27 красавiка 2024, Субота, 14:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Работнікам Слонімскага ЖРЭА помсцяць за ўваходжанне ў незалежны прафзвяз

2
Работнікам Слонімскага ЖРЭА помсцяць за ўваходжанне ў незалежны прафзвяз

Вахцёры інтэрнатаў, якія належаць Слонімскаму ЖРЭА, занепакоеныя сваім будучым, паколькі ў сакавіку ў большасці з іх сканчаюцца кантракты.

Паводле рэкамендацыі прафзвязу работнікаў РЭП яны напісалі заявы з просьбай працягнуць працоўныя дамовы на максімальны тэрмін і цягам найбліжэйшых дзён накіруюць іх адміністрацыі. У заявах жанчыны паказваюць, што разлічваюць на працяг працы, паколькі дысцыплінарных спагнанняў за папярэдні перыяд не мелі, піша сайт praca-by.info.

У той жа час вахцёры, якія ўвайшлі ў прафзвяз РЭП, працягваюць адчуваць ціск з боку кіраўніцтва Слонімскага ЖРЭА.

- Тых, хто, нягледзячы на шантаж, не выйшаў з незалежнага прафзвязу, перакінулі на новыя месцы працы, у іншыя інтэрнаты. Для чаго гэта было зроблена, можна толькі здагадвацца. Не выключана, што адміністрацыя паспрабуе знайсці ў працы непажаданых швейцараў парушэнні, што дасць ёй нагоду не працягваць з імі кантракты. Людзі шмат гадоў прапрацавалі ў адным інтэрнаце, там у іх усё было пад кантролем, а на новым месцы яны пакуль дрэнна ведаюць жыхароў інтэрнатаў і мясцовую спецыфіку. Падвесці чалавека ў незнаёмай абстаноўцы пад парушэнне прасцей. Швейцарцам адкрыта ў вочы сказалі: калі б вы не былі ў прафзвязе РЭП, то працягнулі б працаваць на ранейшым месцы. Гэта можна расцэньваць толькі як помсту, - распавялі працаўніцы.

Вахцёры, якія ўваходзяць у прафзвяз РЭП, напісалі калектыўную заяву, у якой прасілі кіраўніцтва ЖРЭА выдаць ім для азнаямлення калектыўную дамову. Аднак адміністрацыя ім адмовіла, спаслаўшыся на тое, што ў яе абавязкі гэта не ўваходзіць. Калі ж работніцы прыйшлі асабіста азнаёміцца з калектыўнай дамовай, то ім не далі магчымасці нават сфатаграфаваць дакумент.

- Прадстаўнікам прафзвязу РЭП у вочы сказалі, што выдадуць копію калектыўнай дамовы толькі праз пракуратуру. Выглядае гэтая сітуацыя вельмі дзіўна, бо калектыўная дамова не з'яўляецца сакрэтным дакументам! На іншых прадпрыемствах яна вісіць прама на прахадной на стэндзе. Мабыць, пакуль работнікі дрэнна ведаюць яе палажэнні, адміністрацыя можа вытвараць з імі, што захоча, - адзначылі работніцы.

Раней прафзвяз работнікаў РЭП дамогся скасавання загаду адміністрацыі Слонімскага ЖРЭА аб скарачэнні блізу 30 вахцёраў інтэрнатаў. Жанчыны, не атрымаўшы абароны ў афіцыйным прафзвязе, ўвайшлі ў незалежны. Аднак сутыкнуўшыся з ціскам, частка з іх вымушаная была вярнуцца ў афіцыйны.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках