6 траўня 2024, панядзелак, 15:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вікторыя Нуланд: Расея забяспечыла сепаратыстаў новым узбраеннем

Вікторыя Нуланд: Расея забяспечыла сепаратыстаў новым узбраеннем

На слуханнях у Сенаце намесніца дзяржсакратара зноў ахарактарызавала прысутнасць расейскіх войскаў ва Украіне як уварванне.

Нягледзячы на ​​адвод некаторай часткі ўзбраенняў з зоны канфлікту прарасейскімі сепаратыстамі, ЗША могуць пацвердзіць, што цягам апошніх некалькіх дзён Расея паставіла новыя танкі, бронетранспарцёры, цяжкую артылерыю і ракетныя ўстаноўкі сепаратыстам, пераправіўшы ўзбраенні праз расейска-ўкраінскую мяжу, паведамляе «Голас Амерыкі».

Пра гэта ў аўторак 10 сакавіка на слуханнях у Сенаце ЗША заявіла памочніца дзяржсакратара ў справах Еўропы і Еўразіі Вікторыя Нуланд. Слуханні пад назвай «Палітыка ЗША ва Украіне: процідзеянне Расеі і стымуляванне рэформаў» прайшлі ў Камітэце міжнародных спраў верхняй палаты парламента ЗША.

Адказваючы на ​​пытанне старшыні сенацкага Камітэта міжнародных спраў Боба Коркера пра тое, колькі жаўнераў расейскага войска загінула на тэрыторыі Украіны, Вікторыя Нуланд адказала, што Масква працягвае адмаўляць факт прысутнасці сваіх вайскоўцаў у Данбасе. ЗША не валодаюць дакладнай колькасцю загінулых расейскіх вайскоўцаў, аднак, са слоў Нуланд, звесткі выведкі сведчаць аб, як мінімум, 400-500 расейскіх вайскоўцах, якія загінулі ва Украіне.

«Расея і яе сепаратысцкія марыянеткі развязалі кампанію гвалту і рабавання, якая не паддаецца асэнсаванню - канстатавала Нуланд. - Гэта штучна створаны канфлікт, кантраляваны Крамлём, які падсілкоўваецца з дапамогай расейскіх танкаў і цяжкіх узбраенняў і які фінансуецца за кошт расейскіх падаткаплацельшчыкаў».

Між тым прадстаўнік Міністэрства фінансаў ЗША Рамін Толуй заявіў, што толькі цягам апошніх некалькіх месяцаў міжнародная супольнасць прыняла пастанову павялічыць падтрымку Украіны і вылучыць дадатковыя 10 млрд даляраў для падтрымання яе эканомікі ў святле працяглай агрэсіі Расеі.

Толуй таксама заявіў, што ў другой палове гэтага года ЗША выдадуць украінскаму ўраду дадатковы крэдыт у памеры мільярда даляраў.

Са слоў Талуя, Масква пакуль не спяшаецца патрабаваць ад Украіны вяртання крэдыту ў памеры 3 мільярдаў даляраў, выдадзеных Кіеву цягам апошніх тыдняў праўлення ўцекача ў Расею экс-прэзідэнта Віктара Януковіча.

Перамовы аб фармаце вяртання гэтых сродкаў вядуцца з МВФ, заявіў прадстаўнік Мінфіна ЗША.

Між іншым, памочніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд зноў ахарактарызавала прысутнасць расейскіх войскаў ва Украіне як уварванне.

Са слоў Нуланд, у некаторых раёнах Усходняй Украіны ўсталяваўся адносны спакой, аднак, спасылаючыся на даклад назіральнікаў АБСЕ, Нуланд заўважыла, што ў асобных частках Данецкай вобласці па кірунку да Марыупаля абстаноўка па-ранейшаму застаецца напружанай.

Нуланд таксама нагадала сенатарам, што з пачатку канфлікту ЗША далі Украіне дапамогу ў памеры 355 мільёнаў даляраў. І цяпер, са словах прадстаўніцы Дзярждэпартамента, гаворка ідзе пра 25-гадовыя амерыканскія інвестыцыі ў будаўніцтва свабоднай, мірнай і адзінай Еўропы.

На думку Роберта Менендэса, чальца Камітэта міжнародных спраў Сената ЗША, Злучаныя Штаты павінны накласці дадатковыя санкцыі на энэргетычны сектар Расеі. Са слоў амерыканскага заканадаўцы, Расея ўжо страціла блізу 140 мільярдаў даляраў праз заходнія санкцыі, якія былі ўведзеныя ў дачыненні да Крамля пасля анэксіі Крыма і працяглай падтрымкі сепаратыстаў на ўсходзе Украіны.

Адмірал Франк Пандольфэ мяркуе, што галоўная мэта Уладзіміра Пуціна - дэстабілізацыя Украіны, з тым, каб яна не магла стаць часткай Захаду. Са слоў Пандольфэ, Пуцін «уважае за пагрозу прагрэсіўныя дэмакратыі», якія фармуюцца ля ягоных (расейскіх) межаў, і ўсяляк спрабуе гэтаму перашкодзіць.

У сваю чаргу першы памочнік намесніка міністра абароны ў палітычных пытаннях Браян Макеон заявіў на слуханнях, што расейскія спецыялісты і жаўнеры бяруць актыўны ўдзел у ваенных дзеяннях на ўсходзе Украіны. З ягоных слоў, яны актыўныя ў камандаванні, кіраванні СПА, а таксама ваююць побач з сепаратыстамі.

«Як ужо заявіла (памочніца дзяржсакратара), яны перапраўляюць праз мяжу значную колькасць адзінак вайсковага абсталявання і вайскоўцаў, аднак цяпер складана прадказаць, калі яны зробяць дадатковыя крокі», - заявіў Макеон.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках