6 траўня 2024, панядзелак, 15:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Коммерсант»: Дэбальцава штурмавала расейскае войска

4
«Коммерсант»: Дэбальцава штурмавала расейскае войска

Баявыя заданні ў самаабвешчаных ДНР і ЛНР выконваюць прафэсійныя расейскія вайскоўцы.

Сэпаратысты жа з'яўляюцца ў занятых населеных пунктах толькі пасля праведзеных вайскоўцамі зачыстак, піша журналіст Ілля Барабанаў у артыкуле "У пампасах Данбаса", апублікаванай на сайце "Коммерсантъ". Падаем тэкст артыкула цалкам:

«20-гадовы Міша нарадзіўся ў Екацярынбургу, 21-гадовы Лёша - у Маздоку, Арцёму 22 гады, ён з Славянска-на-Кубані, а Дзіму - 23, ён з Уладзікаўказа. А яшчэ хлопцы з Чыты, Нарыльску, Улан-Удэ.

Усіх іх на першы погляд нішто не аб'ядноўвае. Але агульнае ўсё ж ёсць - горад N, вайсковая часціна *****, N-ская асобная мотастралковая брыгада.

Да нядаўняга часу ўсе яны праходзілі там кантрактную службу. Яшчэ ў снежні і студзені вешалі ў профілі сацыяльных сетак супольныя фатаграфіі з часткі, мінулым летам - з вучэнняў побач з БТР. А яшчэ - у прыгожай форме перад люстрам.

Але два-тры тыдні таму ўсё змянілася, і вось ужо двое таварышаў са службы без знакаў адрознення абдымаюцца на адной з плошчаў Горлаўкі, іншы ў той жа сацыяльнай сетцы змяшчае фатаграфію, дзе тры маладыя хлопцы сядзяць на брані дзесьці на дарозе на Дэбальцава. Трэці - кадр з захраслым у акопе дээнэраўскім танкам - галоўнай славутасцю на ўездзе ў разбураны Вуглягорск.

На вайну яны патрапілі ўжо пасля 20 студзеня, калі ў Данбасе аднавіліся актыўныя баявыя дзеянні. Тут яны нібыта як у бестэрміновай выправе. Камандзіры былі не супраць, наадварот, парыванне яны віталі, распавёўшы, чаму менавіта цяпер і менавіта ў гэтыя месцы трэба паехаць радзіму абараняць.

Сыходзілі яны ў Данбас не падраздзяленнем, а групамі па тры чалавекі - экіпаж баявой машыны. Цяпер, застаўшыся без сувязі, яны ў мяне цікавяцца лёсам сваіх сяброў, пытаюцца, ці жывыя яны. На месцы іх таксама размеркавалі ў розныя ўжо сфармаваныя падраздзяленні войска ДНР.

Логіка ваенных дзеянняў за апошнія месяцы дастаткова простая: на выкананне баявых заданняў з боку ці то самаабвешчаных рэспублік, ці то «асобных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласці» (як напісана ў Менскім пагадненні) выязджаюць тыя, хто сапраўды ўмее ваяваць. Яны выконваюць пастаўленую задачу і адыходзяць, а ў заняты імі населены пункт, у камендатуры і на блок-посты сустракаць журналістаў заступаюць ужо мясцовыя ваеўнікі, якія ахвотна распавядаюць аб сваёй шахцёрскай мінуўшчыне. У нейкі момант можна і сапраўды падумаць, што на вайну з «хунтай» паўсталі спрэс тутэйшыя, але потым нехта прабрахаўся:

- За тым тэрыконам бураты стаяць.

- А што за бураты?

- Ну... данбаскія індзейцы.

Усе ўсміхаюцца, усе ўсё разумеюць. Апошнімі днямі перад канчатковым штурмам Дэбальцава, каб лішні раз не паказваць «буратаў», журналістам пастараліся максімальна перацяць уезд у Вуглягорск, адкуль развіваўся наступ унутр катла. Праз пару дзён пасля штурму, калі Дэбальцава канчаткова «зачысцілі», на блок-посты выставяць шахцёраў, а журналістам зноў будзе адкрытая дарога.

Пра стратэгічнае значэнне Дэбальцава за апошнія дні было сказана шмат - гэта і простая дарога, якая злучае Данецк з Луганскам, і найвялікі чыгуначны вузел, і важная з артылерыйскага пункту гледжання вышыня. Пра тое, колькі соцень чалавек з абедзвюх старон загінула за час расцягнутага амаль на месяц штурму, мы даведаемся не неўзабаве.

Пасля ўзяцця Дэбальцава лінія фронту чарговы раз «выраўнавалася». Не выключана, што дасягнутае ў Менску пагадненне аб замірэнні цяпер будзе месцам выконвацца, агонь спыніцца зусім ці хаця б крыху сціхне на месяц ці два, пакуль камусьці не ўзбяжыць думка, што самаабвешчаныя рэспублікі не могуць далей жыць без Марыупаля, Арцёмаўска або Лісічанска. Тады ў вайсковых частках па ўсёй вялікай краіне зноў актывізуюцца «палітрукі» з апавяданнямі пра тое, як важна дапамагчы вальналюбнаму Данбасу ад агрэсіі Захаду. Ніякай прынукі - толькі добраахвотнікі.

І Міша, і Лёша, і Арцём, і Дзіма перад ад'ездам падпісалі рапарты аб звальненні. Калі каму-небудзь з гэтых хлопцаў падчас штурму Дэбальцава вельмі моцна не пашанцавала, то не пашанцавала добраахвотніку, які на момант сваёй смерці да той вайсковай часці і той брыгады дакладна не мае ніякага дачынення.

І нагадвае ўсё гэта грамадзянскую вайну ў Гішпаніі. Добраахвотнікі з СССР ехалі туды з «нансэнаўскімі пашпартамі» або дакумэнтамі адной з еўрапейскіх краін. Дабірацца было складаней, дый псэўданімы былі зусім іншыя: будучы маршал СССР Радзівон Маліноўскі быў не «Матарола», а палкоўнікам - «каланэль Маліно».

Вайсковы дарадца Ян Берзін мог загінуць пад імем генерала Даніцэці, але ў выніку быў расстраляны ў 1938 на палігоне «Камунарка».

Ілля Эрэнбург у кнізе «Людзі, гады, жыццё» ўспамінаў: «У 1943 годзе на КП каля Гомеля я ўбачыў начальніка арміі генэрала Батава. Мы размаўлялі аб будучым наступе. Раптам нехта гукнуў: «Фрыц!» - з’явіліся варожыя самалёты. А генэрал і я смяяліся: у Гішпаніі нашы вайсковыя дарадцы насілі розныя імёны - Валуа, Лоці, Маліно, Грышын, Грыгаровіч, Дуглас, Нікалас, Вальтэр, Ксанці, Пятровіч. Паўлу Іванавічу Батаву чамусьці дасталася прозвішча Фрыц».

- Вас адпраўлялі на вучэнні ў Растоўскую вобласць або шчыра сказалі, што едзем ваяваць ва Украіну?

- Адразу сказалі. Сам бачыш, што гэтыя пачвары робяць, усе сюды прасіліся. Я ў войску служу не для таго, каб вучыцца шыць і капаць.

- А «выправа» надоўга ці бестэрміновая, пакуль не адклічуць?

- Пакуль самі не паедзем. Я хачу альбо да канца вайны, альбо да астатняга ўздыху ваяваць.

- А табе самому гэта навошта? - спытаў я аднаго з іх.

- Нам патлумачылі, што мы дапаможам спыніць тут вайну, - быў мне адказ.

Але, седзячы на брані, вайну спыніць нельга. Вайну можна спыніць, толькі калі ўсе злезуць з брані і вернуцца дадому, хоць бы ў сваю краіну з суседняй.

P.S. Аўтару вядомыя поўныя імёны і прозвішчы ўсіх герояў тэксту, але рэдакцыя не ўважае за правільнае іх пакуль публікаваць».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках