29 красавiка 2024, панядзелак, 20:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ахвяры сістэмы BelToll: Нам застаецца толькі выйсці на вуліцу

49

Беларускія грузаперавозчыкі збіраюцца 4 лютага на акцыю ля будынка Саўміна.

Нядаўна чытач charter97.org, уладальнік фірмы міжнародных перавозак Сяргей Штода распавёў абуральную гісторыю пра тое, як пры збегу абставінаў і з шэрагу тэхнічных памылак з міжнародных грузаперавозчыкаў у Беларусі ўлады запатрабавалі паводле розных звестак ад 50 да 80 тысяч еўра штрафу за нібыта парушэнні правілаў перавозак па платных дарогах краіны.

Ужо паслязаўтра дырэктары фірмаў, якія пацярпелі і ўжо паспелі збанкрутаваць, выйдуць да будынку Савета міністраў (вуліца Савецкая, 11) з патрабаваннем скасаваць гэтыя штрафы, вярнуць незаконным спосабам канфіскаваныя з рахункаў грошы і даць магчымасць спакойна працаваць і плаціць падаткі і далей.

Неўзабаве пасля інтэрв'ю charter97.org Сяргей Штода апублікаваў відэазварот да ўладаў. Сёння мы наважылі пацікавіцца, як праходзіць падрыхтоўка да пратэстаў, ці ёсць рэзананс у грамадстве і які план дзеянняў.

- Заўтра раніцай мы пойдзем на прыём да першага віцэ-прэм'ера Васіля Мацюшэўскага. Ад гэтага ўжо будзе залежаць тое, куды нам далей рухацца, - сказаў ён.

- Ці была нейкая рэакцыя грамадскасці або ўладаў пасля публікацый у СМІ?

- Так, трохі перапалоханыя перавозчыкі. Але што будзе чацвёртага - стане зразумела толькі заўтра. Вядома, людзі ў курсе. Да нашай старой каманды дадаліся новыя сябры. Вядома, прыемна, калі людзі тэлефануюць і кажуць: «О, у мяне тое ж самае. Што ад мяне патрабуецца, якая дапамога патрэбная?» Але я ўсё роўна ўсім, хто з гэтым сутыкаўся, кажу, што 4 лютага раніцай сустракаемся пад Саўмінам.

- З якіх гарадоў будуць людзі? Ці пад Саўмінам збяруцца толькі менчукі?

- Не, людзі едуць з іншых гарадоў: з Пінска, Клецка, на мікрааўтобусах па 7-8 чалавек аб'ядноўваюцца, каб на адной машыне. Людзі паедуць! Механізм запушчаны і дарогі назад няма. Ды і навошта? Ва ўсякім выпадку, мы будзем збірацца і выказваць сваю пазіцыю. Усё роўна, як яна будзе выглядаць: як проста акцыя пратэсту, у выглядзе блакавання кальцавой або ў выглядзе спалення машын. Гэта ўжо дэталі.

- У вас ёсць план?

- План дзеянняў у нас ёсць, і мы ва ўсякім выпадку будзем дзейнічаць. Дарыць уладам грошы і згаджацца з гэтым мы не будзем.

Мне сёння раніцай патэлефанавалі з банка і сказалі, што мой рахунак заблакаваны. Аўто ўжо на прыколе. Мне цяпер тэлефануюць з Масквы, просяць забраць грузы па працы, а другое аўта маё таксама на прыколе, бо кіроўца з апёкамі ў лякарні. Усё! Фірма зачыняецца. Я на днях пайду і скажу ў банку, што валютны рахунак і разліковы рахунак у беларускіх рублях зачыняецца, а ў ФФЗН напішу ліст, што сыходжу ў адпачынак гадоў на пяць. А як па-іншаму? Трэба быць ідыётам, каб выплачваць ім нават страшна падумаць колькі мільёнаў штрафу.

- Вы кансультаваліся з юрыстамі? Што кажуць аб вашых шанцах на поспех?

- Ёсць Пастанова Савета міністраў №340 ад 30 красавіка 2013 года. Там усё прапісана. І прапісана ўсё так, што варыянтаў праслізнуць наогул няма. А куды ні прыходзіш размаўляць, нават у тое ж міністэрства транспарту, эканомікі, юстыцыі - усе тыкаюць пальцам у гэтую пастанову і кажуць: «Мы разумеем, што гэта - трызненне, плаціць людзям па €50 тысяч штрафу. Але гэта пастанова Савета міністраў. Мы з гэтым зрабіць не можам нічога».

Заўтра я з Мацюшэўскім так і буду гаварыць. Пра тое, што ёсць куча іншых пастаноў, указаў і дэкрэтаў. Іх куча, валам - ткні ў кожную газету пальцам, патрапіш на чарговы! Але да кожнай з пастаноў рана ці позна з'яўляюцца нейкія папраўкі, дапаўненні і паслабленні. Вы ж усе жывыя людзі, дэпутаты, нешта не дагледзелі, чагосьці не ўлічылі! Давайце штосьці зробім па-іншаму, унясем змены ў дакумент і нейкі механізм будзе па-іншаму працаваць. Чаму тут нельга так зрабіць? Такую кашу заварылі! Столькі людзям стварылі праблем. Я ўпэўнены на 100%, што сёння многім заблакавалі рахункі.

І для чаго гэта ўсё робіцца, чаго хочуць гэтым дамагчыся? Ну не буду я цяпер плаціць падаткі, а раней плаціў, і вельмі добра: і ў гэтыя дурныя фонды па 35% ФФЗН, у «Белдзяржстрах», усякія транспартныя падаткі, мыты, за тэхагляд. Цяпер нічога гэтага не будзе! Аўтамабіль будзе мёртвым грузам стаяць. А калі судовыя выканаўцы ці хтосьці яшчэ прыйдуць яго забіраць, то фізічна яго забраць яны не змогуць. Я яго нікому аддаваць не буду, а паеду і спалю. Няхай забіраюць абвугленыя рэшткі! Выйсця іншага няма, разумееце? Яны самі штурхаюць нас у яму і пры гэтым хочуць, каб людзі не агрызаліся і каб да ўлады ў іх было нармальнае стаўленне. Гэта не эмоцыі ці нейкі разлік. Проста выбару і выхаду ўжо няма.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках