беларусі, дэмакратычныя працэсы, наогул усё, што ў нас адбываецца, адышло на задні план і не прыцягвае належнай увагі.

У нас нічога добрага не адбываецца. Аўтарытарная сістэма, выбудаваная Лукашэнкам, застаецца ранейшай. Калі змены адбываюцца, то, на жаль, у горшы бок. Рэзкае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека, з грамадзянскімі свабодамі ў Расеі робіць вельмі моцны негатыўны ўплыў на Беларусь.

- А якое непасрэднае ўздзеянне на Беларусь могуць зрабіць украінскія падзеі? У вас магчымы свой "Майдан"?

- У такім выглядзе, у якім ён праходзіў на Украіне, напэўна, не. Усе выбухі народнай актыўнасці ўнікальныя. Можна ўспомніць варыянты рэвалюцый канца 80-х гадоў у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У кожнай быў свой досвед. Таму, я думаю, што, калі ў нас і будзе нешта адбывацца, то ў беларускім варыянце. Я памятаю пачатак 90-х гадоў, калі сотні тысяч беларусаў патрабавалі пераменаў. Так што казаць, што ў Беларусі не будзе масавых выступаў, а ўлады цалкам кантралююць сітуацыю, нельга. Да таго часу, пакуль гэтая ўлада будзе будавацца на выбарчых фальсіфікацыях, на рэпрэсіях супраць няўгодных людзей, пакуль вярхі ўлады будуць жыць у адрыве ад патрэб і запатрабаванняў людзей, будзе захоўвацца выбуханебяспечная сітуацыя, і ў рэшце, я спадзяюся, змены надыдуць.

- Як у сувязі з гэтым вы ацэньваеце пазіцыю самога Аляксандра Лукашэнкі ва ўкраінскім канфлікце, той факт, што ён прыязджаў у Кіеў і выступаў за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны?

- Вельмі моцны ўплыў асабістага фактару, жадання захаваць уладу. Калі сёння "Крым наш", то чаму заўтра Беларусь не зможа стаць "нашай" для Пуціна і Расеі? Анэксія Крыма, безумоўна, напалохала Лукашэнку. Ён у свой час не прызнаваў анэксію Абхазіі, таму што разумеў, што такая палітыка можа распаўсюдзіцца і на іншыя краіны. Тое, што адбылося на Украіне вельмі моцна ўразіла яго. Прызнаць анэксію Крыма азначала б паставіць заўтра ці паслязаўтра пад пытанне сваю ўласную легітымнасць.

Што ж тычыцца стасункаў з Украінай, то яны чыста прагматычныя, у першую чаргу - эканамічныя. Украіна - другі паводле значэння гандлёвы партнёр Беларусі. Стасункі ж з Расеяй, на жаль, вельмі глыбокія - эканамічныя, палітычныя, вайсковыя. Цяпер Лукашэнка, можа быць, і хацеў бы зрабіць крок назад, але ланцужок, на якім яго трымае Пуцін, вельмі кароткі.

- Атрымліваецца, Лукашэнка сядзіць адразу на некалькіх крэслах. І стасункі з Украінай імкнецца не сапсаваць, і, як вы кажаце, "на павадку ў Пуціна", і адначасова падае сігналы ў Еўразвяз. Наколькі важная для яго нармалізацыя стасункаў з Захадам?

- Аб Захадзе ён успамінае і пачынае да яго звяртацца, калі яго спрабуюць прыперці да сценкі. Гэта звязана з эканамічнымі патрэбамі Беларусі, паколькі выбудаваная Лукашэнкам эканамічная мадэль сёння прабуксоўвае. Нават велізарнай эканамічнай дапамогі Расеі не хапае, каб утрымаць гэтую сістэму ў нармальным стане. Патрэбныя крэдыты. А іх можа даць толькі Захад.

- Улічваючы падзеі на Украіне, эканамічны крызіс у Расеі і гаспадарчую бязладзіцу ў самой Беларусі, ці магчымы паступовы дрэйф Лукашэнкі ў бок Еўразвязу і абумоўленая гэтым унутрыпалітычная лібералізацыя?

- У снежні адбылася 30-адсоткавая дэвальвацыя беларускага рубля. Гэта значыць, у кожнага беларуса фактычна скралі трэцюю частку ягонага заробку, залезлі ў кішэню і дасталі гэтыя грошы. Гэта трывожны званок, які паказвае, што не ўсё хвалебна ў "каралеўстве" Лукашэнкі, якое ён падае, як выспу стабільнасці. Стабільнасць прывідная. Улічваючы ж, што асноўны спонсар ягонага рэжыму - Расея на сённяшні дзень таксама знаходзіцца не ў лепшым эканамічным стане, яе дапамога, напэўна, будзе скарачацца.

Але сам Лукашэнка, я перакананы, не мяняецца. Усякія ягоныя стасункі з Захадам будуць насіць толькі тактычны характар і пераследаваць мэту ўтрымаць эканоміку і самому ўтрымацца ва ўладзе. Ён заўсёды з вялікай насцярожанасцю і нават з варожасцю ставіўся да Захаду і заходніх каштоўнасцей, да правоў чалавека, да дэмакратыі.

- Але ж і жыхары Беларусі, калі верыць некаторым сацыёлагам, не вельмі схільныя да заходніх каштоўнасцей, заходняй талерантнасці. Ці не супярэчаць такія настроі вашым словам пра прывіднасць палітычнай стабільнасці ў Беларусі?

- Такія настроі ёсць, у тым ліку і ў Нямеччыне, і іх трэба ўлічваць. Але разам з тым, праеўрапейскі трэнд у Беларусі дастаткова моцны. Паводле апытанняў, часам больш за палову, часам менш за палову выказваюцца за еўрапейскі вектар развіцця Беларусі. Каштоўнасці свабоды, натуральна, больш зразумелыя маладому пакаленню. Моладзь бывае за мяжой, на свае вочы бачыць, як жывуць суседзі - у Літве, у Польшчы, дзе ўзровень жыцця значна вышэйшы, чым у Беларусі, дзе ёсць прававая абароненасць і незалежныя суды. Я аптымістычна настроены і ў дачыненні да будучыні Беларусі.

Фота: charter97.org

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках