28 красавiка 2024, Нядзеля, 21:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінпрацы знайшло яшчэ адзін спосаб барацьбы з «дармаедамі»

67
Мінпрацы знайшло яшчэ адзін спосаб барацьбы з «дармаедамі»

Афіцыйна беспрацоўным цяпер можна быць не больш за год.

У Беларусі максімальны перыяд знаходжання грамадзян на ўліку ў якасці беспрацоўных плануецца скараціць з 36 да 12 каляндарных месяцаў. Гэтая навацыя накіраваная на прафілактыку сацыяльнага ўтрыманства, паведаміў начальнік управы палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун, піша БелТА.

З ягоных слоў, дапаўненні і змены, якія прадугледжваецца ўнесці ў закон «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь», накіраваныя на падвышэнне эфектыўнасці ўключэння ў эканамічную дзейнасць незанятых грамадзян, стварэнне варункаў для развіцця і падтрымкі высокай матывацыі беспрацоўных да актыўнага пошуку працы, узмацненне адказнасці наймальнікаў і беспрацоўных за выкананне заканадаўства аб занятасці.

Так, праектам закона прадугледжанае ўзмацненне адказнасці беспрацоўных за парушэнне заканадаўства аб занятасці, што стане стымулам для іх да больш актыўнага пошуку працы. Акрамя таго, прапануецца ўстанавіць абавязкі беспрацоўнага - самастойна займацца пошукам працы, з'яўляцца на перамовы з наймальнікам у пытанні працаўладкавання цягам двух працоўных дзён з дня выдачы накіравання, з'яўляцца ў органы працы, занятасцi i сацыяльнай абароны для атрымання накіравання на працу ці вучобу.

«Гэта дазволіць замацаваць сістэму ўзаемаадказнасці службы занятасці, наймальнікаў і беспрацоўных у развязанні пытанняў іх працаўладкавання», - адзначыў Алег Такун.

Для стварэння варункаў, якія дазваляюць падвысіць эфектыўнасць уключэння ў эканамічную дзейнасць незанятых грамадзян, прапануецца знізіць да пяці дзён (з двух тыдняў) тэрмін, які абавязвае наймальнікаў пісьмова апавяшчаць органы працы, занятасцi i сацыяльнай абароны аб наяўнасці ў іх свабодных працоўных месцаў. Узмоцніцца адказнасць наймальнікаў за парушэнне заканадаўства аб занятасці.

Праектам закона будзе канкрэтызаванае паняцце «спрыянне ў працаўладкаванні» і ўстаноўленыя крытэрыі надання беспрацоўным такога прыяння.

Нагадаем, напрыканцы мінулага года стала вядома, што Лукашэнка рыхтуе ўказ аб барацьбе з «дармаедамі». Дакумент, які змяшчае прапановы Савета міністраў аб барацьбе з «дармаедствам», паступіў у Міністэрства ўнутраных спраў ад распрацоўніка для аналітычнай ацэнкі.

Чыноўнікі цягам апошніх месяцаў прыдумляюць усё больш вытанчаныя метады «вытрасання» грошай з утрыманцаў, якіх у краіне налічваецца амаль 140 тысяч чалавек. Прапануюць іх саджаць, пазбавіць бясплатнай медыцыны і адукацыі, увесці падатак сумай $1000 у год. Гэтыя новаўвядзенні закрануць усіх паўналетніх грамадзян Беларусі, якія не плацяць у казну цягам паўгода.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках