27 красавiка 2024, Субота, 23:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Moody's знізіла рэйтынг Расеі

Moody's знізіла рэйтынг Расеі

Расейская эканоміка сутыкнецца з глыбокай рэцэсіяй у гэтым годзе, мяркуюць амерыканскія экспэрты.

Рэйтынгавае агенцтва Moody's знізіла рэйтынг дзяржаўных аблігацый РФ да спекулятыўнага ўзроўню "Ba1" з "Baa3", паказаўшы на пагаршэнне перспектыў эканомікі Расеі, скарачэнне фінансавых магчымасцяў урада. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні агенцтва, піша "Карэспандэнт".

Прагноз рэйтынгу - "негатыўны", кажа аб магчымасці ягонага далейшага зніжэння ў агляднай будучыні.

Такім чынам, з вялікай тройкі рэйтынгавых агенцтваў толькі Fitch Ratings яшчэ захоўвае рэйтынг інвестыцыйнага ўзроўню для Расеі ("BBB-"). Standard & Poor's у канцы студзеня пагоршыла ацэнку крэдытаздольнасці РФ для даўгавых абавязацельстваў у замежнай валюце з "BBB-" да "BB+".

У ліку падстаў для прыняцця пастановы аб зніжэнні рэйтынгу Moody's паказвае, па-першае, на бесперапынны крызіс ва Украіне, імклівае зніжэнне коштаў нафты і курсу рубля, якія пагаршаюць эканамічнае становішча і сярэднетэрміновыя перспектывы росту расейскай эканомікі.

Расея сутыкнецца з глыбокай рэцэсіяй у гэтым годзе і з далейшым спадам у 2016 годзе, пры гэтым зніжэнне ўзроўню даверу будзе стрымліваць унутраны попыт, пагаршаць хранічна недастатковы ўзровень інвестыцый, мяркуюць у агенцтве. Цяперашнія і патэнцыйныя будучыя міжнародныя санкцыі, скарачэнне рэзерваў і нізкія кошты нафты ў спалучэнні з высокай інфляцыяй будуць негатыўна ўплываць на даходы і давер; малаімаверна, што эфект ад апошніх падзей на эканоміку будзе часовым.

Другая прычына - скарачэнне фінансавых магчымасцяў дзяржавы. "Фінансавае становішча РФ істотна пагоршыцца ў выніку бюджэтнага ціску і працяглага скарачэння расейскіх валютных рэзерваў у святле адтоку капіталу і абмежаванага доступу да міжнародных рынкаў капіталу", - гаворыцца ў паведамленні Moody's.

Улічваючы абвешчаныя ўрадам планы, дэфіцыт кансалідаванага бюджэту можа скласці ў гэтым годзе 2% ВУП. У гэтым годзе ён будзе прафінансаваны з Рэзервовага фонду, аднак у далейшым урад будзе вымушаны павялічыць запазычанні, што можа прывесці да росту дзяржаўнай запазычанасці да 20% ВУП і пагаршэння пазыковага профілю Расеі. Пры гэтым узровень валютных рэзерваў, паводле ацэнкі агенцтва, можа знізіцца ў гэтым годзе больш чым у два разы з узроўню ў $330 мільярдаў на канец 2014 года.

Урад Расеі паступова фармуе антыкрызісную палітыку, аднак, улічваючы разнастайнасць негатыўных фактараў, наўрад ці яму ўдасца зняць ціск на эканоміку і прадухіліць яе спад, мяркуюць экспэрты.

Moody's паказвае таксама на рызыку новых узрушэнняў на фінансавых рынках, што можа зноў узмацніць адток капіталу, яшчэ больш узмацніць ціск на рубель і плацежны баланс. Такім чынам, ураду будзе складана справіцца з шырокім спектрам эканамічных, манетарных і бюджэтных праблем, якія стаяць перад краінай, мяркуюць у агенцтве.

Галоўным фактарам, які падтрымліваў наяўнасць у Расеі інвестыцыйнага рэйтынгу, была здольнасць урада захоўваць бюджэтную і фінансавую стабільнасць, нагадвае агенцтва.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках