6 траўня 2024, панядзелак, 9:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рускі свет» ідзе ў наступ з тэлеэкрана

25
«Рускі свет» ідзе ў наступ з тэлеэкрана

З тысяч замежных тэлеканалаў беларусам у найлепшым выпадку даступныя Euronews, Eurosport і некалькі навукова-пазнавальных каналаў.

Усе ж астатнія - расейскія, хоць яшчэ некалькі гадоў таму беларусы маглі глядзець польскія і ўкраінскія. Хто і як вызначае пералік каналаў для кабельных тэлевізійных сетак? На гэтае пытанне шукала адказ «Радыё Свабода».

Берасцейцы раней глядзелі і польскія, і ўкраінскія каналы. Ды і ў Менску абаненты кабельных сетак таксама мелі магчымасць глядзець украінскія каналы. У Гародні да 2010 года ў кабельных сетках транслявалі польскі дзяржаўны канал TVP1, потым яго замянілі на PolSat. Але ў верасні 2013 года трансляцыю спынілі.

Гарадзенец Дзяніс Івашын распавёў: «Польскія каналы цяпер можна глядзець толькі праз спадарожнік. У кабельных сетках і наўпрост цяпер нічога не паглядзіш. Праблема ў тым, што ў мінулым годзе і літоўцы, і палякі цалкам перайшлі на лічбаваю тэлевізію. Напрыклад, раней у бацькоўскай вёсцы, каля мяжы з Літвой, лёгка лавіліся літоўскія каналы. Пасля таго, як яны перайшлі на лічбаваю тэлевізію - усё, для простага чалавека без спецыяльнай прыстаўкі, без сучаснага тэлевізара гэтыя каналы ўжо недаступныя».

Такім чынам, тыя, у каго няма спадарожнікавых антэн, не маюць магчымасці глядзець замежныя тэлеканалы.

Дарадца Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі Наталля Аляшкевіч тлумачыць, што яе ведамства дае кабельным сеткам ліцэнзію на паслугі, а далей сеткі пачынаюць сваю камерцыйную дзейнасць пад кантролем Міністэрства інфармацыі:

«Фармаванне пакетаў - гэта прэрагатыва кабельных сетак. Яны павінны каналы, якія транслююць, узгадняць з Міністэрствам інфармацыі. Гэта значыць, палітыка кантэнту - гэта не справа Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, мы толькі пастаўшчыкі паслугі, як я кажу, тэхнары. А паводле зместу - гэта Мінінфарм».

Для трансляцыі на тэрыторыі Беларусі канал павінен мець ліцэнзію і ад Мінсувязі, і ад Мінінфарма, тлумачыць прадстаўнік берасцейскай кампаніі кабельных сетак «ТВ САТ»:

«Кожны замежны канал (а замежныя - гэта ўсе, акрамя беларускіх) павінен быць узгоднены з Міністэрствам інфармацыі, гэта значыць, атрымаць ліцэнзію. Нам, вядома, зручней, каб сам канал атрымаў ліцэнзію і нам прапанаваў яго трансляваць. Шчыра кажучы, самі мы не ездзілі ва Украіну, а іх прадстаўнікоў асабліва ў нас не відаць. Мы, да прыкладу, транслюем «Спорт-1», гэта ўкраінскі канал. А кіна- грамадска-палітычных каналаў пакуль няма».

Мінінфарм дае дазвол, ліцэнзіі на трансляцыю згодна з Законам аб СМІ і пастановамі Савета міністраў №1849 і 88, кажа намеснік міністра інфармацыі Сяргей Хільман:

«Тэлеканалы, што вяшчаюць у краіне, павінны прыйсці легальна, не па-пірацкі. На кожны канал ёсць аўтарскія правы, і для таго, каб узяць яго ў кабельныя сеткі, да прыкладу, у Пружанах або Ваўкавыску, з гэтым каналам павінна быць укладзенае пагадненне. А ўзяць яго са спадарожніка і мець камерцыйны прыбытак - незаконна. Трэба атрымаць правы ў праваўладальніка. Я думаю, многія каналы і самі адключылі, калі ўбачылі, што дзяржава сочыць за выкананнем заканадаўства».

Усе каналы, якія на сёння звярталіся ў Міністэрства інфармацыі па ліцэнзію, такія дазволы атрымалі, запэўнівае намеснік міністра Сяргей Хільман.

Але чаму ж у беларускім тэлеэфіры, у кабельных сетках такое засілле расейскіх каналаў - іх нават не дзясяткі, а ўжо сотні. Адкуль такі перакос?

Супрацоўніца кампаніі кабельных сетак распавяла: «Што тычыцца расейскіх каналаў, то тут, у Беларусі, ёсць шмат іх прадстаўнікоў, дыстрыб'ютараў, якія дапамагаюць ім атрымаць ліцэнзіі і прадаваць іх тут. Адсюль і засілле расейскіх каналаў».

Чаго толькі не прапануюць расейскія каналы - фантастыку, містыку, індыйскае кіно, гумар, спорт, кулінарныя рэцэпты, парады для дачнікаў і агароднікаў... І, натуральна, дзяржаўны «РТР», на якім бясконцыя «Нядзельныя вечары» з Салаўёвым, Кісялёвым, Russia Today і далей у спісе...

У Берасці грамадская актывістка Ірына Лаўроўская дамагаецца ўключэння ўкраінскіх і польскіх каналаў у кабельныя сеткі ўжо не адзін год. Яе аргументацыя - створаны еўрарэгіён «Буг», куды ўваходзяць Украіна, Польшча і Беларусь, у памежным рэгіёне вельмі цесныя сувязі менавіта з Польшчай і Украінай, а не з Расеяй:

«Мяне, да прыкладу, турбуе агрэсіўнасць расейскіх каналаў. І ў кантэксце таго, што адбываецца ў Берасці, прынамсі, з гэтым «рускім светам», гэта вельмі дрэнная палітыка. Я не разумею, чаму дзяржава на гэта не рэагуе, бо гэта вялізная рызыка. Небяспечна закрываць украінскія і польскія каналы, якія дапамагаюць паглядзець на той жа ўкраінскі канфлікт з іншага боку. Цяпер жа атрымліваецца наадварот: нам навязваюць безальтэрнатыўны пункт гледжання, і ў людзей фармуецца аднабокае стаўленне, бо атрымаць іншую інфармацыю немагчыма».

Нагадаем, два месяцы таму Лукашэнка сустракаўся ў Кіеве з Парашэнкам, яны дамовіліся стварыць сумесны ўкраінска-беларускі канал. На пытанне, ці ёсць зрухі ў стварэнні канала, начальнік управы электронных СМІ Міністэрства інфармацыі Уладзімір Ядранцаў даслоўна адказаў так:

«Радыё Свабода»? Усе пытанні да Парашэнкі. У нас адказаў няма. Да пабачэння.

І кінуў трубку.

Так што прынамсі ўкраінскія тэлеканалы, мяркуючы з адказу чыноўніка Мінінфарма, у найбліжэйшай будучыні ў Беларусі наўрад ці з'явяцца.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках