28 красавiка 2024, Нядзеля, 15:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары 32 краін прачыталі верш Караткевіча (Відэа)

13

Акцыя прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.

Беларуская кампанія Gurtam, якая мае шырокую геаграфію партнёраў ва ўсім свеце, падрыхтавала відэаролік «32 акцэнты беларускай мовы». Людзі з розных месцаў планеты чытаюць па-беларуску вершы Уладзіміра Караткевіча «Дзе мой край».

Галоўны офіс Gurtam знаходзіцца ў Менску, але геаграфія партнёраў гэтай кампаніі, якая распрацоўвае софт на базе навігацыйных сістэм, складаецца з 90 краін свету. У рамках бізнэс-кантактаў да Gurtam у Беларусь прыязджаюць шматлікія госці і часта пытаюцца пра беларускую мову і культуру краіны, піша Generation.by.

«З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага) у нас паўстала ідэя: як пазнаёміць нашых замежных сяброў з роднай для беларусаў мовай. Мы выбралі самы прыгожы, на наш погляд, беларускі верш «Дзе мой край» Уладзіміра Караткевіча і папрасілі нашых партнёраў прачытаць яго на відэакамеру. Мы загадзя падзялілі верш на радкі, транслітаравалі, расставілі націскі, увогуле, зрабілі ўсё магчымае, каб партнёры змаглі здзейсніць задуманае і атрымаць ад гэтага задавальненне», - апісваюць працэс стварэння свайго роліка аўтары.

За два тыдні да Дня роднай мовы кампанія разаслала партнёрам прапанову паўдзельнічаць у рэалізацыі ідэі. Адмаўляліся нямногія: большасць з энтузіязмам пагадзіліся далучыцца да беларускай мовы. У выніку ў стварэнні роліка ўзялі ўдзел партнёры з 32 краін: кожнаму дастаўся свой радок з верша.

Як распавёў Аляксандр Куўшынаў, амаль ні ў каго не атрымалася запісаць з аднаго дубля, але ў выніку выйшла зусім нядрэнна. Партнёры з Афрыкі распавядалі, што відэакамеру прыйшлося везці ледзь не з суседняй вёскі.

Некаторыя партнёры творча падышлі да задання. Хтосьці чытаў фразу ўсім офісам і даслаў шмат варыянтаў на выбар, як гэта зрабілі партнёры з Мексікі і Ірака. Хтосьці здымаўся на фоне славутасцяў, хтосьці на фоне ўзлятаючага самалёта. А адзін з партнёраў - Імра Хан з Пакістана - нават праспяваў свой радок, натхніўшыся песеннай версіяй верша ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча.

Беларусы перавялі ўсім змест радкоў, каб замежнікі разумелі, пра што ідзе гаворка.

«Апошнім, хто даслаў відэа, быў партнёр Gurtam з Расеі. Для яго выбралі самы спецыфічны радок, каб больш не ўважалі, што беларуская і расейская мовы - аднолькавыя», - адзначаюць у Gurtam.

«Усе ўдзельнікі відэароліка вельмі стараліся, за што ім вялікі дзякуй. Гэтым ролікам мы хацелі распавесці беларусам, што нашы дзеці ніколі не пачнуць размаўляць на мове, пакуль бацькі не дадуць ім прыклад.

І калі замежнікі, зусім чужыя нашай культуры людзі, не пасаромеліся і сказалі некалькі слоў на беларускай, чаму баімся мы? Варта ўсё ж паспрабаваць. Хаця б у гэты Міжнародны дзень роднай мовы давайце паабяцаем сабе гаварыць па-беларуску», - заклікаюць супрацоўнікі Gurtam.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках