Нафтаперапрацоўшчыкі ды алігарх Чыж - галоўныя льготнікі краіны
20- 23.02.2015, 21:07
- 30,179
Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі дзейнічаюць 250 ільгот, праз якія бюджэт страціў амаль мільярд даляраў.
"У краіне дзейнічаюць 250 ільгот. Бюджэт 2013 страціў ад гэтага амаль мільярд даляраў. Раней у нас была магчымасць такія льготы даваць. Цяпер іншыя часы. Ад індывідуальных ільгот трэба сыходзіць. Усе суб'екты гаспадарання павінны працаваць у роўных варунках - мы павінны зыходзіць з гэтага прынцыпу. Вынятак толькі для прыярытэтных тыпаў дзейнасці", - заявіў днямі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб актуальных пытаннях падатковай палітыкі.
Журналісты "Еўрарадыё" высветлілі, каму дыктатар падарыў ільготы.
Забудоўшчыку гатэля каля цырка ў Менску, больш вядомага як "Кемпінскі" не трэба было плаціць мыты за ўвоз будматэрыялаў. Кампанію "Эліт-Эстэйт", указам Лукашэнкі вызвалілі ад:
- Кампенсацыі страт, што прычыняюцца землекарыстальнікам праз выманне зямельнага надзелу і руйнавання размешчаных на ім будынкаў.
- Выплат у фонд прэзідэнта на падтрымку культуры і мастацтва.
- Абавязкаў аб выдачы сацыяльнага і службовага жылля.
- Выплат мэтавых збораў у бюджэт Менска.
Кампанію "Трайпл", якая належыць алігарху Чыжу, Лукашэнка сваім указам вызваліў ад мыт на ўвезеныя ім тавары і сыравіну для будаўніцтва нерухомасці ў Менску і Менскім раёне.
Ад падатку на дададзеную вартасць вызвалены указам Лукашэнкі "Другі нацыянальны канал" і "Сталічная тэлевізія", а таксама яшчэ 14 паслуг ад дзяржарганізацый у сферы культуры.
ПДВ не плацяць прадаўцы нафтапрадуктаў, якія вырабіла "Беларуснафта". Таксама гэтыя прадукты не абкладаюцца акцызамі.
А вось у праграмістаў могуць урэзаць ільготы, згодна з праектам дэкрэта Лукашэнкі. Праз гэта выплаты ў фонд сацыяльнай абароны для рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій могуць павялічыцца ўдвая, а падатак на прыбытак вырасце на 1%, да 10%.
Пры гэтым, усе тыя ж ільготы, якія былі ў Парку высокіх тэхналогій, застаюцца ў Кітайска-Беларускім парку, які пакуль недабудаваны.