29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каб скасаваць канцэрт Вайцюшкевіча, дырэктар клуба гатовы на графалагічную экспэртызу

2
Каб скасаваць канцэрт Вайцюшкевіча, дырэктар клуба гатовы на графалагічную экспэртызу

Кіраўнік "Піратаў", дзе павінен адбыцца канцэрт, пераконвае, што ніякай дамовы не падпісваў, а арганізатараў ніколі не бачыў.

Канцэрт Змітра Вайцюшкевіча і WZ-orkiestra, які павінен адбыцца 6 лютага ў клубе "Піраты", апынуўся пад пагрозай зрыву. Цікава, што ўсе неабходныя дамовы і дазволы ад выканкама арганізатары атрымалі. Прычынай скасавання можа стаць клубная запазычанасць за электраэнэгію і апячатаны лічыльнік, перадае "Еўрарадыё".

"Я папрасіў супрацоўнікаў клуба, якія сустрэлі мяне з ліхтарыкамі ў руках, паказаць лічыльнік, - распавядае арганізатар канцэрту Сяргей Будкін. - Лічыльнік апячатаны не быў, але была паперка, што ён апячатаны. Я сустрэўся са структурай, якая адлучае электрычнасць і якой яны плацяць за арэнду, там мне сказалі, што сапраўды клуб мае запазычанасць і электрычнасць адлучылі. Гэта ўсё можна зразумець. Але дырэктар сказаў, што распусціў персанал, прыпыніў дзейнасць на няпэўны тэрмін і адмовіўся ад правядзення ўсіх найбліжэйшых імпрэз. Але потым выявілася, што наступныя канцэрты ў "Піратах" не скасаваныя".

7 лютым, на наступны дзень пасля запланаванага выступу Змітра Вайцюшкевіча, у клубе адбудзецца Minsk Reggae Festival II. Квіткі на яго дагэтуль прадаюцца і ніякіх пагроз скасавання не чуваць. 15 лютага там чакаецца канцэрт расейскага гурту "Кукрыниксы" і, мяркуючы з усяго, ён таксама пройдзе. Адсюль вынікаюць два варыянты, упэўнены Сяргей Будкін: ці дырэкцыя клуба падстаўляе пад абух іншых арганізатараў, ці проста не хоча рабіць канцэрт Вайцюшкевіча!

"У мяне шмат чаго, - на спробу разабрацца ў непаразуменні дырэктар "Піратаў" Анатоль Данільчанка адразу пераходзіць на крык. - У мяне ўвесь студзень быў скасаваны, так што я буду вам даводзіць, распавядаць і... пускаць вас у свой дом, свой бізнэс?"

Што меў на ўвазе спадар Анатоль, кажучы пра ўвесь студзень, не зразумела. Проста адразу ўспамінаецца гісторыя з ОМОНам на панк-канцэрце, які праходзіў менавіта ў "Піратах" 10 дня. Старонка клуба ў сацыяльных сетках паведамляе толькі аб скасаванні імпрэзы 31 студзеня, але да гэтага быццам усё было ціха.

Анатоль Данільчанка ў настойлівай і гучнай форме пераконвае, што не мае ніякіх абавязкаў што да канцэрту WZ-orkiestra. Маўляў, умоў не падпісваў, папярэдняй аплаты не браў і наогул арганізатара ні разу не бачыў і не ведае.

"Мне тэлефануе нейкі Будкін і кажа мне аб дамове, - пераказвае сваё бачанне сітуацыі дырэктар "Піратаў". - Паўтары гадзіны ён мне даводзіў, што я ў чымсьці вінаваты! Я яму сказаў, што, калі ён мяркуе, што я не маю рацыі , то ёсць кампетэнтныя органы, і Вы можаце звярнуцца ў суд і бараніць свае правы ў судзе! Але я наогул з ім ніякіх спраў не маю і не меў, якія да мяне могуць быць прэтэнзіі? Калі трэба, прызначце графалагічную экспэртызу, і я давяду, што ніякіх умоў з ім я не падпісваў!"

У сваю чаргу, Сяргей здзіўляецца ў сувязі з гэтым заявай, бо пасля аднаго з сваіх папярэдніх канцэртаў у клубе "Піраты" спадар Анатоль асабіста выказваў задавальненне ад супрацоўніцтва з ім.

"Дзіўна.. ну як дзіўна!? Тут усё зразумела, але я ўпершыню ў сітуацыі, калі я маю ўсе паперы на руках, і тут няма да чаго прычапіцца! - працягвае Сяргей Будкін. - Экспэртыза пісьма - гэта ўжо вынаходка! Але вядома, што калі на іх нехта націснуў, то яны яго ўдаваць не будуць. Парадаксальна, што яны не баяцца ні суда, ні агалоскі, ні іміджавых страт, ні часткова фінансавых, бо будзе вечар прастою... Яны баяцца канкрэтна Вайцюшкевіча чамусьці, наколькі я гэта зразумеў".

Пакуль дырэкцыя клуба не дашле афіцыйную паперу з прычынамі скасавання канцэрту, Сяргей працягвае займацца яго арганізацыяй. Ён перакананы, што адміністрацыя "Піратаў" спрабуе прымусіць яго самастойна адмовіцца ад выступу WZ-orkiestra. Але такога ён сабе дазволіць не можа, бо "амаль усе квіткі раскупленыя, і людзям жа трэба будзе тлумачыць". А крыць клуб у Сяргея, натуральна, няма ніякага жадання.

Нагадаем, Зміцер Вайцюшкевіч знаходзіцца пад непублічнай забаронай блізу чатырох гадоў. Для выканаўцы гэткія праблемы з дамовамі, арганізатарскімі непаразуменнямі і рамонтам электрычнасці - не новыя. Менавіта яны станавіліся прычынай скасавання ў 2011 годзе (гл.табліцу ніжэй).

Першы канцэрт за больш чым тры з паловай гады здолела правесці "Еўрарадыё" супольна з кампаніяй "Рок-Салідарнасць" 29 кастрычніка 2014 года. Нягледзячы на тое, што імпрэза прайшла без эксцэсаў, ужо праз месяц стала зразумела, што ніякая адліга не надышла, і "чорныя спісы" дзейнічаюць далей.

Як касаваліся канцэрты ў 2011 годзе, калі ў інтэрнэце з'явіліся "чорныя спісы":

Дата канцэрту і месца

Гурт/Выканаўца

Афіцыйная прычына скасавання

3 сакавіка 2011 года, лёгкаатлетычны комплекс "Дынама" (Менск)

Гурт

"Ляпіс Трубяцкі"

Адміністрацыя Гомельскага гарадскога цэнтра культуры (ГЦК): "Канцэрт скасаваны з тэхнічных прычын. У Палацы лёгкай атлетыкі, дзе мусіў адбыцца канцэрт, была праверка дзяржаўнага пажарнага нагляду, які забараніў праводзіць на іх тэрыторыі культурна-масавыя відовішчныя мерапрыемствы".

17 сакавіка 2011 года, паб "Госці" (Менск)

Гурт "Крамбамбуля"

Адміністрацыя паба: "Канцэрт скасаваны праз хваробу вакаліста Лявона Вольскага. Cаліст захварэў, і продаж квіткоў прыпынены".

Лявон Вольскі: "На здароўе не жалюся і, наадварот, застаюся ў добрай вакальнай форме".

18 сакавіка 2011 года, Берасцейскі тэатр лялек

Зміцер Вайцюшкевіч

Міхаіл Шавель, дырэктар тэатра: «Не быў укладзены кантракт на правядзенне канцэрту. Была дамоўленасць на словах, але дакументы падпісаныя так і не былі".

20 сакавіка 2011 года, клуб "Ліга" (Магілёў)

Гурт "Ляпіс Трубяцкі"

Барыс Сіпакоў, дырэктар клуба: "У нас працякае дах, можа і праводку замкнуць, і ўсё што хочаш".

24 сакавіка 2011 года, клуб "Рэактар" (Менск)

Канцэрт-трыбут Neuro Dubel з удзелам Neuro Dubel, "Палаца"

Андрэй Старцаў, дырэктар клуба: "Прычыны тэхнічныя".

1 і 2 красавіка 2011 года, клуб "Рэактар" (Менск)

Гурт "Ляпіс Трубяцкі"

Андрэй Старцаў, дырэктар клуба: "Прычыны тэхнічныя".

2 ліпеня 2011 года, клуб Plaza (Гомель)

Гурт N.R.M.

Арганізатары канцэрту: "З тэхнічнай прычыны"

20 ліпеня 2011 года, ДК ветэранаў (Менск)

Зміцер Вайцюшкевіч

Рамонт

19 жніўня 2011 года, The Loft Cafе (Менск)

Гурт Neuro Dubel

Не названая

21 жніўня 2011 года, паб "Графіці" (Менск)

Зміцер Вайцюшкевіч

Рамонт электрычнага шчытка

26 жніўня 2011 года, паб "Графіці" (Менск)

Гурт N.R.M.

Прафілактычныя работы пошуку няспраўнасці электрасеткі

29 жніўня 2011 года, паб "Графіці" (Менск)

Гурт Neuro Dubel

З тэхнічных прычын

22 лістапада 2011 года, кавярня "Містраль" (Менск)

Зміцер Вайцюшкевіч

Адміністрацыя кафэ: "Узніклі непаладкі ў арганізацыі"

25 лістапада 2011 года, ліцэй N 1 (Гародня)

Настасся Шпакоўская (Naka)

Слабы продаж квіткоў

7 студзеня 2012 года, "Калядны турнір у рыцарскім замку", гістарычна-культурны цэнтр Ritterburg (Менскі раён)

Гурт Neuro Dubel

З тэхнічных прычын.

11 лютага 2012 года, Клуб Re:Public (Менск)

Гурт "Крамбамбуля"

Надзвычайныя абставіны ўнутранага характару

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках