27 красавiка 2024, Субота, 8:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Independent: Свет павінен прызнаць, што Пуцін – псіхапат

18
The Independent: Свет павінен прызнаць, што Пуцін – псіхапат

Заходнія лідары памыліліся, уважаючы Пуціна за аўтарытарнага кіраўніка, які будзе трымацца ў межах разумнага.

Пра гэта піша брытанская праваабаронца Джаан Сміт у сваёй калонцы для The Independent, паведамляе "Новы час".

Кажуць, людзі, што не ведаюць гісторыі, асуджаныя на яе паўтарэнне. Што ж кажа нам гісторыя аб паводзінах Расеі, якая цяпер вядзе неабвешчаную вайну з суседняй Украінай?

У сваёй прамове ў пятніцу генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг згадаў пра расейскія ваенныя амбіцыі, назваўшы 2014-ы "чорным годам" еўрапейскай сістэмы бяспекі. Ён распавёў, што Альянс атрымаў звесткі аб больш за 400 уварваннях расейскіх знішчальнікаў ў паветраную прастору іншых краін - у чатыры разы больш, чым у 2013. Напярэдадні брытанскія знішчальнікі перахапілі над Ла-Маншам два расейскія бамбавікі. Праз гэты эпізод расейскі амбасадар быў выкліканы ў міністэрства замежных спраў Вялікай Брытаніі.

Амаль адначасова з выступам Сталтэнберга, ва Украіне быў разбомблены культурны цэнтр у Данецку; загінула не менш шасці чалавек. Фармальна бакамі канфлікту з'яўляюцца Украіна і прарасейскія сепаратысты, якія аб'явілі аб сваім аддзяленні і стварэнні новых рэспублік, але ўсе разумеюць, што за гэтым стаіць Расея. З красавіка ў Данбасе загінула больш за 5000 чалавек, але ўвага публікі, якая была прыкаваная да Украіны з моманту катастрофы малазійскага Боінга ў ліпені, пераключылася на іншыя падзеі.

Хоць тэрарыстычная арганізацыя ІДІЛ нясе адказнасць за мноства тэрактаў, колькасць яе ахвяр у Еўропе нашмат меншая, чым загінула ва Украіне. Можна сказаць, што дзеянні ІДІЛ зрабілі паслугу расейскаму ўраду: крывавыя тэракты перацягнулі ўсю ўвагу на сябе. Расея не пачатковец ў вядзенні неаб'яўленых войнаў, а некаторым крамлёўскім чыноўнікам, верагодна, падабаецца раз за разам паўтараць хлуслівыя адмаўленні.

Гісторыя паўтараецца: целы загінулых расейскіх вайскоўцаў вяртаюць сваякам, не падаючы інфармацыі аб тым, як і дзе яны загінулі. На вэбсайце, створаным апанентамі Пуціна, апублікаваны спіс з 260 імёнаў і карта Усходняй Украіны. Маці расейскага жаўнера, чыё цела ёй вярнулі з адарванымі выбухам нагамі, распавяла, што сын тэлефанаваў ёй паведаміць, што яго частку адпраўляюць у Данецк.

Калі такое адбывалася падчас другой Чачэнскай вайны, расейская журналістка Ганна Паліткоўская зрабіла інтэрв’ю з забітымі горам маці і апублікавала гэтыя звесткі. Яе забілі ў Маскве ў 2006 годзе ў дзень нараджэння Пуціна і за месяц да таго, як расейскага шпіёна Аляксандра Літвіненку атруцілі палоніем. У працэсе адкрытага разгляду на мінулым тыдні смерць Літвіненкі назвалі "актам ядзернага тэрарызму на вуліцах буйнога горада". Бэн Эмерсан, прадстаўнік удавы Літвіненкі, сказаў, што след вядзе наўпрост да Пуціна і заявіў, што гэта расследаванне павінна "сарваць маску са звычайнага злачынцы, які прыкідваецца кіраўніком дзяржавы".

Не ўсе згодныя з гэтым сцвярджэннем. Шмат каму з экспэртаў здаецца, што Пуцін проста адчувае пагрозу з боку NATO; новы ўрад Грэцыі спрабуе пасябраваць з РФ. Ніхто не хоча новай халоднай вайны, але ўсё паказвае на тое, што Захад здзяйсняе каласальную памылку, не разумеючы, што мае справу з класічнымі паводзінамі псіхапата.

Пуцін дэманструе поўную адсутнасць эмпатыі і надзвычай хваравіта ўспрымае ўсё, што адбываецца: выступ панк-гурту Pussy Riot здаўся яму настолькі абразлівым, што дзве жанчыны апынуліся ў турме. Яшчэ больш пагрозлівым з'яўляецца яго прытупленае пачуццё страху і любоў да рызыкі: менавіта таму Пуцін атрымлівае задавальненне, ваюючы з тымі, каго ўспрымае, як апанентаў.

Усё гэта вяртае нас да праблемы паўтарэння памылак гісторыі. Выпадак лідара-псіхапата не ўнікальны: Садам Хусейн дэманстраваў такія якасці, хоць прыклад Сталіна ў гэтым выпадку падыходзіць нам больш. Пытанне ў тым, што з гэтым рабіць. І было б нядрэнна, калі б людзі, якія апраўдваюць Пуціна, спынілі падманваць сябе і ўсвядомілі, наколькі ён небяспечны. Я зразумела гэта адразу пасля забойства Паліткоўскай, з якой была знаёмая, і я бачыла, як доказы працягваюць назапашвацца: з моманту прыходу Пуціна да ўлады не менш за 29 журналістаў былі забітыя ў прамой сувязі са сваімі расследаваннямі; актывы праціўнікаў прэзідэнта канфіскоўваліся, а іх саміх адпраўлялі ў турмы; суседнія краіны жывуць у страху перад уварваннем.

Сусветныя лідары памыліліся, уважаючы Пуціна за аўтарытарнага кіраўніка, які ўсё ж будзе трымацца ў межах разумнага. Калі гісторыя і вучыць нас чамусьці, дык гэта таму, што ставіцца да неадэкватных псіхапатаў, нібы да нармальных людзей, нельга. Мы павінны прызнаць, што пуцінская Расея непрадказальная і небяспечная.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках