Льготы для прадпрыемстваў скароцяць
3- 23.02.2015, 9:43
- 9,357
Беларусь бліжэйшым часам можа перайсці да сектаральных ільгот.
Пра гэта заявіў першы віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі ў эфіры праграмы «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1», піша БелТА.
З яго слоў, гэтае пытанне ўжо абмяркоўвалася ва ўрадзе. «І ёсць агульнае меркаванне, што колькасць ільгот павінна змяншацца. Мы павінны паступова пераходзіць да сектаральных ільготаў - калі мы стымулюем не пэўны суб'ект гаспадарання, а некаторыя стратэгічна важныя галіны эканомікі для рэспублікі», - сказаў Васіль Мацюшэўскі.
Ён адзначыў, што ў стратэгіі развіцця рэспублікі на 2016-2020 гады гэтыя прыярытэты ўжо будуць адназначна вызначаныя.
Першы віцэ-прэм'ер адказаў таксама на пытанне аб планах урада ў дэдалярызацыі беларускай эканомікі. Ён пагадзіўся, што беларусам трэба перастаць усё мераць у далярах. «Але для комплекснай рэалізацыі гэтых захадаў трэба прайсці дастаткова сур'ёзны шлях, павысіць узровень даверу насельніцтва да нацыянальнай валюты», - адзначыў Васіль Мацюшэўскі.
Каментуючы змены ў падаткаабкладанні, ён запэўніў, што такое пытанне, як чарговае павышэнне стаўкі падаходнага падатку, пакуль у Беларусі не стаіць. «Мы пакуль у стане развязваць сацыяльныя праблемы без павышэння падаходнага падатку», - сказаў Васіль Мацюшэўскі.