28 красавiка 2024, Нядзеля, 22:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бундэстаг ухваліў падаўжэнне дапамогі Грэцыі

Бундэстаг ухваліў падаўжэнне дапамогі Грэцыі

Дэпутаты нямецкага бундэстага ў пятніцу, 27 лютага, пераважнай большасцю прагаласавалі за падаўжэнне праграмы дапамогі Грэцыі.

У падтрымку адпаведнай прапановы выступілі 542 дэпутаты, 32 былі супраць і 13 устрымаліся. Агенцтва Reuters адзначае, што гэта - самая значная колькасць галасоў, якую калі-небудзь удавалася сабраць у бундэстагу ў падтрымку захадаў, накіраваных на пераадоленне пазыковага крызісу ў еўразоне, паведамляе Deutsche Welle.

Раней міністар фінансаў ФРГ Вольфганг Шойблэ (Wolfgang Schäuble) у сваёй прамове ў бундэстагу заклікаў дэпутатаў падтрымаць падаўжэнне дапамогі Грэцыі. «Такую пастанову будзе прыняць нялёгка, аднак гаворка цяпер ідзе не пра новыя мільярды для Грэцыі, а пра тое, каб выгадаць дадатковы час для паспяховага завяршэння праграмы рэформаў», - указаў ён.

«Важна аднавіць давер»

Адначасова Шойблэ заклікаў Грэцыю няўхільна выконваць абяцаныя рэформы. Ён нагадаў аб тым, што Афіны абавязаліся не прымаць пастаноў у аднабаковым парадку. «Важна аднавіць давер. Толькі дзякуючы гэтаму Грэцыя зможа ў будучыні зноў рэфінансаваць сваю запазычанасць на сусветных рынках», - падкрэсліў кіраўнік нямецкага Мінфіна.

Са свайго боку намеснік старшыні фракцыі СДПГ Карстэн Шнайдэр (Carsten Schneider) адзначыў, што ўсё цяпер залежыць ад саміх грэкаў, Нямеччына, з ягоных слоў, толькі працягвае ім руку дапамогі. Прадстаўнік сацыял-дэмакратычнай партыі, аднак, папярэдзіў, што «калі ўрад Грэцыі збіраецца фінансаваць свае перадвыбарчыя абяцанні за кошт падаткаплацельшчыкаў іншых краін, то так не атрымаецца, гэта абсалютна непрымальна».

Немцы не вераць абяцанням Афінаў

Пры гэтым паводле апытання, праведзенага медыякампаніяй ZDF, пераважная большасць немцаў - 71 адсотак - не верыць абяцанням урада Грэцыі з нагоды правядзення рэформаў. Толькі 25 адсоткаў рэспандэнтаў уважаюць, што Афіны стрымаюць сваё слова.

74 адсоткі немцаў таксама скептычна ставяцца да абяцанняў урада прэм'ер-міністра Грэцыі Алексіса Цыпраса больш эфектыўна змагацца з ухіленнем ад выплаты падаткаў і карупцыяй. У поспех Афін у гэтай сферы вераць толькі 22 адсоткі немцаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках