6 траўня 2024, панядзелак, 9:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брусэль абавяжа краіны ЕЗ узгадняць газавыя ўгоды

Брусэль абавяжа краіны ЕЗ узгадняць газавыя ўгоды

Газавыя кантракты дзяржаў Еўразвязу з краінамі, якія не ўваходзяць у ЕЗ, будуць правярацца Еўракамісіяй.

Пра гэта гаворыцца ў пададзеным 25 лютага праекце Энэргетычнага звязу, піша РБК.

У дакуменце сцвярджаецца, што Еўракамісія, якая мае ролю выканаўчай галіны ўлады ў Еўразвязе, павінна быць загадзя паінфармаваная пра дамоўленасці ў пастаўках прыроднага газу. Удзел Еўракамісіі на ранніх этапах перамоваў неабходны для таго, каб міжурадавыя пагадненні не парушалі ўнутраных нормаў самога Еўразвязу і каб прававая праверка гэтых пагадненняў выконвалася да іх укладання, а не пасля (як цяпер).

Акрамя таго, праект абвяшчае, што Еўракамісія дапаможа асобным краінам «супрацьстаяць ціску» з боку трэціх дзяржаў. У будучыні ЕЗ будзе старацца забяспечыць стандартныя ўмовы кантрактаў імпарту энэрганосьбітаў. Еўракамісія таксама атрымае права прапаноўваць розныя варыянты змены міжурадавых пагадненняў і будзе спрыяць большай згуртаванасці Звязу на перамовах з пастаўшчыкамі. Дакладны механізм ўдзелу Еўракамісіі ў перамовах з пастаўшчыкамі не прапісаны, як і яе рэальныя паўнамоцтвы.

У праекце Энэргетычнага звязу ЕЗ няма згадак пра «Газпром», на долю якога прыходзіцца да траціны ўсіх газавых паставак у Еўропу. Але Брусэль папярэджвае Расею: «Калі надыдзе момант, ЕЗ перагледзіць энэргетычнае партнёрства ў варунках захавання прынцыпаў адкрытага рынку, сумленнай канкурэнцыі, абароны навакольнага асяроддзя і бяспекі». Новы фармат стасункаў «павінен стаць выгадным для абодвух бакоў».

Адзін абзац прысвечаны і Украіне. Еўракамісія паабяцала павысіць статус стратэгічнага энэргетычнага партнёрства з гэтай краінай. ЕЗ мае намер «развязаць праблемы, звязаныя са статусам Украіны як краіны-транзіцёра, а таксама складанасці, якія ўзнікаюць у працэсе рэформаў энэргетычнага сектара гэтай краіны, у тым ліку рамонту і паляпшэння газатранспартнай сістэмы». Аб канкрэтных кроках, якія распачне Брусэль у гэтым кірунку, у дакуменце не гаворыцца. Раней дакументы паводле новага энэргетычнага звязу неаднаразова «сцякалі» ў СМІ. Прынамсі, напярэдадні нямецкае выданне Sueddeutsche Zeitung апублікавала чарнавік новай энэргастратэгіі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках