28 красавiка 2024, Нядзеля, 19:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхар Стоўбцаў: На біржу не пайду - усё роўна запішуць у «дармаеды»

22
Жыхар Стоўбцаў: На біржу не пайду - усё роўна запішуць у «дармаеды»

На біржы працы ў асноўным прапаноўваюць вакансіі з заробкам у два мільёны.

Жыхар Стоўбцаў распавёў «Салідарнасці» пра жыццё ад крызісу да крызісу ў краіне: пра асаблівасці пошуку працы ў правінцыі, страх штрафаў за «дармаедства», ад чаго даводзіцца адмаўляцца, каб зэканоміць.

30-гадовы Мікалай жыве ў Стоўбцах (Менская вобласць). Апошнімі месяцамі ён шукае працу. Летась пайшоў з філіяла Менскага маторнага завода.

- Заробка катастрафічна перастала хапаць. Заплаціш за камуналку, за крэдыт на кватэру, і на ежу ўжо не застаецца. А ў нас дзіця, хоць і маленькае, а грошай трэба шмат, - патлумачыў мужчына свой сыход з працы.

Раней на заводзе ён мог зарабіць блізу 500 даляраў, але апошнія гады заробак стаў падаць:

- На маім участку працавала больш за трыццаць працоўных, у снежні ўжо было 15 чалавек, аб'ём заказаў знізіўся разы ў тры. Там і зараз можна зарабіць мільёнаў 8-9, але гэта прывілей найбольш дасведчаных і кваліфікаваных.

У Мікалая няма спецыяльнай адукацыі, а працаваць за 3 мільёны ён не можа сабе дазволіць.

Жыццё паміж крызісамі

Летась да снежня ён працаваў мулярам у прыватніка. Раней самастойна асвоіў некалькі будаўнічых спецыяльнасцяў, працуючы ў мясцовай будаўнічай брыгадзе.

На працу ўладкаваўся без афармлення, разлічваючы зарабіць грошай і адкрыць ІП, але чарговы крызіс унёс карэктывы. У ягонага працадаўцы зніклі заказы, плаціць не было чым.

- Які гэта ўжо па ліку крызіс? Трэці, чацвёрты? - паспрабаваў успомніць мужчына. - Мінулым разам, у 2011-м, так супала, я таксама працаваў у прыватніка. Тая ж сітуацыя: няма заказаў - няма грошай. Ды яшчэ і з валютай было не зразумей што.

Як у фільме пра «дзікі капіталізм»

Мікалай рэгулярна вывучае вакансіі ў інтэрнэце, тэлефануе па нумарах, знойдзеных на гарадскіх дошках аб'яваў.

- Вельмі часта за нумарамі ў аб'явах хаваюцца кадравыя агенцтвы. Для мяне гэта не варыянт: прыедзь да іх, укладзі дамову, заплаці 900 тысяч. І гэта без гарантыі працаўладкавання. Не, яны, вядома, знойдуць варыянты. Але навошта мне заробак 3-4 мільёны?

Быў і такі выпадак: аб'ява абяцала заробак ад 10 мільёнаў, але на справе працадаўца гатовы быў плаціць не больш за тры.

У студзені Мікалай ездзіў у Менск на сумоўе ў адзін з гіпермаркетаў. Працэдура нагадвала сцэну з савецкага фільма пра «дзікі капіталізм»: некалькі дзесяткаў жадаючых штурхаліся ў нервовым чаканні ў калідорах блізу двух гадзін, пакуль не выйшаў суровы менеджэр і ледзяным тонам не абвясціў, што бяруць толькі траіх. Наш суразмоўца ў шчаслівую тройку не трапіў, выдаткаваўшы дзень на бескарысную паездку.

У сталіцы мужчына шукае працу грузчыка або вартаўніка, у рэжыме «дзень праз два».

- Кожны дзень са Стоўбцаў не наездзішся. А каб плаціць за кватэру ў Менску, патрэбны добры заробак, які іншагародняму знайсці сёння праблематычна.

«Даношваць тое, што купіў за апошнія гады»

- Каб у краму сёння схадзіць, сям'і з трох чалавек (як у нас), трэба ў сярэднім блізу 200 тысяч. Дзіця расце, усяго хочацца, але з садавіны мы сабе можам дазволіць толькі яблыкі. Сёлета польскія вельмі танныя. Праз санкцыі, напэўна, - распавёў Мікалай.

Садавіна - не адзінае, у чым ягонай сям'і даводзіцца сябе абмяжоўваць. Ратуе тое, што бацькі мужчыны жывуць у вёсцы:

- Летам я сам купіў невялікага кабанчыка. Разабралі, забілі халадзільнік. Цяпер адна надзея на бацькоў. Яны жыўнасць разводзяць, вось і нам сёе-тое даюць.

Выдаткі на адзенне і абутак для сябе Мікалай пакуль адкладае на будучыню. У папярэднія, больш «сытыя" гады, ён папоўніў гардэроб: «Цяпер даношваю тое, што купіў. Пра новыя пакуль не думаю, ды і грошай няма».

«Трэба - заплачу падатак»

Мікалай не збіраецца станавіцца на ўлік аб беспрацоўі:

- На біржу не пайду - усё роўна больш за 2 мільёны не прапануюць. А я, натуральна, ад такіх прапаноў адмоўлюся. І, як вынік, запішуць мяне ў дармаеды. Глядзіце, маўляў, не хоча, сабака, за два «лімоны» снег з дарожак саскрабаць! - нявесела смяецца суразмоўца.

Суразмоўца не баіцца падатку - «калі трэба, то зараблю і заплачу». Але і лішніх клопатаў на сваю галаву не жадае.

Аднак, знайсці працу становіцца ўсё больш складана. А перспектыва адкрыцця сваёй справы становіцца ўсё больш прывіднай. З расейскіх будоўляў масава вяртаюцца землякі. Плюс апошнім часам дадаліся і перасяленцы з Украіны, якія актыўна асвойваюць мясцовы рынак будаўнічых паслуг. «Панаехалі, канкурэнты!» - бурчыць Мікалай.

Пры гэтым захоўваючы асцярожны аптымізм: перажылі мінулыя крызісы, перажывем і гэты. А што нам застаецца рабіць?

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках