8 траўня 2024, Серада, 4:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Атэнах узмацняецца крытыка кабінета Цыпраса

У Атэнах узмацняецца крытыка кабінета Цыпраса

SYRIZA сама стала закладнікам уласнай рыторыкі.

Унутрыпартыйныя спрэчкі ў кіроўнай у Грэцыі ўрадавай кааліцыі ідуць не толькі вакол сяброўства краіны ў еўразоне, але і аб пытанні стасункаў Атэнаў і крэдытораў.

У канцы лютага Еўразвяз прадоўжыў на чатыры месяцы праграму фінансавай дапамогі Грэцыі - да канца чэрвеня 2015 года. Тым не менш грэцкі прэм'ер-міністр Алексіс Цыпрас, які прадстаўляе леварадыкальную партыю SYRIZA, далей намагае свайго: падаўжаць трэба толькі тэрмін дзеяння крэдытнага пагаднення, а не ўсю праграму дапамогі, якая прадугледжвае захады жорсткай ашчады, перадае Deutsche Welle.

Раскол узмацняецца

Аднак такія заявы кіраўніка ўрада выклікаюць крытыку ў ягоных жа прыхільнікаў і толькі ўзмацняюць раскол палітычных сіл у краіне. Так, падчас закрытага пасяджэння парламенцкай фракцыі SYRIZA ў канцы лютага ўсе без вынятку дэпутаты выступілі супраць падаўжэння дзеяння пагаднення з еўрапейскімі партнёрамі.

Незадаволеныя галасы гучаць і з боку "малодшага" партнёра SYRIZA ў кіроўнай кааліцыі - правай партыі "Незалежныя грэкі" (Anel). "Калі пытанне аб працягу пагаднення будзе вынесенае на галасаванне ў парламэнце, мы выступім супраць", - перасцярог у тэлевізійным інтэрв'ю дэпутат ад "Незалежных грэкаў" Нікас Маўраганіс.

"Прасочваецца супярэчнасць: з аднаго боку, урад кажа аб пралангацыі існага пагаднення, а з другога, - спрабуе пераканаць выбаршчыкаў, што праграма жорсткай ашчады прадоўжаная не будзе", - адзначае атэнскі эканаміст і публіцыст Макіс Андранопулас. На думку экспэрта, SYRIZA сама стала закладнікам уласнай рыторыкі.

Левым патрэбная чыстка шэрагаў

Пры гэтым Андранопулас не хавае сваёй сімпатыі да грэцкага ўраду. Са слоў экспэрта, з новым прэм'ер-міністрам ён звязвае вялікія надзеі. Алексіс Цыпрас прыкметна адрозніваецца ад сваіх папярэднікаў - ён не мае нічога агульнага з уладнымі палітычнымі кодламі Грэцыі і не баіцца ісці насуперак нечым інтарэсам.

На думку экспэрта, для Цыпраса было б няблага скінуць з сябе ўвесь "леварадыкальны цяжар" і зладзіць свайго кшталту ўнутрыпартыйную чыстку. У свой час гэтак жа зрабіў былы грэцкі прэм'ер Андрэас Папандрэу. У 1977 годзе ён выключыў з сваёй партыі Усягрэцкі сацыялістычны рух (PASOK) шмат якіх вядучых палітыкаў, а праз некалькі гадоў, у 1981 годзе, прыйшоў да ўлады. Для Цыпраса гэткі сцэнар не выглядае простым, бо ўнутрыпартыйныя звады могуць падважыць стабільнасць урада. "Але калі Цыпрас усё ж такі адважыцца на гэта, то вельмі хутка ён прыйдзе да новых выбараў", - мяркуе Андранопулас.

Між тым галасы левага крыла кіроўнай кааліцыі апошнія дні гучаць усё мацней. Спачатку дэпутат Еўрапарламэнта ад SYRIZA Маноліс Глезас публічна абвінаваціў кіраўніцтва партыі ў парушэнні перадвыбарных абяцанняў. А ўжо ў пятніцу, 6 сакавіка, эканаміст Костас Лапавіцас, запатрабаваў рэструктурызацыі грэцкай запазычанасці ўжо ў чэрвені.

Але дагэтуль, на думку эканаміста, грэцкі ўрад усё адно павінен зрэалізаваць шмат што з таго, пра што было заяўлена ў перадвыбарчай праграме. "Чатырохмесячны тэрмін, на які была прадоўжаная праграма фінансавай дапамогі Грэцыі, патрэбны акурат для таго, каб SYRIZA пачала рэалізацыю сваёй перадвыбарнай праграмы", - заявіў Лапавіцас у тэлеінтэрв'ю.

Новыя выбары ці рэфэрэндум?

Костас Лапавіцас, які выкладае эканоміку ў Лонданскім універсітэце, добра вядомы ў Атэнах. Ён даўно выступае за вяртанне да драхмаў, з'яўляючыся ў гэтым пытанні заўзятым супраціўнікам цяперашняга міністра фінансаў Грэцыі Яніса Варуфакіса. Апошні, наадварот, спрабуе ўтрымаць Грэцыю ў еўразоне.

Аднак абодва яны згаджаюцца ў адным: ужо гэтым летам Афіны павінны правесці перамовы з міжнароднымі крэдыторамі аб наступным пакеце дапамогі. На пытанне, што адбудзецца ў выпадку расколу ў кіроўнай кааліцыі, Лапавіцас не дае адназначнага адказу. Паводле ягоных слоў, калі ў чэрвені Грэцыі давядзецца выбіраць паміж новым пакетам захадаў жорсткай ашчады і выхадам з еўразоны, "вызначаць гэта будзе народ". Праўда, Лапавіцас не ўдакладніў, будуць гэта новыя выбары ці рэфэрэндум.

У сваю чаргу атэнскі экспэрт Макіс Андранопулас выказвае іншы пункт гледжання: "Грэцкія выбаршчыкі настроеныя кансэрватыўна. Яны ўхваляюць новыя перамовы, але супраць публічнай канфрантацыі з крэдыторамі". Са слоў Андранопуласа, цяперашняму грэцкаму ўраду не варта забываць, што сваёй перамогай ён шмат у чым абавязаны менавіта галасам кансэрватыўна настроенай часткі грамадства.

І ўсё ж, нягледзячы на супярэчнасці, казаць аб глыбокім расколе на грэцкім палітычным Алімпе пакуль не выпадае. Прынамсі, гэта тычыцца ўнутрыпалітычных праблем. У мінулую пятніцу, 6 сакавіка, усе палітычныя сілы краіны падтрымалі прыняцце новай праграмы сацыяльнай дапамогі. Гаворка, сярод іншага, ідзе аб размеркаванні харчовых талонаў і субсідый на арэнду жылля. На гэтыя мэты плануецца выдаткаваць блізу 200 млн еўраў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках