6 траўня 2024, панядзелак, 10:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-10 самых абсурдных ініцыятыў уладаў Беларусі

62
Топ-10 самых абсурдных ініцыятыў уладаў Беларусі

Некаторыя з іх сталі законамі і дзейнічаюць сёння, іншыя так і засталіся на паперы.

Спіс самых абсурдных ідэй беларускіх уладаў склалі журналісты «Радыё Свабода».

Падатак на дармаедаў (2013-2015)

Абмеркаванне падатку на дармаедаў вялося не адзін год. Увесці яго меркавалі яшчэ ў 2014 годзе, але, мабыць, з'явіцца ён толькі цяпер.

Грамадзяне, якія больш за паўгода афіцыйна не працавалі, будуць абавязаныя раз у год выплачваць аднаразовы збор у суме, як мяркуецца, 20 базавых велічынь (3 млн 600 тысяч рублёў). За ўхіленне, несвоечасовую або няпоўную выплату збору будзе прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.

Улады спрабуюць падаць справу так, што аб такім дэкрэце просяць самі беларусы, нібыта абураючыся, што хтосьці не працуе.

На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 13 студзеня 2015 г. было заяўлена, што праект адпаведнага дэкрэта ўжо гатовы і цяпер дапрацоўваецца. «Дармаеды, лайдакі павінны працаваць. Хто не плаціць падаткі - павінен плаціць», - паставіў задачу дыктатар.

Падатак на валютныя аперацыі (2014-2015)

У канцы 2014 года, з прычыны фінансавага крызісу і ажыятажнага попыту на валюту, урад і Нацбанк увялі 30-адсоткавы збор пры набыцці валюты юрыдычнымі і фізічнымі асобамі.

Ініцыятыва стала настолькі нечаканай, настолькі і бессэнсоўнай. Валюты ў абменніках ад гэтага падатку не дадалося, а афіцыйную дэвальвацыю ўсё роўна прыйшлося праводзіць. Сам збор праіснаваў усяго 20 дзён, двойчы цягам гэтага часу скарачаючыся (спачатку да 20%, потым да 10%). Усе, да чаго прывёў гэты арыгінальны захад - гэта блытаніна рэальных і афіцыйных курсаў валют.

Падатак на дзіцячыя прагулы (2014-2015)

У траўні 2014 года віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік прапанаваў абавязаць бацькоў плаціць за недастатковую наведвальнасць дзецьмі дашкольных устаноў. З ягоных слоў, распаўсюджаная практыка, калі дзіця толькі лічыцца ў дзіцячым садзе, але фактычна яго не наведвае, а замацаванае за ім месца працягвае аплачвацца з бюджэту. «Думаю, што ў такіх выпадках выдаткі павінны аплачваць бацькі, і тады мы будзем захоўваць за імі месца ў дашкольных установах», - заявіў тады Тозік.

Не абмежаваўшыся гэтым, віцэ-прэм'ер заявіў, што групы для дзяцей ад 6 да 7 гадоў наогул павінны быць толькі на платнай аснове.

Такія меры пакуль што не ўводзіліся, аднак, зыходзячы з далейшых выказванняў прадстаўнікоў урада, можна казаць, што тэма яшчэ далёка не закрытая.

«Аўтапабор» (2013-2014)

Дзяржаўная пошліна за выдачу дазволу на допуск транспартных сродкаў да дарожнага руху, якую павінны плаціць усе ўладальнікі транспартных сродкаў, дзейнічае ў Беларусі з 2014 года. Яе ўвядзенне ў канцы 2013 года выклікала абурэнне ў грамадстве і нават справакавала акцыі пратэстаў аўтамабілістаў («Стоп-падатак»). Новы падатак адразу ахрысцілі «аўтапаборам».

Урад абяцаў, што сродкі ад дзяржпошліны будуць накіроўвацца «мэтавым парадкам на рамонт, рэканструкцыю і будаўніцтва рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарог, а таксама вуліц, якія з'яўляюцца іх працягам», аднак з самага пачатку нават дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выказвалі падазрэнні, што гэтыя сродкі на самой справе, магчыма, пойдуць на латання бюджэтных дзір. Эксперты ж у такім выкарыстанні сродкаў, атрыманых ад дзяржпошліны, нават не сумняваліся.

З 1 студзеня 2015 сума падатку на доступ аўтасродкаў да дарожнага руху была павялічаная.

Часткова платная медыцына (2012-2014)

Ідэі наконт таго, каб на хваробах яшчэ неяк і зарабляць, з'яўляюцца ва ўладаў Беларусі ўжо не першы год.

Яшчэ ў канцы 2012 года віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік прапанаваў плаціць за наведванне лекара па 5 тысяч рублёў, тлумачачы гэта тым, што 30-40% візітаў у паліклініку неабгрунтаваныя.

У пачатку 2013 ва ўрада з'явілася ідэя прымусіць грамадзян плаціць за лячэнне, калі хто трапіць у медыцынскую ўстанову ў нецвярозым стане. Ход думак спадабаўся Лукашэнку, які агулам ініцыятыву падтрымаў: «У нас жа здароўе нічога не каштуе... У нас можна напіцца, нагу зламаць, потым дзяржава за кошт іншых людзей лечыць».

Аднак у канчатковы варыянт новага закона «Аб ахове здароўя» гэтая норма так і не патрапіла. Між тым наватарскія прапановы ў напрамку манетызацыі медыцыны прадаўжалі паступаць. У траўні 2014-га ўсё той жа Тозік агучыў цэлую серыю ініцыятыў. У прыватнасці, ён прапанаваў увесці плату за наведванне грамадзянамі паліклінікі больш за 8 раз у год, хоць і не ўдакладніў канкрэтнай сумы такой платы. Акрамя таго, было прапанавана ўвесці поўную або частковую аплату неабгрунтаванага выкліку хуткай дапамогі або лекара на дом. Пакуль ні адна з гэтых ініцыятыў канкрэтнага ўвасаблення так і не атрымала.

Пошліна на выезд за мяжу (2013)

У верасні 2013 многіх шакавала новая ініцыятыва Лукашэнкі: увесці пошліну на выезд за мяжу. Прапанова была выкліканая незадаволенасцю кіраўніка, што беларусы актыўна ездзяць за пакупкамі за мяжу, вывозячы, з ягоных слоў, з Беларусі да 3 млрд даляраў у год.

«Дык вось я даўно даручыў, аж да таго, што выязджаеш за межы, усё роўна па што, - заплаці выязную пошліну. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем - 100 даляраў з носа плаці і едзь за мяжу», - сказаў тады Лукашэнка.

Да канкрэтных заканадаўчых ініцыятыў у гэтым кірунку справа так і не дайшла. Праз некаторы час Лукашэнка заявіў журналістам, што зусім не жадае забараніць беларусам выязджаць за мяжу, а проста думае, як скараціць вываз валюты. Што тычыцца стодаляравай пошліны на выезд, то гэта толькі адзін з магчымых варыянтаў развязання праблемы. «Вось плявузгнуў, сабе на шкоду, напэўна», - успомніў Лукашэнка сваю прапанову.

«Прыгонныя» дэкрэты (2012-2014)

Цягам двух гадоў Аляксандр Лукашэнка двойчы шакаваў грамадскасць скандальнымі дэкрэтамі для ўмацавання працоўнай дысцыпліны.

Спачатку ў снежні 2012 года ён падпісаў Дэкрэт №9, у адпаведнасці з якім работнікаў дрэваапрацоўчай прамысловасці пераводзілі на кантрактную форму найму, а датэрмінова скасаваць кантракт дазвалялася толькі са згоды наймальніка. У грамадстве дэкрэт тут жа ахрысцілі «прыгонным правам».

Аднак такая народная слава не збянтэжыла дыктатара, і ў канцы 2014 года ён выдаў Дэкрэт №5, які прадугледжвае пашырэнне правоў і ўзмацненне адказнасці кіраўнікоў прадпрыемстваў. Гэты дэкрэт «прыгонным правам» назваў ужо сам Лукашэнка.

У прыватнасці, кіраўнікі арганізацый атрымалі права змяняць істотныя ўмовы працы работніка, папярэдзіўшы яго не менш чым за 7 каляндарных дзён (цяпер 30 дзён), а таксама пазбаўляць работнікаў, якія парушылі дысцыпліну, прэміі на тэрмін да 12 месяцаў. Дэкрэт таксама даў дадатковыя падставы для звальнення, узмацніў адказнасць за прычыненне наймальніку матэрыяльнай шкоды і пашырыў правы на яе спагнанне ў пазасудовым парадку.

Прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў не раз заяўлялі, што абодва гэтыя дэкрэты робяць беларускіх работнікаў яшчэ больш бяспраўнымі і супярэчаць абавязацельствам Беларусі ў рамках Міжнароднай арганізацыі працы.

Забарона на «дзеянне і бяздзейнасць» (2011)

Маўклівыя акцыі пратэсту лета 2011 года, якія мелі вялікі рэзананс як у Беларусі, так і за яе межамі, прымусілі ўлады задумацца, як удакладніць у кірунку большай калянасці заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Улады зарыентаваліся досыць хутка: яшчэ ў канцы ліпеня 2011 з'явіўся праект паправак у закон «Аб масавых мерапрыемствах». Акрамя розных новых забаронаў, там гаварылася, што да пікетавання прыраўноўваецца сумесная «прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным грамадскім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) і ў вызначаны час для ўчынення загадзя вызначанага дзеяння або бяздзейнасці». Магчымасць забароны на «бяздзейнасць» прыцягнула асаблівую ўвагу грамадскасці і стала падставай для шматлікіх жартаў і анекдотаў.

Папраўкі ў закон былі прынятыя 3 кастрычніка 2011 года «дэпутатамі» адразу ў першым і другім чытанні, прычым пры адсутнасці журналістаў. Абсурдная фармулёўка пра «дзеянні або бяздзейнасць» у канчатковы варыянт закона не трапіла і была заменена «несанкцыянаваным дзеяннем», аднак агульны сэнс закона не змяніўся. У народзе гэтыя папраўкі назвалі законам «Больш трох не збірацца».

Падатак на Skype і Viber (2015)

У лютым 2015 Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі абвясціла, што аператары сістэм імгненных паведамленняў (Skype, Viber і іншыя) павінны адлічваць беларускаму боку частку прыбытку.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Сяргей Папкоў абурыўся, што Skype і іншыя аператары «не ўкладаюць ні аднаго цэнта ў тэхналогіі ўнутры рэспублікі», але іх праца прыводзіць да зніжэння на 10-15% даходаў аператараў стацыянарнай і сотавай тэлефоннай сувязі.

«Мы будзем працаваць з урадам, каб у нейкай частцы гэтыя паслугі манетызаваць, каб гэтыя аператары дзяліліся сваімі даходамі. Таму ўсё павінна быць па-сумленнаму», - сказаў ён.

Падатак на пазыкі (2015)

З 1 студзеня 2015 года адпаведна са зменамі ў артыкул 178 Падатковага кодэкса атрымальнікі пазык ад фізічных асоб павінны плаціць падатак у суме 13% ад атрыманай сумы, калі не паспеюць пагасіць запазычанасць на момант падачы дэкларацыі аб даходах.

Выключэнне магчымае толькі ў тым выпадку, калі грошы пазычаныя ў блізкага сваяка, апекуна, папячыцеля альбо падапечнага.

Новая норма прыйшла на змену больш мяккай, якая прадугледжвала адлічэнні ў бюджэт толькі з пратэрмінаваных пазык, атрыманых у замежных грамадзян і арганізацый. Цяпер падатак трэба будзе заплаціць з любой сумы пазыкі, якая застаецца ў пазычальніка на момант падачы дэкларацыі. То бок, калі чалавек пазычыў у аднаго, знаёмага ці далёкага сваяка, то павінен заплаціць падатак.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках