Станіслаў Шушкевіч: Украіне трэба даць сучасную зброю
8- 23.02.2015, 11:44
- 25,041
Дыпламатычныя намаганні ў барацьбе з агрэсарам не працуюць.
Пасля Менскіх пагадненняў інтэнсіўнасць баёў у зоне АТА трохі знізілася, але праціўнік па-ранейшаму вядзе ўзброеныя правакацыі. Са слоў спікера АТА Андрэя Лысенкі, баевікі прадаўжаюць узброеныя правакацыі, у тым ліку з выкарыстаннем цяжкай тэхнікі.
Так званае мірнае пагадненне не спыніць расейскай агрэсіі, паведамляе «Радыё Рацыя».
«Украіне патрэбная вайсковая дапамога ў выглядзе сучаснай зброі», - мяркуе першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.
«Украіна цяпер нагадвае такое патрыятычнае племя, якое атручанымі стрэламі змагаецца з сучаснымі, рэактыўнымі знішчальнікамі - вось у чым бяда. Вайсковая дапамога можа быць толькі ўзбраеннем. Нельга абараняцца тымі прымітыўнымі сродкамі, якія ёсць на ўзбраенні ўкраінскага войска. Калі ім не дапамогуць сучаснымі сродкамі ў гэтым супрацьстаянні, то баюся, што дыпламатычных намаганняў будзе мала», - заявіў ён.
Як паведаміў Андрэй Лысенка, на выходных у Данецкам кірунку ўкраінскія пазіцыі паблізу паселішчаў Пескі, Опытнае, Вадзяное былі абстраляныя з выкарыстаннем рэактыўных сістэм залпавага агню, артылерыі, мінамётаў.
У Марыупальскім кірунку баевікі з танкаў, мінамётаў і стралковай зброі 4 разы абстралялі ўкраінскія пазіцыі.