27 красавiка 2024, Субота, 21:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці Міхаіла Жызнеўскага падпала пад абразы і пагрозы

39

У Гомелі на адрас бацькоў беларуса Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў на Еўрамайдане ў Кіеве, не спыняюцца абразы.

Раней невядомыя вандалы зрывалі на магіле Міхаіла пад Гомелем жалобныя стужкі і ўкраінскія нацыянальныя сцягі.

З арэндаванай кватэры на вуліцы Севастопальскай сям'я Міхаіла Жызнеўскага - Ніна Васільеўна, Міхаіл Пятровіч і сястра Наташа - перабралася ва ўласную двухпакаёвую, набытую на дапамогу ўкраінскага ўрада і мясцовых дабрачынных фондаў. Гэта недалёка ад ранейшай шматпавярхоўкі і таксама на першым паверсе, паведамляе «Радыё Свабода».

Ніна Васільеўна праз дрэнны стан здароўя рэдка выходзіць з дома - часцей жа адкрывае акно, каб падыхаць свежым паветрам. Так было і 5 лютага.

«Я зайшла ў Наташын пакой і адкрыла акно падыхаць паветрам. Нейкі мужык, яшчэ не стары - гадоў так 38-40, стаіць пад вокнамі, курыць і нахабна мне ў твар кажа: «Ну што, бандэраўская с... ка, яшчэ мы вас тут не дарэзалі. Каго ты нарадзіла - бандыта?!» Так мне ў твар і кажа. І разумееце, проста ў акно плюе», - сказала яна.

Ніна Васільеўна кажа, што ніколі не брыдкасловіла, а тут - адказала, ды так, што нахабнік сумеўся: «Я ніколі ў жыцці не лаялася, ніколі. А тут я выказалася, таму што мне стала так крыўдна і балюча, што не стрымалася. Ты ж не ведаеш ні сітуацыі, ні нас - і так зневажаеш. Добра, мяне ты абразіў. А пры чым тут мой сын? Ты ж яго не ведаў, не бачыў, што ён сабой уяўляе».

Субяседніца мяркуе, што незнаёмы мог быць са шматпавярховіка на Севастопальскай, дзе Жызнеўскія арэндавалі кватэру і дзе некаторыя жыхары адразу пасля смерці Мішы абражалі яе падобным чынам: «Там суседка з першага пад'езда і другога, дзе мы жылі, і яшчэ пара жанчын - яны Мішу пастаянна называлі: «бандыт», «нацыст» - ён людзей нібыта забіваў».

Неадэкватная рэакцыя гамяльчукоў на трагічны лёс яе сына, як мяркуе маці героя, хутчэй за ўсё, звязаная з першапачатковай інфармацыяй, якую распаўсюдзілі афіцыйныя беларускія СМІ пасля трагедыі на Майдане: «У першыя дні, калі загінуў Міша, нашы афіцыйныя СМІ пісалі, што нібыта «браткамі» на Майдане забіты бандыт Локі. Вядома, такую каманду дала беларуская ўлада - абліць Мішу брудам. Я так думаю, без каманды не аблівалі б чалавека брудам, якога не ведалі. І не было б здзеку на могілках. Гэта толькі з падачы нашай улады робіцца».

Жызнеўская мяркуе, што беларускія чыноўнікі пасля выступу сотняў тысяч украінцаў на Майдане супраць наскрозь карумпаванага рэжыму Януковіча проста спалохаліся. Таму абаронцаў Майдана, услед за Расеяй, усяляк прыніжалі ў вачах грамадзян Беларусі: «Міша стаяў на Майдане супраць урада Януковіча. Таму яны тут і навастрылі свае вушы. Таму і палівалі Мішу брудам, бо Міша стаяў на Майдане супраць рэжыму Януковіча. Таму ўлада так ставіцца і да Мішы, і да мяне. Яны баяцца страціць свае цёплыя месцы, свае партфелі». Ніна Васільеўна дастае ліст ад пенсіянера з Менскай вобласці, які, апроч падзякі за выхаванне годнага і мужнага сына, злажыў яшчэ і вершы: «Жызнеўскаму слава!» Радкі верша сугучныя думкам самой Ніны Васільеўны:

Жизневский Майдана — герой Украины,
Пред «Беркутом» хищным смиренно не стал,
А в мирном протесте с народом единым
Он смелым противником власти восстал.
Но власть не приемлет себя в подчиненье
Народу, который содержит её.
Но жаль, у людей еще кроется мненье
О властной заботе. Но это враньё.

«Вось чаму такое стаўленне да Мішы, чаму яго паліваюць брудам і па-варварску ставяцца да ягонай магілы», - кажа маці Міхаіла Жызнеўскага.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках