28 красавiка 2024, Нядзеля, 4:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Набліжаны забітага лідара АЗГ з Кыргызстана затрыманы ў Менску

4
Набліжаны забітага лідара АЗГ з Кыргызстана затрыманы ў Менску

Набліжанага Алмамбета Анапіяева, забітага лідара арганізаванай злачыннай групы, А.Гульжыгіта 1989 года нараджэння дапытваюць.

Пра гэта інфармагенцтву 24.kg паведаміў адвакат затрыманага Даніяр Маманаў.

Паводле ягоных слоў, Гульжыгіт прыляцеў разам з Анапіяевым у Менск напярэдадні забойства. Адразу пасля здарэння ён знік. "Яго знайшлі і цяпер дапытваюць. Ён пацвердзіў, што прыляцеў у Беларусь разам з Анапіяевым. У Менску цяпер знаходзяцца жонка і брат майго падабароннага. Яны, як паведамлялася раней, апазналі труп. Але інфармацыя аб тым, што сёння цела даставяць у Кыргызстан, заўчасная, бо яшчэ не гатовая выснова экспэртаў. Толькі пасля правядзення ўсіх патрэбных экспэртыз цела выдадуць сваякам, якія даставяць яго ў КР", - сказаў Маманаў.

Ён адзначыў, што следства мае намер высветліць, для чаго Анапіяеў прыбыў у Менск. "Пакуль гэты момант застаецца незразумелым для родных і мяне, ягонага адваката", - сказаў юрыст.

У МУС Кыргызстана раней таксама пацвердзілі факт забойства лідэра АЗГ, аднак ад афіцыйных камэнтароў адмовіліся, паведамляе БелаПАН.

Пры выяўленні трупа міліцыя выняла пашпарт грамадзяніна Расейскай Федэрацыі, выдадзены на імя Алмазбека Шакірава. Дата нараджэння - 24 красавіка 1974 года, нараджэнец Кыргызстана. Дата выдачы пашпарта - 27 ліпеня 2010 года. Выяўлена, што пашпарт фальшывы: фота ў дакумэнце замененае фатаграфіяй Анапіяева.

Інфармацыя аб забойстве з'явілася ў СМІ пасля паведамлення аб выяўленым 18 лютага ў Менску на вуліцы Карла Лібкнэхта трупе мужчыны ў самаходзе, нібыта крымінальнага аўтарытэта Алмамбета Анапіяева (у крымінальных колах вядомага як Алмамбет Алайскі).

"Аўтарытэт, не аўтарытэт - факт, што чалавек быў знойдзены мёртвым", - сказаў генэральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк на прэс-канферэнцыі 20 лютага. "Асоба высвятляецца", - дадаў генпракурор.

Ён паведаміў, што справа распачатая паводле ч.1 арт.139 КК (забойства). Пры гэтым не выключыў, што яна можа быць перакваліфікаваная на ч.2 арт.139, што мае цэлы набор абцяжарвальных акалічнасцяў.

Нагадаем, 18 лютага Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што на тэрыторыі Маскоўскага раёна Менска ў аўтамабілі быў знойдзены труп мужчыны з прыкметамі гвалтоўнай смерці. Следства правярае ўсе вэрсіі забойства мужчыны, у тым ліку прыналежнасць забітага да злачынных супольнасцяў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках