28 красавiка 2024, Нядзеля, 7:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рыгору Барадуліну споўнілася б 80 гадоў

11
Рыгору Барадуліну споўнілася б 80 гадоў

Дагэтуль у Беларусі няма ні вуліцы Барадуліна, ні ганаровай дошкі, ні помніка.

Але ягоныя кнігі, складзеныя сябрамі і прыхільнікамі, прадаўжаюць выдавацца, моладзь ведае ягоныя вершы на памяць і спявае сабраныя ім песні з роднай Вушаччыны.

Калісьці ў 1992-м ужо незалежная Беларусь уганаравала Рыгора Барадуліна званнем «Народны паэт Беларусі». Больш за два дзесяткі гадоў таму краіна паставіла паэта ў адзін шэраг з Янкам Купалам і Якубам Коласам, Максімам Танкам і Петрусём Броўкам, паведамляе «Радыё Свабода».

Прайшоў ужо амаль год па смерці Рыгора Барадуліна, але дзяржава пакуль не спяшаецца ўшаноўваць ягоную памяць на афіцыйным узроўні.

Журналіст Сяргей Шапран, які яшчэ пры жыцці Рыгора Барадуліна выдаў кнігу гутарак «Тры мяхі дзядзькі Рыгора», з «дзяржаўных» намаганняў згадвае толькі тое, што «Белпошта» надрукавала канверт з выявай паэта.

«Уладзімір Някляеў некалі трапна заўважыў, што страты аб'ядноўваюць нацыю. І адной з такіх страт, безумоўна, стаўся раптоўны сыход Рыгора Барадуліна. Але мне, на жаль, нічога не вядома, каб памяць Барадуліна неяк ушаноўвалася на дзяржаўным узроўні», - адзначыў Сяргей Шапран.

Акцыю «Вуліца Барадуліна» абвясціла таксама грамадская кампанія «Арт-Сядзіба» разам з Таварыствам беларускай мовы. Усім ахвочым прапануюць звяртацца ў Савет міністраў з просьбай, каб у Менску і ў родных Барадулінскіх Вушачах вуліца імя паэта ўсё ж з'явілася. На сайце афіцыйных зваротаў zvarot. by паказана, што з такой просьбай ужо звярнуліся 3844 чалавекі.

Аднак пра блізкія перамены не чуваць. На запыты Саюза пісьменнікаў Міністэрства культуры адпісваліся тым, што ў гонар пісьменніка запланаваныя тэматычныя выставы.

Яшчэ ў канцы мінулага года да віцебскіх уладаў звярнуўся адзін з актыўных ініцыятараў спадчыны Барадуліна - Глеб Лабадзенка. Ён пытаўся, як менавіта на Віцебшчыне адзначаць 80-годдзе паэта.

У спісе мерапрыемстваў, якім забяспечыла Глеба Лабадзенкі Галоўная ўправа ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Віцебскага аблвыканкама - блізу двух дзесяткаў тэматычных выстаў і лекцый у бібліятэках Віцебска.

Сяргей Шапран падказвае, што яшчэ трэба зрабіць, каб памяць пра Барадуліна была ўвекавечаная годна:

«Хацелася б дачакацца не толькі поўнага, акадэмічнага Збору твораў Барадуліна, але каб у Менску і ў родных Барадулінскіх Вушачах з'явіліся вуліцы ягонага імя, каб зноў жа ў Менску і ў Вушачах былі помнікі паэту і мемарыяльныя шыльды на тых дамах, дзе жыў дзядзька Рыгор, каб адкрыўся ягоны музей - у горадзе ці зноў жа ў Вушачах. Каб творчасць Барадуліна шырэй вывучалася ў школах, і каб нарэшце была перагледжаная школьная праграма, так як самога Барадуліна засмучала тое, якія менавіта ягоныя вершы вывучаюцца ў школе.

Акрамя таго, яшчэ адно істотнае пытанне - каб паэзія Барадуліна існавала не толькі ў арыгінале, па-беларуску, але і каб яна выдавалася ў перакладах на іншых мовах. Бо калі мы хочам, каб беларускае слова, беларуская паэзія была вядомая ва ўсім свеце, яна павінна мець адпаведныя пераклады. Між іншым, менавіта адсутнасць такіх перакладаў і стала, напэўна, самай галоўнай прычынай таго, што Рыгор Барадулін так і не атрымаў Нобелеўскую прэмію. Безумоўна, памылку гэтую ўжо не выправіць, але ўсе мы разам здольныя зрабіць многае, каб імя Барадуліна было вядома не толькі нам, сучаснікам паэта, але і тым, хто прыйдзе пасля нас».

Усё гэта не толькі ў паўнамоцтвах, але ў прамых абавязках чыноўнікаў ад культуры. Пакуль што гэтую працу цалкам бяруць на сябе грамадзяне.

Глеб Лабадзенка, які ў 2013 годзе ініцыяваў унікальны праект «Лепш», у які ўвайшлі кніга вершаў, фотаальбом і дыск з запісамі Барадуліна, кажа, што менавіта памяць людзей аб «дзядзьку Рыгору» і ёсць самае галоўнае.

«На гэтым тыдні тры мерапрыемствы. На курсах «Мова наноў» у панядзелак занятак, прысвечаны Рыгору Барадуліну, дзе мы ўключым ягоны голас, голас ягонай матулі, пакажам рэдкія фатаграфіі. Натуральна, будзем чытаць ягоныя вершы.

24 лютага ў дзяржаўнай філармоніі Сяргей Доўгушаў, лідар гурту Vuraj, ладзіць таксама праграму «Песні матчыны з Вушаччыны». Сяргей быў знаёмы з дзядзькам Рыгорам. Ён у захапленні ад гэтых вушацкіх песень, якія сабраў Барадулін. А 27-га лютага ў Палацы мастацтваў будзе прэзентацыя дзённікаў Барадуліна, якія рыхтуе даследчыца Наталля Давыдзенка. Яна калега дзядзькі Рыгора, і яшчэ пры жыцці стала клапаціцца аб ягоным архіве. Знайшла дакументы, пра якія ён забыўся, дзе яны. А ў Вушачах знайшла ягоныя дзённікі школьнай пары, калі ён яшчэ па-расейску пісаў».

«Вуліцы, помнікі і ўсё астатняе можна зрабіць заўсёды, і гэта так ці інакш будзе зроблена, - кажа Лабадзенка. - А памяць народная і любоў, якая не перарываецца, - гэта самае галоўнае».

Сябар Рыгора Барадуліна Уладзімір Някляеў паэтычна выказваецца, што «бездань Барадуліна словамі не запоўніць».

«Сказаць, што памяць Рыгора Барадуліна ўвекавечаная дастаткова і годна, я не магу. Гэта паэт, які нараджаецца раз у стагоддзе, а можа, нават, і на ўсю гісторыю краіны. Колькі ні пакланяцца, усё роўна бездань Барадуліна запоўніць словамі немагчыма. А вось справай можна было б. Дагэтуль не названа ягоным імем вуліца ў Вушачах, і гэтак далей. У кожным моманце ўзнікаюць праблемы, якіх магло б не быць, калі б людзі не задаваліся пытаннем: «А раптам за гэта нешта дрэннае будзе?»

Калі яны перастануць задавацца такімі пытаннямі, а пачнуць паважаць Барадуліна, не аглядаючыся на тое, што вакол, тады і будзе тая павага, тое разуменне паэта, якое нам трэба», - падсумоўвае паэт і палітык.

Лабадзенка мяркуе, што жаданне Барадуліна быць пахаваным у Вушачах - гэта ягоны апошні падарунак роднай зямлі. А для саміх Вушачаў увекавечанне памяці земляка - ці ледзь не адзіны шанец застацца ў кантэксце беларускай культуры не шэраговым райцэнтрам.

«Колькі разоў я за гэты год быў на магіле, там заўсёды свежыя кветкі, прыбрана. Стаяць знічкі. Відаць, што народная сцяжына да яго не зарастае. Хоць былі трывогі, што хто ў гэтыя Вушачы будзе ездзіць, можа, лепш яго ў Менску пахаваць. Але гэта была ягоная воля. Гэта месца ён сабе пакінуў побач з мамай. І вельмі добра, што гэтая воля была выкананая», - распавядае Глеб.

Дарэчы, грошы на помнік, праз год пасля смерці плануюць усталяваць на магіле паэта ў родных Вушачах, таксама збіраюць талакой. Абвешчаны збор сродкаў на дабрачынны рахунак, які адкрыты на імя ўнучкі паэта Дамінікі Клімінай.

Лабадзенка перакананы, што ў Беларусі іншага выйсця, акрамя як ушанаваць памяць Барадуліна, проста няма. І рана ці позна гэта абавязкова адбудзецца.

«Усё ідзе натуральным чынам, - кажа Лабадзенка. - Не думаю, што хтосьці спадзяваўся, што за гэты год у кожным беларускім горадзе з'явіцца вуліца Барадуліна і помнік Барадуліну. Але гэта пытанне часу. Барадулін - гэта чалавек маштабу Купалы, Багдановіча. Ні ў каго няма сумневаў сёння, што ўсюды ёсць вуліцы Багдановіча, Купалы, а Барадулін заняў гэтае месца яшчэ пры жыцці.

Я б не перажываў, што за гэты год рэзкага росту шанавання ягонай памяці не адбылося. У нас не так шмат паэтаў і асоб маштабу Барадуліна. Іншага шляху, акрамя як шанаваць ягоную памяць, проста няма».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках