26 красавiка 2024, Пятніца, 18:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскія прадпрымальнікі правялі стыхійны страйк

12
Гомельскія прадпрымальнікі правялі стыхійны страйк

1 сакавіка сотні прадпрымальнікаў найбуйнейшых рынкаў Гомельскай вобласці спынілі працу.

Яны не могуць паказаць сертыфікаты таваратранспартных дакументаў на кожную адзінку тавару, як таго патрабуе ўказ №222, паведамляе «Радыё Свабода».

Прадпрымальнікі не паверылі вусным запэўніванні прадстаўнікоў улады аб тым, што іх чапаць не будуць да выпрацоўкі ўрадам схемы рэалізацыі рэшткаў тавараў. Таму сёння і не пачыналі працу.

У гомельскім гандлёвы цэнтры «Сакрэт» мясцовыя прадпрымальнікі сабраліся на стыхійны сход. Яго распачала старшыня рады прадпрымальнікаў Наталля Дасько.

«З сённяшняга дня, 1 сакавіка, увайшоў у дзеянне ўказ прэзідэнта №222. Ён забараняе працаваць прадпрымальнікам з рэштай тавараў, набытых раней без дакументаў. Такога тавару ў многіх засталося вельмі шмат, бо пры цяперашняй нізкай пакупніцкай здольнасці насельніцтва зрэалізаваць яго было немагчыма. Напярэдадні прадпрымальнікі да сямі гадзін вечара працавалі. А потым з сямі да дванаццаці гадзін ночы мы мелі права вывезці рэшткі тавару без канфіскацыі, што ўсе прадпрымальнікі і зрабілі», - сказала яна.

Удзельнікі сходу казалі, што іх калегі з Мытнага саюза маюць магчымасць працаваць вольна - ад іх не патрабуюць мець сертыфікаты на кожную адзінку тавару. Пра гэта, сярод іншага, заявіла прадпрымальніца Святлана Калачова.

«У сто пяты раз хачу сказаць, што ўказ №222 - сыры, ніякі. Прадпрымальнікі дзяржаў Мытнага саюза - Расейскай Федэрацыі, Казахстана - могуць працаваць без такіх дакументаў. У нас жа выставілі надзвычай жорсткія ўмовы. У нас павінны быць усё накладныя, усе сертыфікаты. Нам прапануе ўлада залазіць у нейкія там рэестры, знаходзіць нейкія сайты, каб усё правяраць. Разумееце, гэта - вар'яцтва. Хто мы такія на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, у той жа Маскве, на малых і вялікіх рынках? Як мы можам несці адказнасць за тамтэйшыя фірмы, якія нам даюць дакументы ці не даюць іх? Фірмы маскоўскія з намі наогул не хочуць працаваць. Калі яны чуюць, што мы з Беларусі, і мы хочам узяць у іх тавар з дакументамі, яны кажуць: «Выбачайце, вы нам не цікавыя», - распавяла яна.

Прадпрымальнікі спыняюць працу да таго часу, пакуль не будуць скасаваныя ўведзеныя патрабаванні пацвярджэння тавару. У адваротным выпадку яны наогул спыняць сваю дзейнасць і пойдуць станавіцца на ўлік у цэнтры занятасці як беспрацоўныя.

Нагадаем, надоечы ў Беларусі прайшоў Форум прадпрымальнікаў, на якім улады паставілі крыж на надзеях прадпрымальнікаў развязаць канфлікт з улікам іх думкі: з 1 сакавіка ў дзеянне ўступае гучны Указ №222 і гандляваць без належных суправаджальных дакументаў будзе забаронена. У выпадку парушэнняў ІПэшнікаў будуць штрафаваць на 9 мільёнаў, а тавар будзе канфіскоўвацца.

Цягам апошніх некалькіх месяцаў ішлі масавыя стыхійныя праверкі і канфіскацыі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках