28 красавiка 2024, Нядзеля, 22:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гібрыдная вайна» Расеі ў Літве: ці зможа Пуцін скарыстацца палякамі?

5
«Гібрыдная вайна» Расеі ў Літве: ці зможа Пуцін скарыстацца палякамі?

Літва, Латвія і Эстонія асцерагаюцца таго, што могуць неўзабаве стаць ахвярай Расеі.

Шматлікая расейская меншасць у гэтых краінах патэнцыйна можа даць магчымасць Маскве пачаць такія ж дзеянні, як ва Украіне. Аднак не толькі расейцы, але і палякі ў Літве, могуць стаць інструментам «гібрыднай вайны» Крамля ў балтыйскіх краінах, піша польскі інфармацыйны партал wp.pl (пераклад - charter97.org).

Сцэнар з удзелам літоўскіх палякаў адмаўляе суразмоўца выдання - эксперт Польскага інстытута замежных спраў Пётр Касьцінскі.

- Выбарчая акцыя палякаў у Літве (AWPL) проста кажа голасам меншасці. Я не думаю, што гэта аўтаматычна азначае, што палякі там стануць прарасейскімі, так як дзеянні расейцаў у Літве ў мінулым не выклікалі станоўчых асацыяцый сярод палякаў. Што яшчэ важней, паварот літоўскіх палякаў у бок Масквы не вельмі спадабаўся б Польшчы - сказаў Касьцінскі.

Тым не менш, эксперт падкрэслівае, што прарасейскія настроі могуць з'яўляцца. І яны могуць, на ягоную думку, быць разлічаныя на тое, каб сабраць больш галасоў расейскай меншасці.

- Я бачу тут магчымасць для польскага ўрада, які ў такой сітуацыі павінны паказаць нашым суайчыннікам, што карысна для Польшчы, краіны, з якой яны сябе атаясамліваюць, - падкрэсліў ён.

На думку эксперта, умяшанне польскіх уладаў неабходнае. Але, як ён падкрэслівае, справа не ідзе пра нейкія загады, а пра парады.

- Мы павінны выходзіць з такімі ініцыятывамі. Трэба прадухіліць нараджэнне небяспечных ідэй. Гэта шлях у нікуды, ён небяспечны таксама і для Польшчы - дадаў ён.

Каментуючы стварэнне старонкі «Віленскай народнай рэспублікі» ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук», якая адкрыта заклікае да ўвядзення «польскіх зялёных чалавечкаў» на тэрыторыю Літвы, эксперт сказаў, што не выключае, што за гэтай ініцыятывай стаяць расейцы.

- Бо вядома, што ў іх ёсць войска троляў, якое, падаючы пункт гледжання Крамля, каментуе ўсё што з'явіцца ў польскім Інтэрнэце, асабліва датычнае праўкраінскіх навін. Польскія «зялёныя чалавечкі» ў Літве - гэта можа быць альбо плод хворага ўяўлення, альбо мэтанакіраванае дзеянне, разлічанае на тое, каб выклікаць сварку палякаў і літоўцаў, - дадаў ён.

Касьцінскі звярнуў таксама ўвагу на факт, што асноўнай крыніцай інфармацыі для расейскай меншасці ў краінах Балтыі з'яўляюцца расейскія СМІ, а Захад павінен нейкім чынам змагацца з такой прапагандай.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках