6 траўня 2024, панядзелак, 12:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску назвалі найлепшых «Дыджэяў Адраджэння»

У Менску назвалі найлепшых «Дыджэяў Адраджэння»

Названыя дзесяць найлепшых удзельнікаў дзясятага сезону курсаў «Дыджэі Адраджэння».

Выніковая сустрэча і цырымонія ўзнагароджання фаварытаў цяперашніх курсаў, якія традыцыйна арганізуе сустаршыня аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» былы палітвязень Павел Севярынец, адбылася 24 лютага ў Менску, піша БелаПАН.

Курсы «Дыджэі Адраджэння» з'яўляюцца своеасаблівай адукацыйнай праграмай для моладзі, удзельнікі якой вывучаюць індывідуальную і масавую псіхалогіі, вучацца, як правільна выступаць на тэлевізіі і на радыё, арганізоўваць беларускія праекты, атрымліваюць веды духоўных асноў і іншае.

На выніковай сустрэчы Севярынец нагадаў, што апошнім часам у Беларусі назіраецца пэўны нацыянальны ўздым: «Стала больш курсаў беларускай мовы, футбольныя заўзятары спяваюць «Купалінку» на некалькі тысяч галасоў, з аншлагам праходзяць канцэрты Лявона Вольскага, групы Trubetskoy, Сяргея Міхалка». «Акрамя гэтага назіраецца масавая беларусізацыя праз вышыванкі, стужачкі і больш частае ўжыванне беларускай мовы», - дадаў ён.

Курсы «Дыджэяў Адраджэння», адзначыў Севярынец, «не столькі для «сваіх», хто пойдзе на моўныя курсы або надзене вышыванку», колькі для «тых слаёў беларускага народа, перш за ўсё моладзі, якія беларусізацыяй зусім не ахопленыя». Менавіта на іх накіраваная праца «дыджэяў».

Падчас навучання на курсах «дыджэі» спаборнічаюць паміж сабой, хто прыцягне да ўдзелу ў сваіх праектах больш людзей. У адпаведнасці з гэтым паказчыкам складаецца балавы рэйтынг «дыджэяў». У гэтым сезоне, звярнуў увагу Севярынец, рэкорд па найбольшай колькасці набраных балаў, які трымаўся некалькі гадоў, быў пабіты трыма ўдзельнікамі, прычым двое з іх перавысілі рэкорд амаль у тры разы.

Так, трэцяе месца сярод фаварытаў дзясятага сезону курсаў «Дыджэі Адраджэння» заняла Кацярына Парыжысская. Падчас навучання яна разам з калегамі па курсах правяла пленэр, прымеркаваны да 525-годдзя з дня нараджэння Францішка Скарыны, правяла беларускае шоў у Пружанскім палацы, сустракалася з навучэнцамі школ у рамках «Шоў беларушчыны».

Другое месца дасталася дырэктару інтэрнэт-крамы беларускіх тавараў Imbryk.by Аляксандру Мазаніку, які арганізаваў тры асветніцкія мерапрыемствы, правёў сорак адукацыйных акцый «Шоў беларушчыны», апублікаваў пятнаццаць друкаваных артыкулаў. З уласных падлікаў, ягонымі слухачамі падчас гэтых мерапрыемстваў сталі 500 дзяцей і столькі ж дарослых.

Найлепшым удзельнікам курсаў «Дыджэі Адраджэння» стаў настаўнік гісторыі Павел Дзюсекаў, які правёў больш за 90 сустрэч са школьнікамі ў рамках «Шоў беларушчыны».

Павел Севярынец таксама паведаміў, што напачатку наступнага сезону найлепшыя з найлепшых наведвальнікаў курсаў усіх сезонаў будуць абраныя ў склад магістраў «Ордэна дыджэяў Адраджэння». Дзюсекаў і Мазанік, прадэманстраваўшы беспрэцэдэнтны вынік падчас навучання на курсах, будуць рэкамендаваныя для ўключэння ў склад магістраў у першую чаргу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках