7 траўня 2024, aўторак, 6:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У менскім метро пералічваюць пасажыраў

27
У менскім метро пералічваюць пасажыраў

Талоннае абследаванне пасажырапатоку праходзіць сёння ў менскім метро.

Абследаванне пачалося з моманту адкрыцця метро і будзе доўжыцца да яго закрыцця. Кожнаму пасажыру пры ўваходзе на станцыю супрацоўнікі метрапалітэна выдадуць спецыяльны рэгістрацыйны талон. На ім будзе надрукаваны нумар станцыі, на якой увайшоў пасажыр, і напамін пра неабходнасць здачы талона ў канцы паездкі. На талонах, якія будуць выдавацца пасажырам на Маскоўскай лініі метро, гэтая інфармацыя будзе надрукаваная сінім шрыфтам. Для пасажыраў Аўтазаводскай лініі - чырвоным. Усяго для правядзення абследавання на Добрушскай папяровай фабрыцы «Герой Працы» надрукавана 1,2 млн. талонаў. Колькасць талонаў на кожнай станцыі будзе прыкладна на 15% перавышаць сярэдні пасажырапаток, паведамляе БелТА.

На графік руху цягнікоў талоннае абследаванне не паўплывае. Праводзіць абследаванне будуць дапамагаць 1629 супрацоўнікаў метрапалітэна, кожнаму з іх будзе выдадзеная чырвоная павязка. Калі падчас паездкі чалавек страціць талон, то ён павінен будзе паведаміць супрацоўніку метрапалітэна станцыю, на якой увайшоў.

Падчас правядзення абследавання на станцыях і ў вагонах метро будуць размешчаныя інфармацыйныя ўлёткі, а праз гучнагаварыцель будуць гучаць адпаведныя аб'явы.

Суцэльнае вывучэнне пасажырапатоку праводзіцца для ўдасканалення графіка руху цягнікоў, вызначэння сярэдняй далёкасці паездкі пасажыраў, інтэнсіўнасці пасажырапатоку на ўсіх участках ліній метрапалітэна. Акрамя таго, адна з важных мэтаў абследавання - рэгістрацыя колькасці пасажыраў, якая карыстаецца перасадачны вузлом «Кастрычніцкая» - «Купалаўская».

Абследаванне таксама дапаможа атрымаць звесткі аб загружанасці метро цягам дня. У гадзіну пік работнікі метрапалітэна будуць здаваць сабраныя талоны кожныя 15 хвілін, у астатні час - кожныя паўгадзіны. Таксама паводле вынікаў талоннага абследавання ў метро пры неабходнасці могуць быць адкарэктаваныя графікі руху наземных відаў транспарту.

Падрыхтоўка да гэтага мерапрыемства доўжылася цягам трох месяцаў, вынікі абследавання стануць вядомыя цягам месяца.

Апошняе талоннае абследаванне пасажырапатоку ў менскім метро было праведзенае ў 2002 годзе. Паводле яго вынікаў былі перагледжаны графікі руху цягнікоў у гадзіну пік. Інтэрвал руху быў скарочаны з 3-3,5 мін. да 2,5 мін. На першым этапе гэтае новаўвядзенне было ўкаранёнае на Маскоўскай станцыі метро, а потым і на Аўтазаводскай.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках